У Год міру і стварэння Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае дзве юбілейныя даты, якія нельга раздзяліць паасобку: 110 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, яго стваральніка і першага дырэктара, і 55 гадоў з дня адкрыцця для наведвальнікаў першай музейнай экспазіцыі.
Шчыра любіць, берагчы і развіваць усё роднае, клапаціцца пра народную памяць – вось галоўнае, у чым усё жыццё быў перакананы Міхаіл Фёдаравіч. Стварэнне музея спачатку ў Валеўскай школе, затым ў Дзятлаве – справа вялікай вартасці.
Дзятлаўскі музей народнай славы, урачыста адкрыты 5 мая 1968 года, быў адным з першых у рэспубліцы. Міхаіл Фёдаравіч пачаў з нуля, і дзякуючы яго самаадданай і напружанай працы ўсяго праз год музей ужо прымаў першых наведвальнікаў. Ён не проста адкрыў музей, ён падарыў дзятлаўчанам іх гісторыю.
Міхаіла Петрыкевіча і сёння помняць, ведаюць і шануюць.
На мерапрыемства, прысвечанае яго юбілею, завіталі яго родныя, сваякі, знаёмыя. Музейныя работнікі падрыхтавалі для азнаямлення шматлікія ўзнагароды Міхаіла Фёдаравіча: граматы, дыпломы, медалі, а таксама яго дакументы, працоўныя кніжкі, фотакарткі з сямейнага альбома, фота з калегамі па працы, з сябрамі, кнігі з дароўнымі подпісамі Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля. Гэтыя знакамітыя людзі былі частымі гасцямі ў яго доме.
Нарадзіўся Міхаіл Петрыкевіч на Навагрудчыне ў вёсцы Падкасоўе ў малазямельнай сялянскай сям’і 31 ліпеня 1913 года. З дзяцінства праявіў здольнасці і вялікую цягу да навукі. Спачатку паспяхова скончыў царкоўнапрыходскую школу, затым бацькі адправілі яго ў Навагрудскую беларускую гімназію. Пасля раптоўнай смерці бацькі маці са старэйшымі сынамі аддавала апошняе, каб Міхаіл прадоўжыў вучобу.
У апошнія гады вучобы ён зблізіўся з рэвалюцыйна настроенай часткай гімназістаў і ўступіў у камсамол Заходняй Беларусі. Удзельнічаў у мітынгах, распаўсюджваў забароненую літаратуру і лістоўкі, вёў агітацыю сярод землякоў. Такая дзейнасць была заўважана дэфінзівай, і летам 1931 года выпускніка гімназіі Навагрудскі ваяводскі суд адправіў на тры гады за краты. Пасля выхаду з астрога ён быў пазбаўлены ўсіх грамадзянскіх правоў, а таксама мачымасці набываць вышэйшую адукацыю. Давялося запрагацца ў плуг і дапамагаць маці весці гаспадарку, а восенню і зімой працаваць лесасекам у Налібоцкай пушчы.
Верасень 1939 года вярнуў мару аб вышэйшай адукацыі. Летам 1940 года Міхаіл Петрыкевіч паступіў у Беластоцкі настаўніцкі інстытут.
22 чэрвеня 1941 года павінен быў прайсці апошні экзамен за першы курс. Але пачалася вайна. Акупацыйнаму рэжыму патрэбны былі адукаваныя людзі. Міхаіл Фёдаравіч прыняў прапанову стаць бухгалтарам на чыгунцы ў Любчы, зблізіўся з партызанамі, перадаваў звесткі аб характары перавозак на чыгунцы. У гэты час пазнаёміўся з сувязным аднаго з партызанскіх атрадаў, будучым знакамітым літаратарам, прафесарам Уладзімірам Калеснікам.
Са жніўня 1944 года Міхаіл Петрыкевіч служыў у Савецкай Арміі. Граматны салдат быў пісарам у штабах пры розных вайсковых падраздзяленнях. У баявых дзеяннях прыняць удзел не давялося.
Пасля дэмабілізацыі вырашыў прадоўжыць вучобу. У верасні 1946 года 33-гадовы Міхаіл Фёдаравіч, бацька двух сыноў, стаў студэнтам другога курса Мінскага педагагічнага інстытута. Вучыўся выдатна, карыстаўся павагай у студэнтаў і выкладчыкаў. Ад аспірантуры рашуча адмовіўся.
З 1949 па 1951 год Міхаіл Фёдаравіч працаваў настаўнікам літаратуры ў Карэліцкай сярэдняй школе. А з восені 1951 па 1966 гады – завучам Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Менавіта тут, у Валеўцы, раскрыліся яго педагагічны талент і арганізатарскія здольнасці.
Будаўніцтва новага двухпавярховага будынка школы, навядзенне парадку на прышкольным участку, азеляненне яго, закладка парку-дэндрарыя, стварэнне школьнага лясніцтва, арганізацыя экскурсій, першых турыстычных паходаў і як вынік – ідэя стварэння школьнага краязнаўчага музея. I ўжо ў 1955 годзе ў вясковай школе адкрыўся музей, які з кожным годам “багацеў”, прырастаў экспанатамі, павялічваўся па плошчы, стаў знакамітым на ўсю краіну і за яе межамі.
Стваральнікі музея і яго экспазіцыі неаднаразова адзначаліся граматамі розных ведамстваў. Міхаілу Петрыкевічу было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы БССР”, а ў 1965 годзе –заслужанага настаўніка БССР.
У студзені 1965 года быў адноўлены Дзятлаўскі раён. Першым сакратаром РК КПБ быў прызначаны Іван Крыжаноўскі, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць настаўнікам Валеўскай школы і добра ведаў адданасць працы, здольнасці і магчымасці Міхаіла Петрыкевіча. Разам са старшынёй Дзятлаўскага РВК Сяргеем Кабяком Іван Крыжаноўскі ўгаварыў Міхаіла Петрыкевіча пераехаць у Дзятлава і ўзначаліць мясцовы музей, будынак якога яшчэ толькі пачалі ўзводзіць.
У студзені 1967 года 54-гадовы педагог апантана ўзяўся за любімую справу. Дзякуючы нястомнай працы за адзін год і чатыры месяцы было сабрана звыш шасці тысяч экспанатаў, размеркавана па залах, аформлена экспазіцыя Дзятлаўскага музея народнай славы (тады ён так называўся), і 5 мая 1968 года дзверы музея адчыніліся для наведвальнікаў.
Нам ёсць кім ганарыцца, нам ёсць чым ганарыцца. І гэта даказаў Міхаіл Фёдаравіч, паклаўшы пачатак музейнай справе на Дзятлаўшчыне.
У час мерапрыемства ў памяць аб настаўніку, даследчыку, музейшчыку, аб родным чалавеку прысутныя ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на будынку музея.
Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga