Краса Дзятлаўшчыны — 2014 працуе ў банку

Падзеі

8 лістапада чацвёрты раз у Дзятлаўскім раённым доме культуры прайшоў раённы конкурс грацыі і таленту «Краса Дзятлаўшчыны-2014». Сёлета за гэты тытул спрачаліся сямёра дзяўчат — Кацярына Заянчкоўская, Ірына Кулеш, Алена Кулікова, Юлія Талкун, Юлія Бікс, Таццяна Калодка, Бажэна Жылінская. На шляху да перамогі ім неабходна было прайсці некалькі конкурсных этапаў.
Як спраўляліся дзяўчаты з прапанаванымі заданнямі — ацэньвала журы конкурсу на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчыкам. У складзе журы прысутнічала і прадстаўніца турыстычнага агенцтва «Лассэтур», падарожжа ад якога было галоўным прызам сёлетняга конкурсу.

Мерапрыемства распачала прэзентацыя, падрыхтаваць якую канкурсанткам трэба было дома. У форме відэаролікаў яны расказалі пра сябе, сваю справу і свет захапленняў. Больш падрабязна пазнаёміцца з захапленнямі ўдзельніц гледачам і журы даў магчымасць творчы конкурс. Таццяна Калодка паказала свае музычныя і мастацкія здольнасці, Ірына Кулеш выступіла ў ролі дэкламатара лірыкі Сяргея Ясеніна: прагучала яго «Пісьмо да жанчыны».

Першая віцэ-міс Таццяна Калодка

Другая віцэ-міс Ірына Кулеш

Алена Кулікова, Юлія Бікс, Юлія Талкун паспрабавалі сябе ў танцавальным жанры, Бажэна Жылінская прадэманстравала свае вакальныя здольнасці. Кацярына Заянчкоўская выступіла як артыстка парадыйнага жанру.

Алена Кулікова і Андрэй Ламака

Міс сімпатый гледачоў Юлія Талкун

Сапраўдным відовішчам сталі дэфіле канкурсантак у сцэнічным вобразе,якое суправаджалася гукамі тантама, а таксама дэфіле ў вячэрніх убраннях.

Міс фота Юлія Бікс

Завяршаючымі этапамі праграмы сталі інтэлектуальны і кулінарны конкурсы. Сёлета дзяўчатам неабходна было прыгатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні, граматна і крэатыўна прэзентаваць іх.

На працягу конкурснай праграмы прыгажуняў падтрымлівалі іх родныя, сябры, калегі па працы. Не шкадаваць апладысментаў і авацый гледачам нагадвалі вядучыя мерапрыемства Валерый Макарчык і Максім Юганаў. Яны выканалі і некалькі песенных нумароў. Сваімі вакальнымі дадзенымі гледачоў таксама парадавалі Генадзь Суравец, Віталь Заяц, Мікалай Райко. Сола на саксафоне выканаў Улад Чарняўскі.

Доўгачаканым і інтрыгуючым момантам стала падвядзенне вынікаў конкурсу. Іх агучыў старшыня журы Іван Іосіфавіч Крахмальчык.
Тытул «Краса Дзятлаўшчыны-2014» і сертыфікат на калядны тур «Рыга-Стакгольм-Вільнюс» атрымала Алена Кулікова — прадстаўніца ЦБУ №407 ААТ «ААБ «Беларусбанк».

Краса Дзятлаўшчыны-2014 Алена Кулікова

Званне першай віцэ-міс — у Таццяны Калодка, выкладчыцы Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Другой віцэ-міс стала Ірына Кулеш — прадстаўніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці яслі сада №2.

Званне «Міс абаяльнасць» атрымала Бажэна Жылінская ( Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства), «Міс індывідуальнасць «— Кацярына Заянчкоўская (яслі-сад №1). Міс фота прызнана Юлія Бікс (Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў). Міс сімпатыі гледачоў стала Юлія Талкун — прадстаўніца Дзятлаўскай раённай бальніцы.

Міс абаяльнасць Бажэна Жылінская

Міс індывідуальнасць Кацярына Заянчкоўская

Кожная з дзяўчат атрымала падарункі і кветкі.

«Краса Дзятлаўшчыны-2014», першая і другая віцэ-міс таксама атрымалі падарункі ад ЦБУ №407 ААТ «ААБ «Беларусбанк».

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *