Святочны настрой. Добрым чараўніком можа стаць кожны

Важнае Грамадства

15 снежня разам з усёй краінай на Дзятлаўшчыне стартавала самая шчырая дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая прадоўжыцца ў Беларусі да 15 студзеня 2024 года.

Мерапрыемства ў Цэнтры культуры і народнай творчасці сабрала адораных, творчых і спартыўных навучэнцаў з усёй Дзятлаўшчыны, якіх прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый-спонсараў.

– Па добрай традыцыі да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі далучаюцца ўсе нераўнадушныя людзі, якія не толькі хочуць падзяліцца часцінкай свайго душэўнага цяпла, але і, пераўвасобіўшыся ў казачнага чараўніка, выканаць запаветныя жаданні дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ва ўвазе дарослых, – расказала вядучая мерапрыемства, дырэктар раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык.

Павітаў прысутных і павіншаваў з надыходзячымі святамі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” па праве лічыцца самай добрай і шчырай. Упершыню яе старт быў дадзены ў 1995 годзе. За гэты час ініцыятыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ператварылася ва ўзор цеплыні і дабрыні, міласэрнасці і клопату, чулай увагі да тысяч дзяцей. Сёння ў 11 гадзін акцыя ўрачыста адкрылася ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза і па ўсёй краіне, каб дарыць радасць дзецям. На працягу месяца ва ўстановах адукацыі нашага раёна пройдуць навагоднія святы, ранішнікі, фестывалі, ні адно дзіця не застанецца без увагі і навагодняга падарунка.

Да словаў віншавання далучыўся намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка:

– Дарагія дзеці! Ад імя грамадскага аб’яднання “Белая Русь” хачу павіншаваць вас з пачаткам гэтай чароўнай акцыі, якая супадае з такімі цудоўнымі святамі, як Новы год і Каляды. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, каб у кожнага з вас спаўняліся самыя смелыя мары.

Вадзім Аляксандравіч уручыў памятныя падарункі ад “Белай Русі” ў намінацыі “Час адкрыццяў”, у якой былі адзначаны самыя інтэлектуальныя і эрудыраваныя школьнікі раёна, Анастасіі Шавель, Яраславу Урбану, Арцёму Глушкевічу, Аляксандру Лішыку, Сафіі Лотыш, Аляксею Умоўскаму, Мацвею Жэвагу, Гардзею Самахвалу, Ксеніі Калодзіч, Валерыі Юргілевіч.

У Год міру і стварэння маладыя людзі Дзятлаўшчыны актыўна падтрымалі стваральныя і міратворчыя ініцыятывы: навучэнцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разам з моладзевым парламентам пры раённым Савеце дэпутатаў стварылі яркі праект – моладзевае брэндынгавае агенцтва “Зробім!”. Каманда стала лепшай 2-га рэспубліканскага конкурсу моладзевых ініцыятыў. У састаў каманды-пераможцы ўвайшлі Дар’я і Надзея Бурдун, Мацвей Глускі, Ксенія Золатава, Данііл Лябецкі, Анастасія Мілейка, Кірыл Смагін, Елізавета Юргель і Станіслаў Якаўчык.

На раённай сцэне яны прадставілі сваю распрацоўку і атрымалі падарункі ад яшчэ адной добрай чараўніцы – начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай у намінацыі “Будучыня за намі”.

–  Нездарма самая добрая акцыя называецца “Нашы дзеці”, бо чужых дзяцей не бывае, – адзначыла яна. – Для дарослых гэта асаблівая місія, магчымасць дакрануцца да цудоўнага свету дзяцінства, казкі, зрабіць маленькіх землякоў шчаслівымі.

Таксама Марына Яўгеньеўна ўручыла падарункі юным зорачкам у намінацыі “Лесвіца поспеху” – Аліне Пігульскай, Аліне Палухінай, Анастасіі Цяцерынай, Аляксандры Якшук, Уладзіславе Місевіч і Ульяне Фёдаравай. Спонсарам намінацыі выступіла ТАА “Агражалезабетон” і яго кіраўнік Аляксандр Волкаў.

Для ўзнагароджання ў намінацыі “Моладзевае лідарства: сучасны фармат” на раённую сцэну паднялася галоўны бухгалтар раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава. Яна павіншавала моладзевых лідараў Дзятлаўшчыны з надыходзячымі святамі і ўручыла падарункі ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Паўлу Аблажэю, Вікторыі Сямашка, Анастасіі Маскаль, Анастасіі Мікуліч, Дар’і Мазоль, Ілоне Трахімовіч, Анастасіі Сазановіч, Дар’і Вараб’ёвай.

Тыя школьнікі, якія ўмеюць берагчы прыроду, клапаціцца аб ёй не толькі словам, але і справай, былі таксама адзначаны падарункамі ад Дзятлаўскага лясгаса, якія ўручыў намеснік кіраўніка арганізацыі Аляксей Урбановіч. Гэта Павел Раеўскі, Павел Бушчык, Валерыя Цімафейчык, Максім Ерамейчык, Аляксандра Савань, Кацярына Роўба, Мікіта Памбухчан, Паліна Кастусік.

Намінацыя “Алімпійскія надзеі” пазнаёміла прысутных з юнымі спартсменамі, якія не раз дастойна прадстаўлялі Дзятлаўшчыну на спаборніцтвах розных узроўняў, узнімаліся на раённы, абласны і рэспубліканскі п’едэсталы. Яны сваім прыкладам матывуюць равеснікаў не толькі да заняткаў спортам, але і да здаровага ладу жыцця. Гэта Наталля Блюднік, Уладзіслаў Губко, Вікторыя Яраш, Арына Ганчар, Ягор Навіцкі. Навагоднія падарункі для іх падрыхтавала Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, уручыла іх дырэктар навучальнай установы Святлана Лагута.

Усе “добрыя чараўнікі” атрымалі ад арганізатараў мерапрыемства сертыфікаты добрых спраў акцыі “Нашы дзеці”. Песенныя падарункі лаўрэатам і гасцям мерапрыемства зрабілі артысты і песенныя калектывы школ раёна.

Урачысты старт акцыі “Нашы дзеці” на Дзятлаўшчыне дадзены, а значыць, на працягу месяца маленькіх і юных дзятлаўчан чакае шмат радасці, падарункаў, мерапрыемстваў і навагодніх сюрпрызаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga