Можаш выправіцца – не абяцай, дакажы на справе

Важнае Улада

На базе Парэцкага сельвыканкама і КСУП “Хвінявічы” прайшло комплекснае прафілактычнае мерапрыемства.

Перад работнікамі гаспадаркі і жыхарамі сельсавета выступіў намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка.

Ён расказаў аб асаблівасцях электаральнай кампаніі 2024 года, заклікаў быць актыўнымі грамадзянамі сваёй краіны і прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Зрабіць гэта можна як у час датэрміновага галасавання з 20 па 24 лютага, так і ў адзіны дзень – 25 лютага. Засцярог Вадзім Аляксандравіч і ад неабдуманых учынкаў, за якія дзеючым заканадаўствам прадугледжана адказнасць. Гэта любыя праяўленні экстрэмісцкага характару, у тым ліку падпіска на інтэрнэт-каналы, якія прызнаны экстрэмісцкімі, актыўнасць на іх – каментарыі, рэпосты, лайкі.

Другая частка сустрэчы прайшла ў фармаце пашыранага пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку пад кіраўніцтвам старшыні Парэцкага сельвыканкама Аляксандра Ядэйкі, сумешчанага з выязным пасяджэннем пастаянна дзеючай камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Да прысутных разам з Вадзімам Бяляткам далучыліся намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік і адзін з асноўных мясцовых наймальнікаў – дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі.

– З 26 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу новыя палажэнні Закона па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі грамадзян, – расказаў запрошаным для прафілактычнай размовы ўчастковы інспектар міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Плаўскі. – У новай рэдакцыі закона ў лячэбна-працоўны прафілакторый могуць быць накіраваны грамадзяне, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. Варта ведаць, што сюды “залічваюцца” адпаведныя афіцыйныя папярэджанні, нецвярозыя сямейныя скандалы і сваркі, кіраванне транспартным сродкам і іншае. Спрошчана і працэдура медыцынскага агляду, неабходнага для вырашэння пытання аб накіраванні ў ЛПП.

– Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь карыстаецца сацыяльнымі льготамі, такімі як бясплатная медыцына, адукацыя, пенсіі па інваліднасці і гэтак далей, – адзначыў Вадзім Бялятка. – Бюджэт для забеспячэння гэтых патрэбаў фарміруецца з “кішэні” падаткаплацельшчыкаў – дарослых людзей, занятых у эканоміцы. Справядліва, што сумленныя грамадзяне не павінны ўтрымліваць не жадаючых працаваць па прычыне хранічнага п’янства і асацыяльнага ладу жыцця – гэта і ўлічвалася пры змяненні заканадаўства.

Затым агульная сустрэча перайшла ў фармат індывідуальнай работы, якая была праведзена з 12 жыхарамі сельсавета. Варта адзначыць, што пераважная большасць з іх – працоўныя, аднак апошнім часам яны дапускалі прагулы, сямейныя сваркі, выпівалі, некаторыя маюць непаўналетніх дзяцей, прызнаных у сацыяльна ненадзейным становішчы. З кожным паасобку былі абмеркаваны менавіта тыя сітуацыі рызыкі, якія характэрны канкрэтна для гэтага чалавека ці сям’і, а таксама варыянты іх далейшага выпраўлення.

Разглядаліся пытанні недапушчэння прагулаў, сямейнага недабрабыту, ужывання алкагольных напояў, выканання патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі, навядзення парадку на прысядзібных участках, іншыя. Некаторыя работнікі КСУПа, якія маюць праблемы з алкаголем, згадзіліся на кадзіроўку. Тым жа, хто не спраўляецца з гэтай праблемай, але стойка не прызнае сябе залежным ад згубнай звычкі, больш падрабязна растлумачаны новыя правілы накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Хто там ужо быў аднойчы, папярэджаны, што паўторнае лячэнне будзе доўжыцца 24 месяцы. Безумоўна, першыя “кандыдаты” на атрыманне “пуцёўкі” – беспрацоўныя, бо шмат вольнага часу ім не на карысць, і іншых яны спакушаюць, бо шукаюць “спонсараў”.

Прафілактычная работа праведзена, кожны атрымаў слушны наказ: можаш выправіцца – не абяцай, дакажы на справе. Цяпер усё залежыць ад саміх людзей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: