12 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры

Падзеі

 

ГАЛІНА СУШКО: «ШЧАСЦЕ ПАЧЫНАЕЦЦА З СЯМ’І»

Напярэдадні Дня работнікаў культуры аб прафесіі і яе асаблівасцях карэспандэнтка газеты пагутарыла з самадзейнай артысткай Дзятлаўшчыны, дырэктарам Наваельнянскага гарадскога дома культуры Галінай Сушко.

— Галіна Васільеўна, як даўно вы працуеце ў культуры?

— Ужо больш за дваццаць гадоў. Пасля заканчэння ў 1988 годзе Гродзенскага вучылішча мастацтваў па размеркаванні я была накіравана ў Ганцавіцкі раён, на пасаду дырэктара дома культуры ў вёсцы Любашава. Праз год была пераведзена ў Наваельнянскі дом культуры. Памятаю, што першы мой рабочы дзень тут выпаў на 23 лютага.

— Чаму з шэрагу іншых прафесій абралі менавіта творчую?

— Па-першае, мне заўжды яна падабалася. Я з дзяцінства выступала на сцэне, была задзейнічана ў школьных мерапрыемствах, сцэнках, наведвала розныя гурткі ў Доме культуры.

Па-другое, творчым чалавекам быў мой тата. Ён іграў на розных музычных інструментах, выступаў на вяселлях. Любіў музыку, творчасць.

Выдатна спявала і мая бабуля Ганна. Увогуле, усе родныя па татавай лініі былі творчымі людзьмі. Гэтую традыцыю пераняла і я.

— У сям’і вы былі адзіным дзіцём?

— Не. У мяне ёсць яшчэ тры сястры.У адрозненні ад мяне, яны выбралі прафесіі правізара, юрыста, тэхнолага.

— Галіна Васільеўна, вы памятаеце свой першы выхад на сцэну?

— Так, памятаю. Я вучылася яшчэ ў трэцім класе. Калі не памыляюся, на мерапрыемстве да Дня настаўніка я выканала песню пра дзяцінства.

— Якія нумары пакладзены ў аснову вашага цяперашняга рэпертуара?

— Я выбіраю песні блізкія маёй душы, якія я магу адчуць. Як любой жанчыне, мне падабаюцца творы пра каханне, жаночае шчасце.

— На ваш погляд, у чым яно заключаецца?

— Лічу, што жаночае шчасце пачынаецца з сям’і. Самае галоўнае, калі ў цябе ёсць падтрымка, добры надзейны тыл, чалавек, які цябе разумее, які заўжды ідзе табе насустрач. Усё гэта і ёсць  шчасце для любой жанчыны. Калі ў цябе ў сям’і ўсё добра, ты адчуваеш і душэўны камфорт, у цябе нават шчасцем свецяцца вочы.

— Галіна Васільеўна, а хто з’яўляецца вашым надзейным тылам?

— Мой муж Віктар і сын Дзяніс. З мужам я пазнаёмілася, калі прыехала працаваць у Наваельню, адбылося гэта якраз у мой першы рабочы дзень. У наступным годзе мы адзначым свае сярэбранае вяселле — 25-годдзе сумеснага жыцця.

Нашаму сыну ўжо 23 гады, цяпер ён служыць ва ўнутраных вайсках у Гродне. Дзяніс таксама творчы чалавек. У свой час ён іграў у Наваельнянскім духавым аркестры на саксафоне.

— Галіна Васільеўна, вы не толькі самадзейная артыстка Дзятлаўшчыны, але яшчэ і дырэктар Наваельнянскага дома культуры. Раскажыце, што сёння ён прапануе сваім наведвальнікам?

— Цяпер у нас працуюць 12 клубных фарміраванняў. У іх ліку два танцавальныя гурткі — «Альянс» і «Калейдаскоп», тэатр мініяцюр, фальклорная група, вакальная група «Маладосць», клуб «Сям’я», гульнёвы клуб для дзяцей «Забавушка», гурток «Чараўнікі».

— З гэтага шэрагу чым непасрэдна кіруеце вы?

— Гуртком сольных спеваў «Ельнічка» і фальклорнай групай «Рассвет». У гуртку займаюцца дзеці, а ў фальклорнай групе спяваюць дарослыя.

— А колькі чалавек увогуле працуе ў калектыве, які вы ўзначальваеце?

— Калектыў складаецца з чатырох чалавек. Гэта Наталля Нагорная, яна — балетмайстар. Рэжысёрам Дома культуры працуе Алена Майсюк, мастацкім кіраўніком — Таццяна Загорцава. Аляксандр Саалятэ — акампаніятар.

Адзначу, што калектыў, з якім я працую, выдатны. Гэта не толькі творчыя асобы, але яшчэ і людзі, якія заўжды падтрымліваюць адзін аднаго ў складаных жыццёвых сітуацыях.

— Галіна Васільеўна, акрамя музыкі, у вас ёсць яшчэ захапленні?

— Ёсць. Я пішу вершы. Пішу даўно, з юнацкіх гадоў. Тэмы розныя. Ёсць вершы, прысвечаныя родным людзям, роднай зямлі, прыродзе. Увогуле, я вельмі люблю прыроду. Асаблівае захапленне яна выклікае ў мяне восенню. Мне вельмі падабаецца гэтая пара года. Чамусьці менавіта ў гэты час лепш за ўсё разважаецца аб жыцці, восень нібыта спрыяе таму.

— Восень адметная і тым, што адзначаецца і ваша прафесійнае свята, Дзень работнікаў культуры. Чаго пажадаеце сваім калегам напярэдадні гэтага дня?

— У першую чаргу — здароўя і ўзаемаразумення. Таксама дабрыні, спагады, вядома ж — творчых поспехаў, каб заўжды побач  былі родныя і блізкія людзі. А яшчэ жадаю мірнага неба над галавой, каб заўжды мы прачыналіся з добрым настроем, з радасцю ішлі працаваць — сваёй творчасцю дарыць людзям пазітыўны настрой.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота Л. СУР’ЯНІНАВАЙ

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *