Дзятлаўскія школьнікі атрымалі ўрок мужнасці

Падзеі

“Вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні загінуўшы салдат” – гэта актуальнае і сёння выслоўе знакамітага палкаводца Аляксандра Суворава дарэчы згадаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. Яшчэ двое савецкіх салдат праз 73 гады пасля сваёй гібелі былі з пашанаю пахаваны ў дзятлаўскай зямлі.

Дзень, які даў нагоду яшчэ раз згадаць пра пачатак вайны, акупацыю Дзятлаўшчыны, безліч ахвяраў сярод салдат і мірнага насельніцтва, а таксама – пра гераізм, стаў магчымым дзякуючы 52-му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Іх сіламі каля вёскі Гута былі адшуканы астанкі савецкіх салдат, якія загінулі на пачатку вайны, у 1941 годзе.

Маршрут памяці пачаўся ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава “Урокам мужнасці”, дзе вучні і педагогі распавялі пра далёкі чэрвень 1941-га, які ў адно імгненне падзяліў жыццё на мірнае “да” і здавалася, бясконцае ваеннае “пасля”. У слайдах і аповедах перад прысутнымі паўсталі застылыя кадры самай страшнай вайны чалавецтва, сведчанні тых, хто бачыў вайну на свае вочы, подзвігі дзятлаўскіх герояў, якія да апошняга ўздыху абаранялі сваю Радзіму.

Выніковым пунктам маршрута і кульмінацыяй дня стала вёска Міроўшчына, дзе ля мемарыяла на брацкай магіле салдат і партызан, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны адбыўся жалобны мітынг. У ім узялі ўдзел вучні трох дзятлаўскіх школ, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі мясцовай улады і духавенства.

Цырымонія пахавання салдат Чырвонай Арміі прайшла ў рамках акцыі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн у Дзятлаўскім раёне і прысвячалася 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Мерапрыемства, прысвечанае тым, хто паклаў свае жыцці на алтар Перамогі, адкрыў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Камароў. Ратны гераізм салдат у Вялікай Айчынанй вайне будзе заўсёды служыць дастойным прыкладам вернасці сваёй Радзіме для маладога пакалення беларусаў, адзначыў ён.

— Нават праз 70 гадоў Вялікая Айчынная вайна менш вялікай не становіцца, – заўважыў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. – Мы пастаянна знаходзім пад слаямі часу сляды той трагедыі: зброю, амуніцыю і астанкі нашых воінаў. Дагэтуль крывавяць раны той вайны, не ўсе паўшыя воіны пахаваны з неабходнай пашанай. Засталося нямала акопаў, дзе, магчыма, ляжаць астанкі нашых герояў.

Па словах Мікалая Валер’евіча, салдаты, даніну памяці якім сабраліся аддаць прысутныя, калісьці зрабілі свой лёсавызначальны выбар: да апошняга трымалі абарону роднай зямлі і загінулі ў баі. Загінуўшых не вярнуць, але сённяшняе пакаленне можа зрабіць усё, каб сучаснікі і нашчадкі ведалі, якой неверагоднай цаной была заваявана перамога і чаму мы сёння жывём пад мірным небам.

Алег Шымко, старшыня Вензавецкага сельвыканкама, на тэрыторыі якога знаходзіцца мемарыял загінуўшым воінам, засяродзіўся на сімвалічным значэнні жалобнага мітынгу:
— Адметна, што воіны, якія гераічна загінулі ў першы год вайны, знайшлі свой апошні спачын у юбілейны год вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы, – сказаў ён. – Мы ўсе навучыліся гаварыць прыгожыя правільныя словы пра герояў вайны, якія гэтага заслугоўваюць. Людзі, якія аддалі за перамогу самае дарагое, што ў іх было, заслугоўваюць, каб пра іх помнілі пастаянна, а не толькі ў час такіх мерапрыемстваў, як сённяшняе.

Да самай глыбіні душы крануў удзельнікаў мітыгу вершаваны зварот, агучаны вучнямі Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, дзякуючы каму 70 гадоў Беларусь жыве пад мірным небам, вырастаюць пакаленні, якія ніколі не бачылі вайны.

Настаяцель касцёла Успення Прасвятой Багародзіцы ксёндз Здзіслаў Пікула і настаяцель храма Святых Барыса і Глеба вёскі Накрышкі іерэй Аляксей Сцепановіч адслужылі малебен аб загінуўшых.

Пад Дзяржаўны гімн і ружэйны залп прах загінуўшых савецкіх салдат быў пахаваны ў міроўшчынскай зямлі. Старшыня раённага Савета ветэранаў Л. Ю. Кашко, намеснік старшыні райвыканкама М.В. Мацюкевіч, школьнікі і мясцовыя жыхары ўсклалі да мемарыяла кветкі, вянкі і гірлянды – знак народнай памяці загінуўшым героям.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *