Акцыя “Тыдзень лесу”. Памнажаючы скарбы Радзімы

Важнае Улада

Лясы – наш нацыянальны скарб, нездарма на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь ёсць сімвалічны зялёны колер.

І ўжо 16-ы год запар з ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі краіны праводзіцца добраахвотная кампанія “Тыдзень лесу”, якая сёлета прымеркавана да Года міру і стварэння. У час яе ўсе жадаючыя могуць зрабіць свой унёсак у памнажэнне зялёнага багацця Радзімы.

Так, у квартале № 11 урочышча Давыда Казлоўшчынскага лясніцтва папрацавалі дэпутаты і члены моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў з ліку навучэнцаў і працоўнай моладзі, да якіх далучыліся супрацоўнікі раённых аддзелаў Следчага камітэта і па надзвычайных сітуацыях. На плошчы ў 1,2 гектара высадзілі маладзенькія сосны, вырашчаныя ў гадавальніку лясніцтва, і закупленыя ёлачкі.

Уладзімір Сіняк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

– Добрай традыцыяй для нашай краіны стала акцыя “Тыдзень лесу”, у якой я штогод удзельнічаю. Кожны чалавек у сваім жыцці павінен пасадзіць дрэва. Прыемна, што сёлета з намі працуюць юныя парламентарыі – наша будучае пакаленне. Разглядаць акцыю варта не толькі з пункту гледжання эканомікі, але і экалогіі, бо дрэвы паглынаюць вуглякіслы газ, выдзяляюць кісларод, робяць асяроддзе спрыяльным для жыцця. Сімвалічна, што праходзіць яна ў Год міру і стварэння: высаджаныя намі дрэўцы будуць ствараць камфортныя ўмовы для наступных пакаленняў.

Аляксандр Бараноўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Разам тут працуюць старэйшае і маладое пакаленні дэпутатаў, каля 20 чалавек. Мы з іншымі ўстановамі і арганізацыямі кожны год падтрымліваем ініцыятыву “Тыдзень лесу”, а сёлета вырашылі выйсці дэпутацкім корпусам. Лес – наша экалогія і здароўе. Няхай расце і радуе дзяцей і ўнукаў. Мы ўносім свой пасільны ўклад у памнажэнне ляснога фонду Беларусі, стараемся быць добрым прыкладам для моладзі і суайчыннікаў. Робім усё, каб дапамагаць сваёй краіне не толькі словам, але і карыснай справай.

Марыя Максімовіч, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

– Заўсёды падтрымліваю добрыя ініцыятывы, таму з задавальненнем адгукнулася на прапанову. Для мяне гэта не толькі карысная справа, але і адпачынак ад кабінетнай мітусні, сустрэча з палітычнымі аднадумцамі, любаванне прыродай. Прыемна думаць, што недзе будуць расці твае дрэўцы. Праз некаторы час можна сюды наведацца, палюбавацца, пазбіраць грыбы.

Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама:

– Ільвіную долю нашага сельсавета займаюць запаветныя мясціны Ліпічанскай пушчы, на яго тэрыторыі размешчаны Казлоўшчынскае і Лявонавіцкае лясніцтвы ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Гэта маляўнічыя мясціны ў міжрэччы Нёмана і Шчары. Мы разумеем, што лесагаспадарчая дзейнасць займае важнае месца, таму штогод высаджваем вялікую колькасць лясных культур сіламі актывістаў і арганізацый. Лясы – гэта лёгкія планеты, а беларускія лясы – лёгкія Еўропы.

Вікторыя Тыць, старшыня моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў:

– Азеляняць і адраджаць сваю краіну – карысная справа. Хто, калі не мы, агульнымі намаганнямі, усе разам, дружна, стваральна папрацуем. Кожны павінен зрабіць свой унёсак у памнажэнне багаццяў Радзімы: і дарослыя, і дзеці.

Ірына Мішчанка, каардынатар дзейнасці моладзевага парламента:

– Мы з юнымі парламентарыямі неаднаразова прымалі ўдзел у высадцы алей памяці і іншых сумесных карысных справах з дэпутатамі раёна. Далучыліся і да акцыі “Тыдзень лесу”. Жадаю нашай моладзі заўсёды быць працавітымі, актыўнымі, ініцыятыўнымі і рабіць добрыя справы на карысць Айчыны. У гэтым пераемнасць пакаленняў і лепшыя традыцыі беларусаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: