Сяргей Пыл: «Страхаванне — гэта вялікая каса ўзаемадапамогі

Падзеі

Традыцыйна ў першую суботу снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень страхавых работнікаў. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт газеты паразмаўляла з дырэктарам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне Сяргеем Пятровічам Пылам, які прысвяціў гэтай рабоце амаль чвэрць веку.
Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне – на добрым рахунку ў рэспубліцы па ўсіх відах страхавання і таксама займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчай дзейнасці на тэрыторыі з колькасцю насельніцтва ад 25 000 да 30 000 чалавек.

— Сяргей Пятровіч, наколькі прадуктыўнай была сёлета праца для раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраху?
— Гэты год быў складаны, насычаны падзеямі. Адбыліся дзве моцныя буры, многія людзі панеслі страты. У такой няпростай сітуацыі нам трэба было хутка скаардынаваць работу, ацаніць шкоду, якую прыродная стыхія нанесла людзям, забяспечыць страхавую падтрымку своечасова і якасна. Было зроблена 380 выплат на суму 1,5 мільярда рублёў. А за 10 месяцаў бягучага года ўсяго было заключана 25 600 дагавароў, зроблены 1995 выплат на суму 4,2 мільярда рублёў.
— Якія страхавыя паслугі былі папулярныя ў гэтым годзе?
— Традыцыйна ў нашай мясцовасці страхуюць будынкі, маёмасць, жывёл. Таксама ўсё часцей людзі імкнуцца ўшанаваць памяць аб сваіх продках – страхуюць надмагільныя помнікі ад прыродных катастрофаў і вандалаў. А калі гаварыць пра самыя запатрабаваныя віды страхавання ў гэтым годзе, то гэта грамадзянская адказнасць за маёмасць і ўніверсальная страхавая аўтапаслуга “Аўтакаска”.
— А як самі жыхары раёна ставяцца да сваёй бяспекі?
— Адметна тое, што з кожным годам жыхары Дзятлаўшчыны з адказнасцю адносяцца не толькі да сваёй маёмасці, але і да свайго жыцця, страхуюць саміх сабе ад няшчасных здарэнняў.

Вось чалавек пабудаваў новы дом, і яму здаецца, што нічога здарыцца не можа: спецыяльныя службы пад бокам і заўсёды паспеюць на дапамогу. На жаль, не заўсёды атрымліваецца так, як мы жадаем. Бываюць такія жыццёвыя выпадкі, калі бяда не прыходзіць адна, і людзям няма адкуль чакаць дапамогі, бо часта сумы страт вельмі вялікія. Пры такіх абставінах чалавек можа дапамагчы толькі сам сабе – застрахаваўшы сваё жыццё і сваю маёмасць.
— Сяргей Пятровіч, раскажыце, што часам не разумеюць людзі, калі афармляюць дагаворы страхавання?
— Часам людзі не разумеюць, што яны страхуюць. Напрыклад, страхаванне грамадзянскай адказнасці аўтамабіліста некаторыя успрымаюць як страхаванне аўтамабіля ад няшчасных выпадкаў. Мы не страхуем сам аўтамабіль, страхуем вашу адказнасць за той урон, які вы можаце нанесці іншым удзельнікам дарожнага руху. Каб атрымаць грашовыя сродкі па грамадзянскай адказнасці, чалавек павінен быць пацярпелым, а не вінаватым.
— А што павінен ведаць кожны аўтамабіліст, калі страхуе сваю машыну?
— Калі здараецца аварыя, то для таго, каб віноўніку не выплачваць вялікую суму, ён павінен прысутнічаць пры складанні акта агляду па пашкоджаным аўтамабілі. Здараюцца такія выпадкі, што машына пашкоджана нязначна, а ацэншчык транспартных сродкаў, карыстаючыся тым, што вінаватага не было пры акце агляду, напісаў аб тых пашкоджаннях, якія не бачны і не зафіксаваны ў даведцы ДАІ. Безумоўна, пры такіх пашкоджаннях аўтамабіля сума набягала важная. Страхавая кампанія двойчы павінна паведаміць парушальніку аб месцы і часе складання акта агляду транспартнага сродка, абавязкова заўсёды прысутнічайце пры гэтай працэдуры.
— Ці ёсць якія-небудзь навінкі ў страхаванні?
— Навінак многа. Становіцца папулярнай паслуга для аўтамабілістаў “Аўта-асістанс”, сутнасць якой – суправаджэнне аўтамабіля пры тэхнічных непаладках. Напрыклад, чалавек паехаў у Мінск, у дарозе машына заглухла і не заводзіцца ці скончыўся бензін. У такім выпадку карыстальнік паслугі “Аўта-асістанс” звоніць на пэўны нумар тэлефона, які працуе кругласутачна. На працягу 10-15 хвілін чалавеку прадастаўляецца неабходная дапамога: ці дапамагаюць завесці машыну, ці вязуць на эвакуатары да бліжэйшай станцыі тэхнічнага агляду або эвакуіруюць у пункт назначэння або дадому. Вельмі зручная паслуга для аўтамабілістаў, тым больш, што ноччу мала хто спыніцца, каб дапамагчы. Такой паслугай могуць скарыстацца і тыя, хто выязджае за мяжу. Калі машына псуецца, то ёй аказваецца тэхнічная дапамога, а вадзіцеля бясплатна размяшчаюць у гасцініцы. Адзінае: аўтамабілі старэй за 15 год не страхуюцца.
— Наколькі мне вядома, на Захадзе людзі страхуюць амаль усё, нават хатніх жывёлін. Ці распаўсюджана ў нас такая практыка?
— З кожным годам расце папулярнасць такой паслугі, як страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў жывёлін і саміх жывёлін. Звяртаю ўвагу, што амаль самы добры сабака на вуліцы можа павесці сабе непрадказальна, напрыклад, гучным брэхам напалохаць дзіця. У нас ужо ёсць выпадкі, калі людзі звярталіся са скаргамі на ўладальнікаў хатніх жывёлін, і пацярпеламу боку выплачваўся матэрыяльны ўрон.
— Ці існуе якая-небудзь універсальная форма страхавання кватэр?
— Універсальнай формы няма, але кватэру можна застрахаваць трыма спосабамі: страхаванне грамадзянскай адказнасці, страхаванне маёмасці ў вашай кватэры, страхаванне самой кватэры.
— А як Белдзяржстрах стымулюе сваіх кліентаў?
— На кожны від страхавання ў нас прадугледжана сістэма скідак, ад маленькіх у 5 % да значных – у 50 %. Галоўная мэта – гэта заахвочванне нашых кліентаў, якія абралі Белдзяржстрах. Мы робім так, каб страхаванне стала даступным абсалютна ўсім людзям, незалежна ад даходаў.
— Наколькі часта здараюцца факты падману?
— На жаль, у нас бывае і такое, але факт падману вельмі лёгка выкрыць. Быў такі выпадак: мужчына зламаў рэбры, але не быў застрахаваны. Для таго, каб атрымаць падманам грашовыя сродкі, ён, сціснуўшы зубы ад болю, пайшоў у страхавую кампанію, каб застрахавацца. На працягу некалькіх дзён мужчына чакаў, каб заявіць аб зламаных рэбрах і атрымаць грошы па страхоўцы, але факт падману быў вызначаны з дапамогай медыцынскага агляду. Такія выпадкі гавораць адно: трэба клапаціцца пра сваё здароўе не па факце здарэння, а загадзя.
— Сяргей Пятровіч, што пажадаеце сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Жадаю ўсім работнікам, а таксама ўсім нашым кліентам здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў не толькі на рабоце, але і ў жыцці. Памятайце самае галоўнае: ніхто, акрамя вас саміх, не паклапоціцца аб вашай бяспецы, і ведайце, што для гэтага існуе Белдзяржстрах, які ў гэтым годзе даказаў, што можа справіцца з масавымі страхавымі здарэннямі. Няхай у вашым жыцці ўсё будзе добра.

ЛЮДЗІ, ЯКІЯ НЯСУЦЬ СПАКОЙ У КОЖНЫ ДОМ

Шмат работнікаў, якія кожны дзень клапоцяцца аб вашай бяспецы застаюцца “за кадрам”. Вашай увазе мы прадстаўляем тых людзей, праца якіх – несці спакой і ўпэўненасць у кожны дом.

ЁН ВЕДАЕ АБ СТРАХАВАННІ ЎСЁ…

Уладзімір Уладзіміравіч Іванашка – старэйшы з супрацоўнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне. Справе страхавога агента прысвяціў 29 гадоў свайго жыцця. Прыйшоў у раённае прадстаўніцтва Белдзяржстраху ў 1986 годзе, да гэтага год адпрацаваў у Гродне радыёэлектроншчыкам. Узгадваючы пачатак працоўнага шляху, Уладзімір Уладзіміравіч расказвае:
— Раней прыходзілася ўсе вылічэнні па страхаванні рабіць з дапамогай драўляных лічыльнікаў. Гэта вельмі марудная справа. Працаваць стала лягчэй, калі з’явіўся калькулятар.
На працягу 28 гадоў Уладзімір Іванашка абслугоўваў Дзянісаўскі сельскі савет, а з пачатку гэтага года стаў страхавым агентам Данілавіцкага сельскага савета. Уладзімір Уладзіміравіч адзначае, што галоўнае для паспяховай працы страхавога агента – гэта давер людзей і сумленнае стаўленне да прафесійных абавязкаў.
— Калі раней часцей за ўсё страхавалі хатніх жывёлін, маёмасць, аўтамабілі, то цяпер з’явілася шмат іншых відаў страхавання, у іх ліку – цяжарнасць і роды. Я рады абранай справе, і, азіраючыся назад, нічога б не змяняў.

ПЕДАГОГІ МОГУЦЬ УСЁ

Доказам гэтага выслоўя можа паслужыць уласны вопыт Валянціны Канстанцінаўны Дорды. Жанчына яшчэ не адпрацавала ў кампаніі і года, але ўжо дасягнула значных вынікаў у сваёй рабоце.
У прадстаўніцтва Белджзяржстрах па Дзятлаўскім раёне Валянціна Канстанцінаўна прыйшла са сферы адукацыі: 16 гадоў працавала ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава.
Мэтанакіравана жанчына жадала змяніць сферу дзейнасці і, не пабаяўшыся цяжкасцяў, якія могуць узнікаць на новай нязведанай рабоце, яна прыйшла працаваць страхавым агентам. Цяпер за ёй замацаваны Жукоўшчынскі сельскі савет.
Як гаворыць сама Валянціна Канстанцінаўна, спачатку працаваць было складана, бо людзі прывыклі да таго агента, які абслугоўваў іх раней. Аднак з цягам часу жанчына змагла заваяваць давер сваіх патэнцыяльных кліентаў.
Адным з плюсаў работы ў Белдзяржстраху Валянціна Канстанціўна назвала тое, што працоўны дзень можна запланаваць, вырашыць, з кім трэба працаваць сёння і якія паслугі параіць. Галоўнае – гэта быць карысным людзям. А таксама кожны страхавы агент, па меркаванні жанчыны, павінен мець цярпенне, талерантнасць і камунікабельнасць.

ДАР ДАПАМАГАЦЬ ЛЮДЗЯМ

Ганна Анатольеўна Башкоўская ўжо да працы ў Белдзяржстраху дапамагала людзям – была медсястрой у бальніцы. Страхавым агентам яна працуе з мая 2011 года на ўчастку Дварэцкага сельскага савета. Асвойваць прафесію ёй дапамагалі калегі, за што яна ім удзячна.
— Работа страхавога агента мне вельмі падабаецца, бо я люблю працаваць з людзьмі, – адзначае Ганна Анатольеўна. – У асноўным на маім участку людзі пажылыя. У час нашых сустрэч яны расказваюць мне, як будавалі свае дамы, колькі намаганняў было прыкладзена і як гэта важна для іх. У сваю чаргу я, як спецыяліст, тлумачу і раю сваім кліентам пэўныя віды страхавання, дапамагаю выбраць тую паслугу, якая патрэбна. Для гэтага трэба добра ведаць правілы страхавання, быць чулым і ўважлівым да людзей.
Карыстаючыся выпадкам, выказваю ўдзячнасць сваім кліентам за давер і ўзаемаразуменне. Жадаю, каб ваша здароўе і маёмасць заўсёды знаходзіліся пад надзейнай аховай Белдзяржстраху.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *