Лізавета Нагавонская – “Краса Дзятлаўшчыны-2022” (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак Падзеі

З непаўторным і загадкавым Сусветам можа параўнацца толькі жаночая прыгажосць, таямніцу якой дагэтуль не ўдалося разгадаць вучоным і творцам.

Гэты факт яшчэ раз пацвердзілі абаяльныя ўдзельніцы конкурсу грацыі і таленту “Краса Дзятлаўшчыны-2022”, які праводзіцца ў нашым раёне з ініцыятывы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

За званне самай абаяльнай і прывабнай сёлета змагаліся восем канкурсантак, якія ў стартавым дэфіле выступілі ў вобразах яскравых і чароўных зорак Сусвету. Гэта Ангеліна Мазура (Хвінявіцкая сярэдняя школа), Лізавета Калановіч (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава), Лізавета Нагавонская (ААТ “Граніт-Агра”), Карына Папко (Круцілавіцкая сярэдняя школа), Ганна Калмыкова, Сняжана Шылюк (Дзятлаўская ЦРБ), Марыя Раеўская (сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава), Анастасія Ганчарук (гімназія № 1 горада Дзятлава).

Пазнаёміцца з кожнай з іх гледачы змаглі праз відэапрэзентацыі, якія ўдзельніцы падрыхтавалі да конкурсу загадзя.

Шлях да тытула самай прыгожай, творчай і грацыёзнай не быў усыпаны ружамі: дзяўчаты правялі не адзін тыдзень сур’ёзнай работы і самаўдасканалення, падрыхтаваліся да няпростых конкурсных іспытаў.  Яны змаглі паказаць сябе ў творчым спаборніцтве “Зорны россып талентаў”, дзе здзіўлялі журы і гледачоў харэаграфічным майстэрствам, артыстызмам, ігрой на цымбалах, дэкламаваннем вершаў.

Праявіць дасціпнасць, красамоўства, а таксама паказаць лепшыя якасці характару дзяўчаты змаглі ў час інтэлектуальнага конкурсу.

Па-сапраўднаму “гарачым” атрымалася дэфіле ў шортах, дзе канкурсанткі прадэманстравалі грацыю, фігуру і модныя тэндэнцыі наступнага лета.

Якая маладая дзяўчына не марыць апрануць вясельную сукенку? Надзвычай прыгожым і кранальным атрымаўся выхад канкурсантак у вобразах нявестаў у суправаджэнні кавалераў.

Пакуль госці мерапрыемства аддавалі свае галасы за будучую “Міс сімпатый гледачоў”, журы ацэньвала яшчэ адно хатняе заданне – кулінарны батл “Мой смачны кавалачак жыцця”. Гаспадыні пастараліся на славу, прыгатаваўшы стравы ў адпаведнасці са сваім вобразам.

Майстэрства канкурсантак ацэньвала журы, узначаліў якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько.

Па выніках іспытаў званне “Краса Дзятлаўшчыны-2022” і карону атрымала Лізавета Нагавонская. Па традыцыі галоўны прыз уручыла пераможца папярэдняга конкурсу грацыі і прыгажосці Ангеліна Дулебенец.

Тытула “I Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2022” была ўдастоена Карына Папко, “II Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2022” – Лізавета Калановіч.

“Міс фота” стала Сняжана Шылюк, якая атрымала сертыфікат на фотасесію ад члена журы, прафесійнага фатографа Веранікі Макарчык; “Міс топ-мадэль” – Марыя Раеўская; “Міс сімпатый гледачоў” – Анастасія Ганчарук.

Дыпломамі ўдзельніц конкурсу былі адзначаны Ангеліна Мазура і Ганна Калмыкова.

Усе канкурсанткі атрымалі памятныя падарункі ад прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працуюць, а таксама сертыфікаты на б’юці-працэдуру ад Ангеліны Дулебенец, сертыфікат на прафесійны ўрок «Макіяж для сябе» Ганне Калмыковай уручыла візажыст Кацярына Шыцко.

Кветкі дзяўчатам падарылі родныя і сябры, якія прыйшлі іх падтрымаць. Свята прыгажосці і грацыі завяршылася нефармальнай фотасесіяй прыгажуняў на сцэне разам з роднымі і сябрамі, а таксама арганізатарам мерапрыемства і галоўным трэнерам канкурсантак Алай Чарняўскай.

Музычныя падарункі гледачам і ўдзельніцам конкурсу “Краса Дзятлаўшчыны-2022” гэтым вечарам зрабілі арт-студыя “Лэйла” са Слоніма пад кіраўніцтвам Кацярыны Лапацкай і артысты раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Фота і відэа Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: