Задача не толькі заахвоціць лепшых

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Штогод са снежня па красавік праходзіць рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”.

Прафсаюзныя актывісты наведваюць жывёлагадоўчыя фермы, правяраюць умовы працы, ушаноўваюць працаўнікоў.

Для падвядзення вынікаў акцыі  старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і лідар прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Вольга Аўхім наведалі малочнатаварныя фермы “Краглі”, “Погіры”,  “Нагародавічы” КСУП “Жукоўшчына”.

– Акцыя “Наш жывёлавод” стала добрай магчымасцю падзякаваць працаўнікам за старанне і працавітасць, сумленнае выкананне сваіх абавязкаў. Мы стараемся не толькі адзначыць лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны, але і наведаць кожны комплекс і ферму, – падкрэсліў Уладзімір Казак. – Таксама глядзім, у якіх умовах працуюць жывёлаводы, ці забяспечаны яны спецыяльным адзеннем, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны, даведваемся, якія праблемы хвалююць людзей.

– Галіна жывёлагадоўлі – адна з самых няпростых у сельскай гаспадарцы. Тут не бывае перапынку, працавітым рукам знойдзецца справа круглы год, – адзначыў Аляксандр Дубовік. – Хачу падзякаваць вам за такую няпростую, але патрэбную працу, адданасць сваёй справе і годныя вынікі. Няхай гэта заахвочванне разам са шчырымі словамі высокай ацэнкі работы стане для вас добрым стымулам для дасягнення высокіх паказчыкаў.

Словы падзякі жывёлаводам за штодзённую нялёгкую працу былі дапоўнены ўручэннем заслужаных узнагарод. За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі адзначаны Падзякай Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункамі Алена Грыб, памочніца брыгадзіра вытворчай брыгады малочнатаварнай фермы “Краглі”;  Тамара Карэцкая, брыгадзір вытворчай брыгады, і Мікалай Гармановіч, жывёлавод  малочнатаварнай фермы “Погіры” ;  Наталля Мінюк, брыгадзір вытворчай брыгады, і Святлана Нябоська, жывёлавод малочнатаварнай фермы “Нагародавічы” .

За прыемнай місіяй прадстаўнікі прафсаюзаў не абышлі ўвагай і надзённыя клопаты сельскай гаспадаркі: паглядзелі, як ідзе пасяўная кампанія, ці выконваюцца патрабаванні па ахове працы, нагадалі аб прафілактыцы вытворчага траўматызму ў час вяснова-палявых работ.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga