Чыстай вады развод

Важнае Здарэнні і бяспека

Асцярожна! Па дамах ходзяць махляры

Хто толькі не стукае ў дзверы нашых кватэр… Па скаргах жыхароў Дзятлава, у шматпавярхоўкі на гэтым тыдні завіталі прадаўцы фільтраў для вады. Гісторыя “ўцюхвання” фільтраў даверлівым грамадзянам не новая. Між тым асабліва пажылыя людзі ўсё роўна вядуцца на гэты фарс.

Як муцяць ваду?

Як правіла, махляры абыходзяць усе кватэры ў пад’ездзе. Падобныя рэйды праводзяцца ў дзённы час, калі дома ў асноўным адны пенсіянеры. Наогул, пажылыя людзі – іх мэтавая аўдыторыя, бо нашы бабулі і дзядулі, як правіла, вельмі наіўныя. Пры ўмелым падыходзе ім можна прадаць практычна што заўгодна.

Са спачуваннем у вачах госць распытвае пра якасць вады з крана, размахваючы рукамі, лаецца на водаканал. Пасля дастае няхітры прыбор і апускае ў шклянку вады з-пад крана. Вада пажаўцела, пацямнела, выпаў асадак, і змесціва шклянкі дакладна стала непрыдатным для ўжывання. А госць абяцае гаспадарам стварыць цуд.

Дык хто ж гэтыя людзі? Што за чароўныя фільтры яны ўсталёўваюць?

Якой катэгорыі грамадзян імкнуцца прадаць прыборы незвычайнай якасці? Давайце разам з кампетэнтнымі суразмоўцамі паспрабуем разабрацца ў схеме ашуканцаў.

Звычайны школьны эксперымент

Прыбор, які выкарыстоўваюць прадаўцы фільтраў для “аналізу”, – гэта звычайны электралізатар, які складаецца з двух электродаў – анода і катода. Хімічную рэакцыю, якая адбываецца, калі электроды апускаюць у ваду, усе мы бачылі на ўроках хіміі ў школе. З дапамогай электралізатара трэба было вызначыць, у якой колбе знаходзіцца дыстыляваная вада, а ў якой звычайная. Электралізатар апускаўся ў ваду, пасля ўключэння ў разетку праз яе праходзіў электрычны ток. У колбе са звычайнай вадой выпадаў натуральны асадак. Колер і састаў вады пры гэтым мяняўся – яна цямнела, у ёй з’яўляліся шматкі. Прадаўцы ж фільтраў запэўніваюць, што асадак выпадае таму, што ў вадзе ўтрымліваюцца цяжкія металы і радыяцыя, а цямнее яна з-за нітратаў, нітрытаў і пестыцыдаў. Не верце!

Алена Шайбак, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ:

– Адразу скажу, што аналіз якасці вады немагчыма правесці непасрэдна ў кватэры. Рэгулярна ў кантрольных кропках па ўсім горадзе спецыялісты нашага цэнтра адбіраюць пробы вады і адпраўляюць у лабараторыю для праверкі іх хімічнага саставу. Таксама правяраецца якасць вады пасля правядзення якіх-небудзь тэхнічных работ. На базе Дзятлаўскага РУП ЖКГ функцыянуе свая вытворчая лабараторыя, дзе на пастаяннай аснове таксама ажыццяўляецца лабараторны кантроль якасці вады, якая падаецца насельніцтву. Дадам, што ў нашым горадзе працуе станцыя абезжалезвання, дзе вада праходзіць ачыстку. Што ж за асадак выпадае падчас эксперыменту прадаўцоў фільтраў? У выніку праходжання электрычнага току адбываецца хімічная рэакцыя. У асадак выпадаюць солі, якія змяшчаюцца ў любой вадзе, акрамя дыстыляванай. Дыстыляваная вада не ўтрымлівае ніякіх соляў, але ў натуральных умовах такой вады не існуе. Яна губляе ўласцівасці фізіялагічнай паўнавартаснасці і непрыдатная для піцця. У пітной вадзе павінны быць мінералы, пэўная калянасць, макра- і мікраэлементы.

Алена Юшкевіч, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама:

– Важна ведаць, што фірмы, якія паважаюць сябе, якія прафесійна займаюцца продажам фільтраў для ачысткі вады, па дамах не ходзяць і не прадстаўляюцца экспертамі ў галіне водаачысткі. Каб засцерагчы сябе ад махляроў, ні ў якім разе не запрашайце іх у кватэру і ўжо тым больш не падпісвайце ніякіх дамоваў. Нашы спажыўцы пакуль не навучыліся казаць “не!” і ўсё яшчэ паддаюцца настойлівым “карабейнікам”. Пасля скасаваць такія дагаворы куплі-продажу бывае вельмі цяжка, паколькі не ўсе тавары можна ў 14-дзённы тэрмін вярнуць. Аргумент у тэму: фільтр для вады, які быў ва ўжыванні, не падлягае абмену або вяртанню па Законе Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” як тавар належнай якасці. Акрамя таго, як правіла, нумары тэлефонаў, якія падобныя прадаўцы пакідаюць на дагаворах, “маўчаць” або ўвогуле не існуюць, як і самі фірмы, ад імя якіх выступаюць махляры.

Аляксандр Біль, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама:

– Трэба адзначыць, што мэтавай аўдыторыяй гэтых махляроў з’яўляюцца пажылыя, адзінокія пенсіянеры, інваліды. Менавіта на іх мацней за ўсё аказвае псіхалагічны ціск абяцанне скідак або льгот, акцыі і бясплатная ўстаноўка з далейшым абслугоўваннем. Ашуканцы прадаюць пенсіянерам фільтры для вады па казачных цэнах, якія на самой справе перавышаюць рэальныя ў дзясяткі разоў. Пажылых людзей палохаюць “чорнай вадой” і прапануюць заключыць дагавор. А абстаўлена ўсё так, што самадзейныя эксперты выглядаюць літаральна ратаўнікамі няшчасных. Прычым вадзяныя “чараўнікі” не грэбуюць нічым. Абяцаюць, што ўжыванне цуда-фільтраў для вады пазбавіць ад хваробаў і ўмацуе здароўе. Больш за тое, часта яны прадстаўляюцца работнікамі ЖКГ або іншых дзяржаўных службаў – патрабуйце ад іх афіцыйнае пасведчанне.

Юрыдычна да дзеянняў такіх прадаўцоў падысці складана, бо цяжка даказаць іх наўмыснае завалоданне грашовымі сродкамі грамадзян. Прамога падману яны не дапускаюць, проста ўмела маніпулююць фармулёўкамі і прагнасцю аўдыторыі да скідак. Фільтры яны, верагодна, усталёўваюць звычайныя, цалкам працаздольныя, а вось кошт такой пакупкі і яе мэтазгоднасць – гэта ўжо праблема пакупніка. Тым не менш, будзьце пільныя, папярэдзьце пажылых або проста даверлівых сваякоў, што да падобных прапановаў варта ставіцца вельмі крытычна і не прымаць сур’ёзна. Калі ўсё ж паддаліся на хітрасць махляроў, адразу ж звяртайцеся ў міліцыю. Праваахоўнікі правядуць разбіральніцтва на прадмет устанаўлення законнасці дзейнасці такіх прадаўцоў, прызначаць экспертызу на вызначэнне рэальнага кошту тавару.

Удакладненне: па словах дзятлаўчан, да якіх гандляры фільтрамі ўжо завіталі, кошт чароўнай пакупкі складае 500 рублёў, а для пенсіянераў скідка – 50 %, таму ўсяго 250 рублёў. Усяго?!

Зазірнуўшы ў Інтэрнэт, вы выявіце мноства паведамленняў падманутых карыстальнікаў з усёй Беларусі. Крыўдна, бо ў нашай краіне, у тым ліку і ў Дзятлаўскім раёне, штогод запускаюцца станцыі абезжалезвання, падаецца вада ў краны грамадзян з водазаборных свідравін, максімальна бяспечная і бясшкодная, за вельмі ўмераную плату, мы ж тым часам шчодра выварочваем кішэні для ашуканцаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga