Хто і калі абавязаны ўстанавіць плацежны тэрмінал

Падзеі

Пастановаю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2014 года №489/7 “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2011 года №924/16 (далей – пастанова №489/7) зменены патрабаванні да абсталявання аб’ектаў плацежнымі тэрміналамі.

Так, пералік аб’ектаў, у якіх юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ўстанавіць плацежныя тэрміналы, пашыраны (прымяняецца з 22 ліпеня 2014 года). У яго ўключаны павільёны, кіёскі, санаторыі, дамы (базы) адпачынку, аздараўленчыя цэнтры (комплексы), аўтамабілі-таксі, дыягнастычныя станцыі, якія выконваюць тэхнічны агляд транспартных сродкаў. Акрамя таго, цяпер падлягаюць абсталяванню плацежнымі тэрміналамі ўсе гандлёвыя аб’екты (раней – толькі рознічныя) і аб’екты грамадскага харчавання (раней – толькі стацыянарныя гандлёвыя), якія размешчаны ў капітальных пабудовах.

Цяпер аб’екты, якія названы ў пераліку і пачынаюць рэалізацыю тавараў, выкананне работ, аказанне паслугаў пасля 22 ліпеня 2014 года, павінны быць абсталяваны плацежнымі тэрміналамі да пачатку выканання гэтых аперацый. Вызначаны тэрмін устаноўкі плацежных тэрміналаў у аб’ектах, па якіх па выніку 2013 года перавышаны парогавыя значэнні выручкі. Такія аб’екты павінны быць абсталяваны названым абсталяваннем з 1 студзеня 2015 года. Для рэшты аб’ектаў з пераліку, у якіх плацежныя тэрміналы не ўстаноўлены, незалежна ад памеру атрыманай выручкі прадугледжаны спецыяльныя тэрміны для абсталявання тэрміналамі:

— у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску – з 1 ліпеня 2015 года;
— у гарадах раённага падпарадкавання – з 1 студзеня 2016 года;
— на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – з 1 ліпеня 2017 года.

Пры гэтым колькасць плацежных тэрміналаў у аб’екце павінна адпавядаць колькасці адзінак касавага абсталявання.

Скарочаны пералік выпадкаў, калі ў час продажу тавараў, выканання работ, аказання паслугаў наяўныя грошы могуць прымацца без прымянення касавага абсталявання і (альбо) плацежных тэрміналаў. Так, з 22 ліпеня 2014 года продаж уроскідку агародніны, садавіны і бахчавых культураў, а таксама рэалізацыя тавараў за наяўны разлік юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ва ўсіх гандлёвых аб’ектах (раней – толькі ў рознічных) дазваляецца толькі з выкарыстаннем касавага абсталявання. З 1 лютага 2016 года з названага пераліку будуць выключаны выпадкі продажу білетаў (абанементаў) для наведвання выставаў, кірмашоў, атракцыёнаў у парках, культурна-відовішчных і спартыўных мерапрыемстваў (музеяў, кінатэатраў, тэатраў, цыркаў, стадыёнаў, басейнаў, дамоў культуры ў сельскай мясцовасці, канцэртных, а таксама іншых адкрытых і закрытых пляцовак). Для названай сферы дзейнасці ў дзяржаўны рэестр мадэляў (мадыфікацый) касавых рахунковых апаратаў і спецыяльных камп’ютарных сістэмаў, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключаны аўтаномныя і сістэмныя партатыўныя касавыя рахунковыя апараты, якія могуць працаваць у аўтаномным рэжыме, гэта значыць без падключэння іх да электрасеткі. Партатыўнасць мадэляў дазваляе выкарыстоўваць названае касавае абсталяванне пры ажыццяўленні дзейнасці па-за асноўным месцам знаходжання суб’екта гаспадарання працяглы час і выдаваць плацежны дакумент у час прыёму наяўных грошай.

Т. КАСЦЮКЕВІЧ,
начальнік аддзела падаткаабкладання юрыдычных і фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскім раёне



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *