Дзеля жыцця на Зямлі

Важнае Улада

Каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў Дзятлаве адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў,  ветэранскіх і прафсаюзных арганізацый, працоўных калектываў, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, навучэнцы школ райцэнтра.

З надыходзячым Днём Вялікай Перамогі прысутных павіншаваў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

– 9 Мая – свяшчэнная дата для ўсіх пакаленняў, якая стала сімвалам гераізму і адзінства нашага народа, вернасці Радзіме. Суровы, складаны шлях да перамогі прайшла наша Беларусь: 1129 дзён і начэй прадаўжалася вайна на яе тэрыторыі. У гэтай вайне загінуў кожны трэці беларус. Перамога далася нам высокай цаной. Тысячы жыхароў раёна, нашых землякоў, ваявалі на франтах.

У гэтыя майскія дні мы схіляем галовы перад веліччу тых, хто аддаў свае жыцці ў імя будучыні і жыцця на Зямлі. Мы заўжды будзем помніць аб мільёнах загінулых, разбураных гарадах і спаленых вёсках, людзях, скалечаных і закатаваных у фашысцкай няволі. У сем’ях нашых землякоў, школьных музеях беражліва захоўваюцца трохкутнікі франтавых лістоў, пажаўцелыя фотаздымкі. З іх глядзяць на нас нашы бацькі, дзяды і прадзеды, многія з якіх засталіся навечна маладымі, каб мы маглі жыць.

Словы шчырай удзячнасці выказваю ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікам тылу за мірнае неба над галавой, за магчымасць жыць і працаваць, гадаваць дзяцей. Дарагая моладзь! У вашых руках будучыня нашага раёна і ўсёй Беларусі. Быць нашчадкамі Вялікай перамогі – не толькі гонар, але і адказнасць. Захаваць і памножыць створанае, перадаць сваім дзецям і ўнукам традыцыю памяці ­– ваш абавязак перад гісторыяй і роднай зямлёй. З Днём Перамогі! Няхай у гэтыя святочныя дні адыдуць усе трывогі, шчасце і спакой напоўняць кожны дом, памяць аб бессмяротным подзвігу нашага народа сагрэе вашы сэрцы.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі да брацкай магілы, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

Мітынгі да Дня Перамогі прайшлі ва ўсіх сельскіх саветах раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: