Навагодні зварот старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Уладзіміравіча Садоўскага

Галоўнае Улада

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія сябры!

Заканчваецца 2022 год. Зусім хутка час перанясе нас з мінулага ў будучыню. Так адбываецца кожны дзень, хвіліну і секунду. Але гэты бесперапынны ход часу мы асабліва адчуваем, калі сустракаем Новы год, чакаем яго як важны жыццёвы рубеж.

Усіх нас аб’ядноўваюць цяпер надзеі на будучыя добрыя перамены. Але мы разумеем, што іх немагчыма адарваць, аддзяліць ад падзей адыходзячага года.

Ён ставіў перад намі складаныя задачы, стаў праверкай на трываласць і разам з тым падарыў радасць перамог і дасягненняў, новы прафесійны і жыццёвы вопыт, цікавыя сустрэчы. У агульным выніку забяспечана стабільнае сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

Вядома, нявырашаныя праблемы яшчэ ёсць. Але гэты год мы прайшлі годна. Галоўная заслуга тут належыць менавіта вам – дзятлаўчане. Гэта вынік вашай, дарагія сябры, напружанай працы.

У 2022 годзе прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі ў фактычных цэнах на суму 245,9 млн. рублёў, тэмп росту склаў 116,5 % да 2021 года. Экспарт паслуг за 2022 год склаў 9,4 млн. долараў ЗША або 187,4 % да леташняга паказчыка. Па Дзятлаўскім раёне прыцягнута 67,4 млн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту інвестыцый складае 120,1 % у супастаўных умовах да 2021 года. Тэмп росту намінальнай заработнай платы за 2022 год склаў 120,0 % да 2021 года. Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі — 93,3 млн. рублёў або 100,8 % у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года.

Асаблівае старанне і працавітасць праявілі работнікі сельскай гаспадаркі. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі завяршаюць год з прыбыткам.

Зроблены крок наперад у галіне раслінаводства: валавая вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур з кукурузай у першапачаткова апрыходаванай вазе склала больш за 77 тысяч тон, што на 21,8 тысячы тон больш ураджаю 2021 года. Атрымана з аднаго гектара па 43,7 цэнтнера збожжа. Атрыманы рэкордны валавы збор рапсу – 13,2 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 27,1 цэнтнера з гектара.

За 2022 год уведзена ў эксплуатацыю 3623 кв. метра жылля. Праведзена рэканструкцыя часткі нежылога будынка ў гарпасёлку Казлоўшчына пад шматкватэрны жылы дом, агульная плошча 1896 кв. метраў, 34 кватэры, з іх 7 кватэр – сацыяльнае жыллё. Завершана будаўніцтва жылога дома ў аграгарадку Раклевічы, уведзены ў эксплуатацыю 2 арэндныя кватэры. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзены 1491 кв. метр жылля.

У лістападзе 2022 года пачата будаўніцтва трох малочнатаварных фермаў. Уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў вёсцы Лапушна. Вядуцца работы па рэканструкцыі кацельні “Спутник” у Дзятлаве.

Значныя поспехі дасягнуты і ў сістэме адукацыі. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём атрымалі 20 выпускнікоў.

Вынікова склалася выступленне навучэнцаў у конкурсах даследчага характару, было заваявана 6 дыпломаў на абласным узроўні, 1 – на рэспубліканскім.

Актыўна спрацавала сфера спорту Дзятлаўскага раёна. Ужо традыцыйна каманда “Алмаз” у спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адыходзячым годзе стала пяцікратным пераможцам і трохкратным прызёрам рэспубліканскага этапу спаборніцтваў.

Пэўнае развіццё атрымала сфера турызму ў раёне. У год гістарычнай памяці ўрачыста адкрыты веласіпедны маршрут № 489 “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, распрацаваны водна-пешаходны тур № 492 “Ад цара да самавара”, аўтамабільны маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Усе тры маршруты прызнаныя лепшымі па выніках удзелу ў абласным конкурсе “Лепшы турыстычны маршрут Гродзенскай вобласці”, а маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы” стаў дыпламантам у ХХ юбілейным рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь”. Пакладзены пачатак такіх відаў турызму як экалагічны, гастранамічны, культурна-падзейны, рэлігійны.

Стабільна працавалі і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Нямала зроблена для паляпшэння якасці жыцця дзятлаўчан.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста хачу выказаць словы падзякі за той уклад у развіццё раёна, які кожны з вас унёс на сваім працоўным месцы, за неабыякавасць і ўдзел у агульных справах на карысць нашай малой радзімы, за давер і цвёрдую руку падтрымкі.

Дарагія сябры!

Навагодняя ноч літаральна напоўнена добрымі пачуццямі і светлымі намерамі, жаданнем кожнага праявіць свае лепшыя якасці. І ў такой адкрытасці, шчодрасці – сутнасць і энергетыка гэтага цудоўнага свята. Калі становіцца так важна сагрэць бацькоў увагай і клопатам, абняць, калі яны побач, сказаць усім блізкім, як яны бясцэнны для вас, якое гэта шчасце, калі ёсць любоў, дзеці, сям’я, сябры.

Усё гэта вялікія каштоўнасці, якія шмат у чым вызначаюць сэнс жыцця кожнага чалавека. І зараз спяшаемся прызнацца дарагім для нас людзям у патаемных пачуццях, вымавіць тыя шчырыя словы любові і падзякі, на якія, бывае, не хапае часу ў будзённай мітусні.

Няхай 2023 год апраўдае нашы надзеі, прынясе мір, утульнасць і радасць у кожную сям’ю, стане годам новых здзяйсненняў, поспехаў і добрых спраў.

Здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага вам і вашым блізкім.

З Новым годам, дарагія дзятлаўчане!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga