У гады яе дзяцінства і маладосці вёска Аляксандравічы была шматнаселеным пунктам. Амаль на кожным з 60 двароў, якія «абляпілі» доўгую вясковую вуліцу працягласцю больш за два кіламетры, чуўся дзіцячы смех: у сем’ях выхоўвалася па трое-чацвёра дзяцей.
Подых часу ўнёс свае сумныя карэктывы: цяпер у Аляксандравічах толькі каля 10 чалавек пераважна ва ўзросце 70-80 гадоў.
Клапоціцца пра сваіх пажылых аднавяскоўцаў, дапамагае ім стараста вёскі Святлана Аляксандраўна Місарэвіч.
Яна самая маладая з жыхароў Аляксандравічаў. Узяла на сябе клопат пра родныя мясціны і іх людзей два гады таму — яшчэ калі працавала паштальёнам. Сёлета за сумленнае стаўленне да сваёй грамадскай дзейнасці жанчына была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Непасрэдна — за актыўны ўдзел у рабоце па ахове парадку і прафілактыцы правапарушэнняў сярод жыхароў сельскага савета. У гэтым накірунку Святлана Аляксандраўна падтрымлівае цесную сувязь са старшынёй сельвыканкама, участковымі інспектарамі міліцыі і дзяржаўнага пажарнага нагляду.
Узнагароджанне адбылося ў Навагрудку, на абласным сходзе ўчастковых інспектараў міліцыі, добраахвотных дружынаў аховы правапарадку і іншых суб’ектаў прафілактыкі. Грамату Святлане Аляксандраўне ўручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.
Яшчэ калі Святлана Аляксандраўна працавала паштальёнам, разносячы карэспандэнцыю, пенсію, яна звяртала ўвагу на стан пажарнай бяспекі ў жыллі яе аднавяскоўцаў, вяла тлумачальную работу з імі. Робіць гэта яна і цяпер — як стараста вёскі. Па сумяшчальніцтве жанчына яшчэ і рабочая зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама. У яе абавязках — добраўпарадкаванне населеных пунктаў гэтай адміністрацыйнай тэрыторыі. Праца пачынаецца з вясны, доўжыцца амаль да канца восені. Падкасіць траву на пустуючых падворках, высекчы непатрэбнае кустоўе — усё гэта ўмее рабіць Святлана Аляксандраўна. Дарэчы, косіць траву яна ўручную. Умее калоць дровы.
Па натуры чалавек, які любіць працаваць і не можа без работы, Святлана Аляксандраўна ні хвіліны не сядзіць без справы. І, магчыма, менавіта таму ёй не па душы прыйшлося гарадское жыццё. Пазнаёмілася з ім яшчэ ў маладосці, калі вучылася ў Слонімскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы на прадзільшчыцу, а затым працавала па спецыяльнасці на Слонімскай фабрыцы. Горад не стаў для Святланы Аляксандраўны пастаянным месцам жыхарства, яна вярнулася ў родныя Аляксандравічы. Тут і па грыбы і ягады схадзіць можна, прагуляцца па садзе, паласавацца сакавітымі яблыкамі. Ды і дыхаецца тут па-іншаму, кажа жанчына. А ў горадзе ёй сумна.
У Аляксандравічах раслі дзеці Святланы Аляксандраўны — дачка і сын. З малых гадоў матуля вучыла іх працаваць. Дачка, дарэчы, як і мама, умее касіць траву, калоць дровы.
— Бывала, — гаворыць жанчына, — калі трэба было нарыхтаваць дроваў на зіму, выходзілі сямейным падрадам: я, дачка, сын і мой тата. Паставім чатыры калодачкі і колем. Усё ж такі справа хутчэй ідзе.
Калоць дровы Святлана Аляксандраўна навучылася сама, як і касіць траву. Яшчэ калі былі жывыя бацькі, трымалі вялікую гаспадарку — дзвюх кароваў, каня. Сена нарыхтоўваць даводзілася шмат.
Цяпер Святлана Аляксандраўна жыве разам з братам. Дзеці —у гарадах. Наведваючы іх, жанчына няньчыцца з унучкамі — яна ўжо двойчы бабуля. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі закончыць завіхацца па гаспадарцы, а гэта козы, куры, жанчына садзіцца вязаць — для сваіх любімых Янкі і Арынкі. Магчыма, калі падрастуць, бабуля таксама навучыць іх не цурацца вясковай працы, якая, нягледзячы на цяжкасць, прыносіць задавальненне.
А. ДУБРОЎСКАЯ