Парады ад спецыялістаў

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

6 кастрычніка ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці працавала выязная “Адкрытая прыёмная для бізнесу”, у час якой прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага бізнесу мелі магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю спецыялістаў аблвыканкама, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.

У сустрэчы прынялі ўдзел кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна, прадстаўнікі абласных службаў і ведамстваў. На працягу некалькіх гадзін спецыялісты падтрымкі прадпрымальніцтва, эканомікі, гандлю, санітарна-эпідэміялагічнай службы, падатковых органаў, архітэктуры і будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя кансультавалі індывідуальных прадпрымальнікаў, супрацоўнікаў арганізацый, адказвалі на пытанні. Жадаючыя маглі пракансультавацца ў пытаннях падаткаабкладання, цэнаўтварэння, рэарганізацыі, прыватызацыі бізнесу, маёмасных спрэчак, прымянення бухгалтарскага і падатковага заканадаўства, падзяліцца праблемамі, якія ўзніклі пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.

– Адкрытая прыёмная праводзіцца на Гродзеншчыне двойчы на год, пачынаючы з 2019 года.  Дзятлаўчане, якія маюць уласны бізнес, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна скарыстоўваюць магчымасць звярнуцца да кампетэнтных спецыялістаў. На гэты раз, напрыклад, на прыём прыйшлі чатыры чалавекі, большасць пытанняў тычылася падаткаабкладання, у прыватнасці, налічэння падатку на дабаўленую вартасць, – расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. – Адной з важных пераваг такой формы работы з’яўляецца яе даступнасць: усе жадаючыя без папярэдняга запісу могуць звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў, час і месца правядзення мы загадзя анансуем у СМІ і праз электронную рассылку.

Акрамя таго, як адзначыла Вольга Антонаўна, у нашым раёне нескладана патрапіць на прыём да намесніка старшыні райвыканкама, у аддзел эканомікі або ў любую іншую патрэбную структуру і атрымаць адказы на пытанні ў штатным рэжыме.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga