Выкарыстанне новых формаў работы пры арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі на семінары-вучобе, які прайшоў на Дзятлаўшчыне, абмеркавалі спецыялісты клубных установаў і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
– Час дыктуе свае ўмовы, мяняюцца і пераходзяць у віртуальную прастору інтарэсы нашай моладзі, а там яна не заўсёды знаходзіць карысную і праўдзівую інфармацыю, – падкрэсліла загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец. – Аднак вельмі важна, каб нашы дзеці атрымалі патрыятычнае выхаванне, шанавалі нацыянальную культуру, ведалі і захоўвалі родныя традыцыі і святы. Як іх зацікавіць усім гэтым, далучыць да сумеснага карыснага баўлення вольнага часу? Праз новыя сучасныя формы работы, вопытам выкарыстання найбольш паспяховых і дзейсных з якіх мы закліканы сёння падзяліцца. Цяпер дзіцячая аўдыторыя аб’яднанняў па інтарэсах 7-і ўстановаў культуры складае 355 чалавек. Магчыма, праводзіць работу з імі трэба ў тым ліку праз папулярныя ў падрастаючага пакалення сацыяльныя сеткі, свае акаўнты ў якіх варта займець усім клубным установам раёна, загружаць сторысы і публікацыі аб тым, што адбываецца ва ўстанове. Абласным упраўленнем культуры пастаўлена задача штогод укараняць і па тры новыя крэатыўныя формы работы з моладддзю, сярод якіх – святы двароў і вуліц. Для Дзятлаўшчыны гэта практыка не новая.
Якія формы баўлення вольнага часу ўжо зацікавілі маладых жыхароў нашага раёна і карыстаюцца попытам, а якія сталі крэатыўнымі навінкамі, расказалі спецыялісты галіны.
Аб тым, як аддзел па кінавідэаабслугоўванні (былы кінатэатр “Спадарожнік”) паступова ператвараецца ў культурна-адукацыйны цэнтр для дзяцей, моладзі і сямейнага адпачынку, расказала загадчыца ўстановы Ірына Сарачынская. Тут распачата рэалізацыя доўгатэрміновага праекта “Дзеці, моладзь, сям’я” з рознымі фарматамі мерапрыемстваў для жыхароў і гасцей райцэнтра, найбольш папулярнымі сярод якіх сталі тэматычныя дыскатэкі, бітвы дыджэяў, кіналекторыі, тэматычныя вечарыны, іншае. Укараняюцца і новыя формы – хастл дыскатэкі (танцы ў пары), перадсеансавыя мерапрыемствы, у задумках – стварэнне музейнага кутка кінавідэапраката да 525-годдзя Дзятлава.
Як праз актуальны праект “Круцілавічы – здаровы пасёлак”, які стартаваў у 2019 годзе, ва ўзаемадзеянні з ААТ “Граніт-Агра”, Круцілавіцкай сярэдняй школай, сельвыканкамам, Данілавіцкі дом культуры далучае дзяцей і моладзь да актыўных формаў адпачынку і здаровага ладу жыцця, расказала яго загадчыца Святлана Грос. Падкрэсліла, што стаўка робіцца на сумесныя спартыўныя святы, турніры, спаборніцтвы, у якіх абавязкова прысутнічае творчы элемент. Сярод новых формаў – пляцоўка пад адкрытым небам “Тэрыторыя здароўя”, тэматычныя спартландыі, дваровыя гульні, у тым ліку вяртанне “савецкіх”, а таксама заняткі на новай пляцоўцы па міні-футболе.
Папулярнасць у аграгарадку Гезгалы набывае такая інавацыйная форма актыўнага адпачынку моладзі, як квэст з заданнямі і галаваломкамі, падкрэсліла спецыяліст мясцовага дома культуры Вольга Аўсянік і патлумачыла, што дзяцей яна прываблівае як захапляльная прыгода, якую можна наладзіць на любую тэму да любога свята і падзеі.
Кіраўнік тэатра роставых лялек Іван Каско падзяліўся вопытам папулярызацыі дзейнасці моладзевых аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку праз інтэрнэт-прастору, расказаў пра навінкі – паралонавае бум-шоу, “АртБатл-пляцоўку”, праект “Тваё лета” і перспектыўную задумку – стварэнне гасцёўні Бульбаёсціка. У Івана Каско багаты вопыт работы з моладдзю ў сацыяльных сетках, таму калегі прапанавалі выкарыстаць яго і для “пераходу” з віртуальнага ў рэальнае жыццё і ў далейшым разам правесці бітву ціктокераў паміж школамі або нават аграгарадкамі.
Не менш цікава работнікам культуры было пачуць пра дзейнасць клуба “Кантакт” сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава для падлеткаў, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа, дзяцей, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі і з цяжкасцямі ў сацыялізацыі. Выступіла кіраўнік клуба, сацыяльны педагог Іна Нічыпаровіч.
Яшчэ больш папоўніла “творчую скарбонку” спецыялістаў наведванне Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе іх сустракала дырэктар установы Вольга Цюшляева.
– Важна, каб новыя формы работы з моладдзю, якія ўкараняем у практыку, былі не толькі займальнымі і цікавымі, але і выконвалі пазнавальную, выхаваўчую і прафілактычную функцыі, – падвяла вынік семінара дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga