Аб выніках праверкі гатоўнасці школ да новага навучальнага года

Падзеі

Паводле звестак, размешчаных напярэдадні 1 верасня 2014 года на афіцыйным сайце Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, пашпарты гатоўнасці маюць усе 858 установаў адукацыі вобласці. На іх падрыхтоўку да пачатку навучальнага года для правядзення неабходных рамонтных работ і тэхнічнае абсталяванне асвоена 95 млрд. рублёў.

Аднак у ходзе праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў устаноўлены шэраг парушэнняў і недапрацовак, якія сведчаць аб недастатковай гатоўнасці да пачатку навучальнага года навучальных установаў вобласці. На шэрагу аб’ектаў не былі завершаны ў поўным аб’ёме рамонтныя работы.

Так, у ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Шчучын” актыўна вяліся работы па рамонце ў школьных майстэрнях, мэбля пры гэтым захоўвалася ў калідоры. У ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Навагрудак” не скончаны рамонт у душавых пакоях для дзяўчынак і хлопчыкаў спартыўнай залы школы, меліся рэшткі непрыбранага будаўнічага смецця і слядоў зварачных работ. У падвале будынка школы на момант маніторынгу вяліся зварачныя работы па рамонце інжынернага абсталявання. У будынку ДУА “Сярэдняя школа №6 г. Гродна” 1925 года на 1 паверсе праводзіўся рамонт у навучальным кабінеце, у калідоры другога паверха фарбавалі вокны і батарэі, з-за гэтага прысутнічаў рэзкі пах лакафарбавых матэрыялаў. У ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Астравец” акт гатоўнасці да пачатку навучальнага 2014-2015 года падпісаны камісіяй 14 жніўня 2014 года з заключэннем: гатоўнасць — 100%, пры гэтым у ходзе наведвання 4 верасня 2014 года ўстановы першы паверх быў запоўнены лясамі, вёўся рамонт у санвузле для хлопчыкаў, у спартыўнай зале паднятая падлога, вялася перапланіроўка памяшканняў.

Пры гэтым на шэрагу аб’ектаў неабходныя работы не планаваліся і не выконваліся. Так, не зроблены рамонт санвузлоў у ДУА “Галубоўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы-сад-сярэдняя школа” Мастоўскага раёна, плавальнага басейна ў УА “Азёрская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат” Гродзенскага раёна, не прыведзены ў рабочы стан душавыя і санвузлы ў спартыўнай зале ДУА “Наваельнянская сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна.

Нягледзячы на праведзены рамонт у 50 харчблоках, набыццё 132 адзінак халадзільнага і 186 адзінак тэхналагічнага абсталявання, па-ранейшаму востра стаіць праблема арганізацыі бяспечных умоваў харчавання навучэнцаў.

Не завершаны работы па рэканструкцыі харчблокаў ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна, прыпынена будаўніцтва прыбудовы харчблока да будынка для старэйшых класаў у ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Скідзель” Гродзенскага раёна. У выніку па стане на 2 верасня 2014 года ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Скідзель” не было арганізавана гарачае харчаванне вучняў (для харчавання дзяцей быў арганізаваны сухі паёк праз буфет у старым будынку сталовай).

Аддзеламі адукацыі, спорту і турызму Слонімскага, Дзятлаўскага райвыканкамаў не выкананы загады занальных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі ў частцы правядзення рамонтных работ на харчблоках ДУА “Міжавіцкая сярэдняя школа” Слонімскага раёна, ДУА “Гезгалаўская сярэдняя школа” і “Казлоўшчынская сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна.

Не гатовы да пачатку навучальнага года харчблокі ў цэлым шэрагу ўстановаў адукацыі Мастоўскага раёна (ДУА “Курылавіцкая сярэдняя школа-дзіцячы сад”, ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”, ДУА “Правамастоўская сярэдняя школа”, ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Масты”, ДУА “Гімназія №1 г. Масты”, ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Масты”), а таксама ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Смаргонь”, ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Астраўца”.

У ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Шчучын” не быў зроблены мантаж абсталявання на харчблоку. Дамовы на пастаўку абсталявання, з-за зацягвання працэдур закупак, былі заключаны толькі ў канцы жніўня 2014 года, не зроблены мантаж вентыляцыі.

У шэрагу ўстановаў адукацыі не нададзена належнай увагі падрыхтоўцы спартыўных залаў і адкрытых плоскасных збудаванняў для заняткаў фізічнай культурай. На момант манiторынгу не функцыянавала спартыўная зала ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Шчучын”, які ў адпаведнасці з загадам Галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Гродзенскай вобласці закрыты з 2013 года. Не былі гатовы да пачатку навучальнага года спартыўныя збудаванні ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Астравец”, ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Навагрудка”, ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Навагрудак”, у ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Смаргонь”.

Асаблівую заклапочанасць выклікае гатоўнасць да пачатку навучальнага года школ г. Гродна. У дзяржаўных установах адукацыі “Сярэдняя школа №5 г. Гродна” (1965 года пабудовы) і “Гімназія №3 г. Гродна” (1970 года пабудовы). Будынкі названых школ маюць патрэбу ў цеплавой рэабілітацыі фасада, замене вокнаў і рамонце сістэмы ацяплення.

У будынку ДУА “Ліцэй №1 г. Гродна” выяўлены расколіны на міжпанэльных швах фае і калідораў, сляды зацёкаў на столі, патрабуе рамонту актавая зала, у спартыўных залах маюцца расколіны ў тынкоўцы, абсыпаецца афарбоўка. У асобных месцах са сцен фасадаў абсыпаецца абліцовачная плітка, маюцца расколіны падмурка, міжпанэльныя стыкі з вялікімі шчылінамі. Пачаты рамонт фасадаў не завершаны, работы прыпынены.

Патрабуецца правядзенне сур’ёзнага рамонту ў будынках установаў адукацыі “Сярэдняя школа №6 г. Гродна”, “Сярэдняя школа №33 г. Гродна”, “Сярэдняя школа №2 г. Гродна”, “Сярэдняя школа №8 г. Гродна”, “Сярэдняя школа №13 г. Гродна”, “Сярэдняя школа №32 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Гродна”.

У будынку ДУА “Сярэдняя школа №6 г. Гродна” 1925 года пабудовы на столі другога паверха маюцца плямы з вадзянымі разводамі і адслаенне пабелу, на лесвічных маршах разбураны прыступкі, працёрта плітка, патрабуюць афарбоўкі вокны і дзверы. У гардэробе школы, які размешчаны ў падвале, на столі маюцца падцёкі, моцна працёрты лінолеум. На фасадзе будынка прыбудовы школы, у якой размешчаны актавая зала, адбітая тынкоўка. На валейбольнай пляцоўцы маюцца расколіны і прасадка асфальтабетоннага пакрыцця ў выніку вымывання грунту.

У ДУА “Гімназія №3 г. Гродна” з-за працякання даху ў памяшканнях маецца цвіль, разбураецца вонкавая тынкоўка. У левым крыле ў санвузлах не выкананы мантаж інжынерных сетак (водаправод, каналізацыя, электраправодка) і аддзелачныя работы (не выкладзеная плітка сцен, падлогі і столі).

З-за адсутнасці харчблокаў у 6 установах адукацыі арганізавана прывазное харчаванне ў ДУА “Сярэдняя школа №6 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №11 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №19 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №36 г. Гродна”. У названых установах адукацыі абсталяваны раздатачныя буфеты.

Распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне мадэрнізацыі сталовай ДУА “Сярэдняя школа №28 г. Гродна” і рэканструкцыю памяшканняў актавай залы пад сталовую ў ДУА “Сярэдняя школа №11 г. Гродна” да цяперашняга моманту не рэалізаваная, у выніку чаго на харчблоках не створаны ўмовы для арганізацыі бяспечнага харчавання навучэнцаў.

Не эксплуатуюцца сістэмы прытокава-выцяжной вентыляцыі харчблокаў у ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №13 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №28 г. Гродна”, ДУА “Гімназія №1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №3 імя В. М. Усава г. Гродна”, ДУА “Гімназія №9 г. Гродна”, ДУА “Гімназія №6 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №16 г. Гродна”, ДУА “Сярэдняя школа №18 г. Гродна”.

Прыведзеныя прыклады сведчаць аб тым, што падпісанне пашпартоў гатоўнасці ў шэрагу выпадкаў носіць фармальны характар, і іх наяўнасць не гарантуе таго, што навучальная ўстанова гатова прыняць вучняў і, галоўнае, забяспечыць бяспеку знаходжання ў ім навучэнцаў.

А. ДАРОЖКА,
намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *