Ці ведаеце вы, чым асаблівая дата 5 мая для Дзятлаўшчыны?
Толькі ў гэты дзень раз на год у нашым раёне можна пабачыць адметную народную традыцыю – ахонаўскае Юр’е.
Аўтэнтычны абрад святкавання Юр’я ў вёсцы Ахонава з’яўляецца першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці. Ён занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як адметная рыса праяўлення лакальнай культурнай традыцыі з прысваеннем катэгорыі “А”.
Мясцовыя жыхары, вядома ж, гэтым ганарацца, аднак любяць і шануюць свята менавіта як тую “нітачку”, якая цягнецца з глыбокай даўніны і злучае паміж сабой розныя пакаленні вяскоўцаў. У Ахонава з даўніх часоў Юр’е адзначаецца шырока, як другі Вялікдзень. Свята звязана з абуджэннем зямлі, выганам жывёлы ў поле і мае элементы ахоўнай магіі і духоўнай веры саміх удзельнікаў народнага абраду ў спрыяльнае надвор’е, добры ўраджай, прыплод статка і нават сямейны дабрабыт.
Сёлета, як і заведзена, 5 мая фальклорны гурт ахонаўскіх жанчын разам з пераемнікамі традыцыі – творчым калектывам Новаяльнянскага дома культуры і народным тэатрам-студыяй гульні “Суседзі” сабраўся каля ўпрыгожанага крыжа, што ўстаноўлены побач з мясцовым храмам. Кланяючыся, пачалі абрад просьбамі:
– Святы Юрый, памажы нам ва ўсім добрым: дай нам меру сонца, цяпла, дожджыку, каб вырасла травіца для жывёлы, на палях былі добрыя ўсходы жыта, пшаніцы і ўсякай пашніцы, здароўя ўсім людзям і скацінцы.
Дарэчы, варта ведаць, што святы Юрый у хрысціянскай традыцыі – велікамучанік Георгій Пераможца, якому прыпісваецца шмат цудаў і подзвігаў, самы вядомы з якіх – перамога над змеем, што паядаў людзей. Дзень памяці і ўшанавання святога прыпадае на 6 мая. У народнай жа традыцыі святы Юр’я – “Божы ключнік”, бо беларусы верылі, што ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, выпускае расу, бласлаўляе ўсё: зямлю, людзей, жывёлу. Адсюль і традыцыя ахоўных абрадаў, накшталт ахонаўскага. На Дзятлаўшчыне Юр’е шырока святкавалася таксама ў вёсках Погіры і Горка, дзе ў гонар святога Георгія пабудаваны храм.
Ад крыжа каля царквы ахонаўскія спявачкі па старадаўняй традыцыі прайшліся да таго, што стаіць на ўездзе ў вёску. Па дарозе ўзгадвалі народныя юр’еўскія прыкметы, сярод якіх: калі на Юр’е мароз – сей на балоце авёс; калі дождж на Юр’е, то будзе хлеб і ў дурня; на Юр’е трэба садзіць агуркі; калі святы Юрый сказаў: “Жыта ўраджу”, то Мікола сказаў: “Пачакай, пагляджу”.
З малітвамі і песнямі спыніліся каля другога крыжа. Затым пачалі прыгадваць, колькі вяселляў у Ахонаве згулялі за год. Яшчэ адна адметная ахонаўская юр’еўская традыцыя – спяваць маладым дзяўчынам, якія ўступілі ў шлюб, “Малодачку”:
Маладая, маладая малодачка,
Выйдзі, выйдзі на вулачку,
Вынясь, вынясь падарачак.
Падарачак – паясочак.
Копу яек на паўміску,
Каўбасою акружыці,
Белым сырам залажыці.
З юр’еўскім саматканым паяском і кошыкам пачастункаў да спявачак звычайна выходзіла тая самая “малодачка”. Перадавала кошык і кідала паясок. Спачатку ўдзельнікі абраду, перацягваючы пояс, спрабавалі яго на трываласць, а затым разразалі на маленькія кавалачкі і раздавалі. Верылі, што кожная рэштачка мае магічную сілу: каб дзіцятка не хварэла, ад грому, ад ліхіх вачэй, каб жывёла вялася. Знайшлася адна “малодачка” і сёлета, а таму ўсе прысутныя атрымалі адметныя абярэгі.
Свята прадоўжылася каля аднаго з вясковых падворкаў, дзе правялі юр’еўскія забавы – спаборніцтвы і гульні, якія раней ладзіла моладзь, асабліва вясковыя пастушкі. Нікога не пакінуў раўнадушным і майстар-клас па побытавых танцах.
На абрадзе ў Ахонаве прысутнічалі госці, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага.
Таццяна Валодзіна, доктар філалагічных навук, загадчыца аддзела фалькларыстыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:
– Калі мы ішлі і ціхенька сабе пераспеўвалі гэты прыпеў, фактычна з валачобнай песні і на яе матыў, то было адчуванне чарговага новага года, калі наноў зацвярджаецца калектыў і яго цэласнасць, магічна праграмуецца ўрадлівасць нівы, плоднасць жывёлы і, самае галоўнае, – працяг чалавечага роду. Што засмуціла? Што вёскі як такой няма. Што трэба, каб жыў абрад? Вучыць дзетак змалку? Штодзень гаварыць па радыё і тэлебачанні? Самае галоўнае, каб ён жыў, трэба, каб жыла вёска, каб не кардонны муляж выводзілі, а сапраўдную карову Зорку. І мне сёння падалося, што галоўнымі персонамі абраду якраз сталі маладыя дзяўчынкі якія, няхай у гульнявой форме, паспрабавалі паглыбіцца ў традыцыю. Безумоўна, гэта інсцэніроўка, гэта не абрад нават у першым набліжэнні, але, магчыма, у іх сэрцах нешта зменіцца.
Дзмітрый Скварчэўскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:
– Пра абрад ведаю гадоў 6-7 з этнаграфічнай літаратуры, але калі чытаеш – гэта адно. Сёння атрымалася сюды даехаць і далучыцца да святкавання. Кожная такая міні-экспедыцыя дапамагае пачарпнуць нешта для сябе. У Ахонаве я ўпершыню. Ішоў і прафесійным вокам вычэпліваў розныя дэталі – планіроўка вёскі, афармленне сядзібаў, разьбярства. Для многіх гэта паўсядзённа і не заўважаецца, а я ўжо ведаю, звяртаю ўвагу, і шэраг фотаздымкаў для калекцыі зроблены, магчыма, з цягам часу яны спатрэбяцца. Аднак самае каштоўнае, што атрымаў – новыя веды. Калі каменціраваць тутэйшы юр’еўскі абрад, то тут ёсць тое, чаго нельга пабачыць у іншых рэгіёнах – ушанаванне “малодачкі”, маладых сем’яў, шлюбная скіраванасць. Звычайна мы ведаем Юр’е як свята земляробства, гаспадаркі, жывёлагадоўлі, а тут бачым яго як апекуна сям’і. Гэта натуральна, бо ўсё ж такі тычыцца плоднасці ўсяго свету і ўсяго жывога. Прываблівае і сам абыходны абрад “ад крыжа да крыжа”, праз усё паселішча, да якога далучаюцца сустрэчныя, і уся вёска атрымлівае блаславенне. Гэта для мяне каштоўна і цікава, як і магчымасць прайсці разам, паслухаць спевы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga