Электрычных справаў майстар

Падзеі

У свае шэсцьдзясят з хвосцікам ён марыць быць запатрабаваным яшчэ доўгія гады, марыць і надалей рабіць сваю справу так, каб людзям было камфортна, каб не страціць аўтарытэт у калектыве, каб ім ганарыліся родныя. Адвёртка, абцугі, ізастужка, лямпачкі, правады – здаецца, без такіх карысных рэчаў гэты чалавек не пражыве і дня.

хованский

У электрыка Казлоўшчынскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых Анатоля Хаванскага вольных хвілін няшмат — “электрычная гаспадарка” тут вялікая, адных толькі свяцільняў каля дзвюх тысяч штук. Кожную раніцу па прыходзе на працу Анатоль Сямёнавіч першым чынам адкрывае журнал, у якім супрацоўнікі інтэрната адзначаюць, якія непаладкі з электрычнасцю здарыліся за апошнія суткі: перагарэла лямпачка, не працуе халадзільнік, разетка. Імі займаецца ў першую чаргу, а пасля – або “свежымі” паломкамі, або прафілактычнай работай (глянуць шчыткі, падпаяць “падазроныя” правадкі і іншыя).

 — Сёння мой галаўны боль – гэта пральня дома-інтэрната, — глыбока ўздыхнуўшы, расказвае Анатоль Сямёнавіч. – Там усталяваны тры пральныя машыны, тры цэнтрыфугі, прасавальная машына, сушыльны барабан. Уся работа пральні аўтаматызавана: ад замачвання і кіпячэння – да адціскання і прасавання, але, як любое абсталяванне мае свой тэрмін зносу, так і наша за дзесяць гадоў ужо, як кажуць, на ладан дыхае. Уявіце, пральныя машыны “круцяцца” штодзённа, амаль без перапынку, таму што ў змену здаецца да 400 кілаграмаў бялізны – не дзіва, што ламаюцца і ламаюцца. Некаторыя машыны я столькі раз рамантаваў і мяняў у іх запчасткі, што перабудаваў ледзь не нанова. Бывае такое, што толькі паспею скончыць чарговы рамонт і зайсці да сябе ў шчытавую, ужо тэлефонны званок: “Вас хоча бачыць пральня”. Ізноў іду.

І з гумарам, і з сур’ёзнасцю расказвае Анатоль Хаванскі пра сваю працу. У Казлоўшчынскі дом-інтэрнат ён прыйшоў дзесяць гадоў таму, напярэдадні ўводу ў эксплуатацыю новага корпуса. Тады яму прыйшлося ўзяць на свае плечы ўсю электрыфікацыю інтэрната. Як заўважае, працаваў адзін, калі па штаце павінна было быць чатыры спецыялісты. Цяжка яму было, але справіўся:

 — Затое я ведаю кожную разетку і кожны правадок, што пракладзены тут, таму мне лёгка арыентавацца ў плане прафілактыкі абсталявання, а прафілактыка электрычнага абсталявання – справа абавязковая, усё ж такі ток. Гэту “азбуку” я добра засвоіў, яшчэ калі працаваў у Дзятлаўскім раёне электрычных сетак. Тады была арганізавана Казлоўшчынская брыгада, такі аддалены варыянт. Працаваў пад кіраўніцтвам Міхаіла Ступчыка. Добры быў калектыў у брыгадзе, дружны і адказны: у рабоце адзін аднаго не падводзілі, падтрымлівалі, зладжана выконвалі ўсе абавязкі, і проста па жыцці сябравалі, сем’і добра ведалі. Як факт, дваццаць гадоў я там адпрацаваў. Успамінаю заўсёды з такой цеплынёй. А потым пачалася рэарганізацыя раёна электрасетак, у Казлоўшчыне праз некаторы час брыгаду ліквідзавалі, а ў райцэнтр было не наездзіцца, так у 2004 годзе і трапіў на працу ў дом-інтэрнат.

Па выхадзе на пенсію Анатоль Сямёнавіч звольніўся з дома-інтэрната, але праз некаторы час да яго прыехаў новы дырэктар установы Ігар Ціхан і запрасіў вярнуцца на працу. Як тлумачыць свой крок Ігар Аляксеевіч, шмат добрых водгукаў пачуў пра Анатоля Сямёнавіча ад калектыву, а спецыяліст такі: і вопытны, і працы адданы, і ўсё яму тут не ў навіну – вельмі быў патрэбны. Чаму не прапанаваць вярнуцца?

 —  На той момант я ўжо сем месяцаў як “заслужана адпачываў”, — расказвае Анатоль Хаванскі. —  Але як успомню, зіма была, па гаспадарцы работы няма, цэлы дзень адно рэйсы раблю ад тэлевізара да халадзільніка або да акна, такая смута на душы, такі цяжар. А тут пачалі з’яўляцца прапановы на працу пайсці з мясцовых ліцэя, завода. Пасля і Ігар Аляксеевіч прыехаў. Я вырашыў, што свайму былому калектыву не змяню — вярнуўся ў інтэрнат. І не шкадую. Я ўсё добра тут ведаю, столькі гадоў ужо адпрацаваў, нават з насельнікамі ведаю, як сябе паводзіць — у кожнага ж свой спецыфічны характар. Да аднаго не падыдзеш, бо крычыць і злуецца, а другі – наадварот чакае, калі пахваліш або навіну раскажаш. Дырэктар новы стараецца з людзьмі ладзіць, прыслухоўваецца да калектыву. Усё ладна. Зразумела, у дзяржаўным інтэрнаце зарплата невысокая, але з пенсіяй рубель да рубля – ужо два рублі. Дачка сама добра “на нагах стаіць”, дарэчы,  таксама тут працуе, а вось унуку яшчэ хачу дапамагчы.

Энтузіязму, пазітыву, трапяткога стаўлення да людзей, працы і наогул жыцця ў Анатоля Хаванскага – на дзясятак маладых хопіць. Сам жа жартуе:

 — Знаёмыя мяне ўсё пытаюць: калі ўжо супакоішся ды на пенсію як мае быць пойдзеш? А я адказваю, што як яшчэ шэсцьдзясят гадоў пражыву, на другую пенсію адпрацую, тады і адпачываць буду.

І. ГАЛОМЗІК

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *