Наваселле ў дзіцячым доме

Падзеі

24 снежня ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзіцячага дома сямейнага тыпу.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама І. Крахмальчыкам і ганаровыя госці: старшыня Гродзенскага аблвыканкама У. Краўцоў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. Паўлоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л. Ермантовіч, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А. Сангін, генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблсельбуд» Г. Залога.

На будаўніцтва аб’екта былі патрачаны 4 мільярды 230 мільёнаў бюджэтных сродкаў, у тым ліку з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Выкарыстоўвалася спонсарская дапамога – 58 мільёнаў рублёў (48 з іх паступілі ад прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны, 10 – ад абласных грамадскіх арганізацый). У будаўніцтве Дзіцячага дома сямейнага тыпу прымалі ўдзел абласное ўнітарнае прадпрыемства «Гроднааблсельбуд», Дзятлаўскае МПМК-147, Будкомплекс, ДСПМК-72 горада Ліды, Слонімскае ПМК-64.

Згодна з вынікамі конкурсу і рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама, на пасады бацькоў-выхавальнікаў назначаны Марына Генадзьеўна і Аляксандр Леанідавіч Шэлегі, шматдзетныя бацькі, якія маюць станоўчы вопыт выхавання сямі ўласных дзяцей. Чацвёра іх родных дзяцей выраслі і працаўладкаваны, двое з іх маюць свае сем’і. Таму Марына і Аляксандр вырашылі ўзяць на выхаванне яшчэ пяць хлопчыкаў ва ўзросце ад 2,5 да 8 гадоў. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Двое хлопчыкаў былі перададзены ў сям’ю з сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, а трое прыехалі з Гродзенскага спецыялізаванага дома дзіцяці.

Гаспадары сустракалі гасцей у вялікім пакоі на першым паверсе. Бацькоў-выхавальнікаў павітаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У. Краўцоў. Ён зазначыў, што дзяржава робіць усё магчымае, каб кожнае дзіця магло жыць у сям’і, расці ў атмасферы дабрыні, узаемаразумення. Гэта ўжо дваццаць другі Дзіцячы дом сямейнага тыпу, адкрыты на Гродзеншчыне. Яшчэ адзін пабудаваны сёлета ў Воранаўскім раёне. Уладзімір Васільевіч падзякаваў Марыне Генадзьеўне і Аляксандру Леанідавічу за няпростае і важнае рашэнне, павіншаваў са святамі, пажадаў, каб дома заўжды былі дабрабыт і радасць, паабяцаў падтрымку ўлады. Падзякаваў губернатар і будаўнікам за хуткае выкананне работ. У падарунак ад аблвыканкама сям’і быў уручаны камп’ютар.

Да віншаванняў і пажаданняў далучыліся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. Крахмальчык, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. Паўлоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л. Ермантовіч. Сімвалічны ключ ад дома Шэлегам уручыў генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблсельбуд» Г. Залога. У падарунак ад гасцей гаспадары атрымалі пасудамыечную машыну, відэакамеру, мульціварку, газонакасілку. З наваселлем іх павіншавала шматдзетная сям’я Палухіных, дырэктар ЦБП №407 філіяла №413 ААТ «ААБ Беларусбанк» Н. Барцэвіч, вучні СШ №3 горада Дзятлава. Благаславіў бацькоў-выхавальнікаў, іх дзяцей і асвяціў новы дом протаіерэй Мікалай Пінчук.

Аляксандр Шэлег падзякаваў усім, хто прымаў удзел у будаўніцтве дома, напаўненні яго мэбляй, бытавой тэхнікай, паабяцаў, што іх сям’я вырасціць столькі прыёмных дзяцей, колькі зможа.

Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі У. Краўцоў, І. Крахмальчык, Г. Залога і сам гаспадар.

Напрыканцы мерапрыемства для гасцей правялі невялікую экскурсію па доме.

І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *