Землякі. Ён штурмаваў Берлін

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кавалер шматлікіх ордэнаў Іосіф Аляксандравіч Лайло пражыў вельмі цікавае і па-сапраўднаму напружанае жыццё.

Пасля сябе ён пакінуў шмат добрага і запамінальнага. Удзячныя нашчадкі яго баявой і працоўнай Славы зберагаюць аб ім не толькі памяць. Яны працягваюць яго добрыя справы і ганарацца сваім земляком.

Іосіф Лайло нарадзіўся 16 студзеня 1919 года ў вёсцы Погіры былога Стралянскага сельсавета. З маленства дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Гэта яны прывілі яму любоў да зямлі-карміцелькі, да працы. Шукаючы лепшай долі, бацькі шасцігадовага Іосіфа, Аляксандр і Марцэля Лайло ў 1925 годзе пераязджаюць у вёску Раклевічы. З гэтай вёскай, якая стала для яго другой радзімай, звязана юнацтва, баявы і працоўны шлях жыцця.

Іосіф Аляксандравіч Лайло сустрэў вайну ў Раклевічах. Пэўны час ён і яго брат Віктар дапамагалі бацькам па гаспадарцы. У канцы 1942 года брат Віктар уступіў у партызанскі атрад, а Іосіф застаўся ў вёсцы і падтрымліваў з імі сувязь. 9 ліпеня 1944 года Дзятлава было вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі, а 25 ліпеня Іосіфа Лайло прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію. Яго воінскае падраздзяленне, 218-я гвардзейская стралковая Чарнігаўская ордэна Леніна Чырвонасцяжная ордэна Суворава дывізія, уваходзіла ў склад войск 1-га Беларускага фронта. Былы земляроб стаў салдатам-кулямётчыкам. У адным з баёў быў паранены ў нагу. Затым было лячэнне ў шпіталі. Пасля шпіталя Іосіфа Лайло зноў накіравалі на фронт. У канцы красавіка 1945 года прымае актыўны ўдзел у штурме Берліна. Аб гэтым сведчыць пасведчанне аб узнагародзе яго медалём “За ўзяцце Берліна”. Толькі праз год, 16 мая 1946 года, узнагарода знайшла героя. За мужнасць і гераізм праяўленыя на франтах Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “Імя Жукава”. Раненні далі аб сабе знаць і пазней яму была назначана пенсія па інваліднасці, як ветэрану вайны. У 1985 годзе Іосіф Аляксандравіч Лайло быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Дома, у Раклевічах, яго чакала сям’я. Пачалася работа па аднаўленні сельскай гаспадаркі. На агульным сходзе сяльчан вёсак Раклевічы і Заполле, які адбыўся 20 лютага 1948 года, было прынята рашэнне аб арганізацыі калгаса “Перамога”. Іосіф і яго брат Віктар былі аднымі з першых дзевятнаццаці, хто запісаўся ў калгас. Старшынёй калгаса быў выбраны Іван Фёдаравіч Лабар. Былы салдат Іосіф Лайло працаваў на розных пасадах, якія даручала яму праўленне калгаса: у жывёлагадоўлі, будаўніцтве, брыгадзірам. Затым адбываецца ўзбуйненне калгаса. Самым галоўным для калгаснікаў было павышэнне дабрабыту жыцця працаўнікоў і мясцовага насельніцтва, стварэнне належных умоваў для развіцця будучага вёскі і безумоўна – самаадданая праца на зямлі. За кошт гэтай працы, пры стварэнні магутнай матэрыяльна-тэхнічнай базы калгаса, ён быў лідарам па вытворчасці сельгаспрадукцыі не толькі ў Беларусі, але і ў былым ужо цяпер СССР.

З 1960 года Іосіфа Аляксандравіча Лайло прызначаюць загадчыкам вытворчага ўчастка № 1. На гэтай пасадзе ён працаваў 30 гадоў. 6 лютага 1963 года рашэннем агульнага сходу калгас “Перамога” перайменаваны ў калгас “Расія” (цяпер – “Сельскагаспадарчы філіял “Аграмілк” РУП “Беларусьнафта” “Гроднааблнафтапрадукт” – аўтар).

За працу на зямлі калгаснікі атрымалі не толькі заробак, але і добраўпарадкаванае жыллё, карысталіся сацыяльнымі выгодамі. Шматлікія перадавікі калгаснай вытворчасці былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Да баявых узнагарод ветэрана-франтавіка, загадчыка вытворчага ўчастка № 1 Іосіфа Аляксандравіча Лайло, далучыліся ўзнагароды за мірную працу. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Знак Пашаны (1966 г.), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971 г.), ордэнам Леніна (1973 г.), юбілейным медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, медалём “Ветэран працы”, шматлікімі юбілейнымі медалямі, Ганаровымі граматамі. У лістападзе 1967 года за дасягнутыя поспехі па развіцці раслінаводства ВДНГ СССР узнагародзіла Іосіфа Лайло сярэбраным медалём. Асабліва ганарацца нашчадкі сям’і ветэрана вайны і працы Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, якою ён быў узнагароджаны ў 1969 годзе.

18 ліпеня 1972 года ветэран вайны і працы Іосіф Аляксандравіч Лайло выходзіць на пенсію, але працягвае працаваць у родным для яго калгасе. За асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь у 1994 годзе кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь прысвоіў яму Ганаровую Рэспубліканскую пенсію.

Разам з жонкай Яўгеніяй Ільінічнай працавалі ў калгасе, пражылі шчаслівае жыццё. Памёр наш зямляк 30 ліпеня 2007 года.

Тут, у вёсцы Раклевічы, сям’я Іосіфа Лайло пусціла глыбокія карані. Пра яго працоўныя подзвігі ведаюць не толькі ў Раклевічах, але і навакольных вёсках. У мясцовым Раклевіцкім дзіцячым садзе-базавай школе захоўваюцца яго баявыя і працоўныя ўзнагароды. Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 26 чэрвеня 2018 года прозвішча Іосіфа Аляксандравіча Лайло занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

У роднай вёсцы Раклевічы жыве яго любімая і адзіная жонка Яўгенія Ільінічна, якой споўніўся 101 год, яго дачка Кацярына, унукі і праўнукі. Дарэчы, у сям’і Лайло чацвёра дзяцей: два сыны – Віктар і Эдуард, дзве дачкі – Кацярына і Надзея, пяць унукаў, шэсць праўнукаў, а 8 студзеня 2021 года нарадзілася прапраўнучка Вікторыя.

Памяць пра Іосіфа Аляксандравіча свята захоўвае не толькі яго сям’я, але і ўсе тыя, хто яго ведаў.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца