Categories: Падзеі

Узнагароды «Белагра-2016»

Сельгасвытворчы кааператыў “Хвінявічы” не ўпершыню ламае стэрэатыпы і абвяргае народныя прымхі. Тут молада, але не зелена, а першы блін не атрымліваецца комам. Сёлета гаспадарка ўпершыню паўдзельнічала ў спецыялізаванай сельскагаспадарчай выставе “Белагра-2016” і прывезла дзве ўзнагароды. Падрабязней пра іх і пра ўражанні ад мерапрыемства карэспандэнтка пацікавілася ў галоўнага заатэхніка СВК “Хвінявічы” Марыі Слушко.

— Марыя Сяргееўна, гэта першы ваш вопыт удзелу ў спецыялізаванай выставе “Белагра”?

— У сельскагаспадарчай выставе “Белагра-2016” наша гаспадарка брала ўдзел упершыню. Больш за тое, на маёй памяці гэта першы вопыт такога ўдзелу і для Дзятлаўскага раёна. На выставе мы прадстаўлялі авечак пароды тэксель, якіх летась атрымалі па дзяржаўнай праграме авечкагадоўлі. Іх гадуем на ферме “Руда Яварская”. Удзельнічалі ў выставе мы не самі па сабе, а ў складзе абласнога аб’яднання па племянной справе ў жывёлагадоўлі, якое выстаўляла на конкурс  кароваў калшціна-фрызскай пароды, цялушак чырвонай беларускай пароды і племянных цялушак да 12 месяцаў і нашых авечак (у Гродзенскай вобласці пародзістых авечак гадуюць толькі на Дзятлаўшчыне). Для ўдзелу ў конкурснай выставе мы вазілі дзвюх авечак і аднаго барана галандскай пароды тэксель, а некалькі авечак пароды прэкас, больш адаптаванай да мясцовых умоваў, – проста каб паказаць наведнікам выставы.

— Як рыхтаваліся да выставы?

— Найперш адабралі лепшых па экстэр’еры, па форме прадстаўнікоў свайго віду, пастрыглі, надалі ім выставачны выгляд. Спецыяльна для “Белагра” нашы майстры-разьбяры зрабілі дэкаратыўныя загоны ў выглядзе альтанак. А ўжо па прыездзе на месца, у Мінск, працягвалі актыўна працаваць, стваралі камфортныя ўмовы для ўтрымання жывёлін, паказвалі іх.

— Ці была карысная  выстава для вас як спецыяліста ў сваёй галіне?

— Карысна вось так сустрэцца з калегамі, паглядзець, як працуюць яны, абмеркаваць надзённыя пытанні. З другога боку, вельмі карысна, што за круглым сталом, які праходзіў на выставе, былі агучаны актуальныя на сёння пытанні развіцця авечкагадоўлі. Развядзенне пародзістых авечак – не пратораная беларусамі сцежка, праграма развіцця авечкагадоўлі яшчэ дапрацоўваецца, а нават замежны вопыт у гэтай галіне патрабуе адаптацыі пад нашы рэаліі, патрэбна адкрываць рынкі збыту прадукцыі авечкагадоўлі. Таму сучасныя авечкаводы ў некаторай ступені – першапраходцы. Ужо вызначаны вектар развіцця авечкагадоўлі на Дзятлаўшчыне: у нас будзе створана племянное ядро, мы будзем гадаваць ягнят і пастаўляць іх у іншыя рэгіёны на таварныя фермы.

— Раскажыце пра ўзнагароды “Белагра-2016”. Ці моцная была канкурэнцыя?

— На выставе былі прадстаўлены авечкі, завезеныя ў Беларусь па праграме развіцця авечкагадоўлі. Некалькі гаспадарак прадстаўлялі авечак пароды тэксель, таксама выстаўляліся прадстаўнікі галандскай пароды суфолк, французскай і аўстрыйскай пародаў. Правільная сістэма догляду авечак, абраная ў СВК “Хвінявічы”, дала жаданы вынік: на фоне іншых канкурсантаў нашы авечкі выглядалі дастойна. Як вынік – мы прывезлі атэстат 1-ай ступені “За племянных авечак пароды тэксель, экспанаваных на 26-й Міжнароднай выставе “Белагра-2016”, дыплом 2-й ступені за актыўны ўдзел у выставе і шмат станоўчых эмоцый.

— Якія вашы асабістыя ўражанні ад выставы?

— Вельмі цікава, ганарова прадстаўляць на выставе не толькі сваю гаспадарку, свой раён, а ўсю Гродзеншчыну. З радасцю для сябе адзначыла вялікую цікавасць гасцей выставы і спецыялістаў да авечкагадоўлі. За шэсць дзён давялося адказаць на безліч пытанняў аб самой пародзе і яе доглядзе. На наступны год нам прапанавалі, акрамя авечак, прывезці і нашых трусоў. З таго, што здзівіла і запомнілася, – пабачыла на выставе пародзістага пеўня коштам паўтары тысячы долараў.

—Як прыжыліся заморскія авечкі ў нас?

— На 1 ліпеня ў гаспадарцы налічвалася ўсяго 1060 авечак. Цяпер у авечак пароды тэксель ідуць першыя акоты, таму і работнікі фермы “Руда Яварская”, і ўсе жывёлаводы, і ветэрынары гаспадаркі працуюць у напружаным рэжыме. Сёння ўжо маем больш за 130 маленькіх прыгожанькіх ягнятак гэтай пароды, іх будзе яшчэ больш. Так што можна ўпэўнена сказаць, што на дзятлаўскай зямлі ёсць спрыяльныя ўмовы для галандскіх авечак тэксель.

 

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК

administrator

Recent Posts

Вячэрняя забаўляльная праграма: песні, рыцарскія баі, палёт на паветраным шары

https://www.youtube.com/embed/4Ds1gSdnCEk https://www.youtube.com/embed/XXmlL041qq0 Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае

44 минуты ago

“Зецельскі фэст”. Узнагароджанне сем’яў-пераможцаў

Работа інтэрактыўных пляцовак дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” завяршылася цырымоніяй узнагароджання. Па рашэнні кіраўніцтва…

2 часа ago

Госці фэсту пабылі на пешай аглядавай экскурсіі па Дзятлаве

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі запрасіў гасцей раёна…

3 часа ago

Аматары паходаў і кулінарныя майстры запрашаюць!

Шматлюдна, весела, актыўна на пляцоўцы “Турыстычная”. Як заўсёды, там сабраліся любіцелі паходаў, начовак у палатцы,…

4 часа ago

На старт! Увага! Марш!

Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…

5 часов ago

Пошукі скарбаў, бітва талентаў і тэрапія весялосцю

На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…

5 часов ago