Ілья Касцюк: “Хачу развівацца ў прафесіі”

Важнае Грамадства

Нішто не павінна стаяць на шляху чалавека да яго мары, асабліва калі ў яго моцны характар і стойкае імкненне пераадольваць цяжкасці.

Пра гэта ў інтэрв’ю з нашым маладым земляком Ільёй Касцюком – юнаком з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, цікавым субяседнікам, які, нягледзячы на праблемы са здароўем, упэўнена ўвасабляе ў рэальнасць свае планы.

– Ілья, раскажыце коратка пра сябе.

– Нарадзіўся я ў вёсцы Горка ў вялікай сям’і. У мяне тры браты і сястра. Вучыўся ў Горкаўскай, Раготнаўскай, Дварэцкай школах. Цяпер з’яўляюся студэнтам чацвёртага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе атрымліваю спецыяльнасць педагога-псіхолага.

– Чаму зрабілі выбар менавіта на карысць гэтай прафесіі?

– Мне заўжды было цікава размаўляць з людзьмі, даведвацца пра іх планы і дасягненні. Падабаецца кантактаваць з дзецьмі, хочацца дапамагаць ім разабрацца ў сабе, арганізаваць свой шлях. У гэтым плане шырокія магчымасці дае менавіта псіхалогія. Ёю захапляюся з 11 класа.

Прызнацца, першапачаткова, калі выбіраў прафесію, хацеў паступаць на настаўніка пачатковых класаў, аднак не змог па стане здароўя. Тады і “выручыла” спецыяльнасць педагога-псіхолага – заадно збываецца і жаданне быць настаўнікам.

– Вы на апошнім курсе. Якія далейшыя планы?

– Паступаў па накіраванні, таму вярнуся ў родны раён. Спачатку мяркую працаваць у школе. Адначасова хацелася б развівацца прафесійна, магчыма, праз некаторы час арганізаваць індывідуальныя кансультацыі. Псіхалогія – навука, якая пастаянна развіваецца, таму псіхолаг-практык павінен і сам паспяваць за гэтым працэсам.

– Ці ёсць цікавыя захапленні, як увогуле любіце бавіць вольны час?

– Сярод захапленняў – заняткі праграмаваннем на аматарскім узроўні, а таксама люблю слухаць музыку, глядзець кінастужкі, сустракацца з сябрамі.

– Якім уяўляеце сябе праз 10 гадоў?

– Безумоўна, хачу развівацца ў прафесіі, стаць паспяховым і дастаткова вядомым спецыялістам. У гэтым плане можна задумацца пра папулярныя ў наш час анлайн-кансультацыі.

– Ці ёсць запаветная мара?

– Мару адправіцца ў падарожжа, даведацца пра культуру і традыцыі іншых краін, для пераймання вопыту сустракацца з іншаземнымі спецыялістамі-псіхолагамі.

– Калі б была такая магчымасць, што б памянялі ў жыцці?

– Зноў жа звярнуся да прафесійнай сферы. Калі б мог, памяняў бы светапогляд сваіх суайчыннікаў, каб яны не баяліся хадзіць да псіхолагаў і не лічылі такія сустрэчы за нейкае “пакаранне”. Хочацца, каб людзі ўсвядомлена звярталіся да спецыяліста са сваімі праблемамі, вырашалі іх, каб у жыцці не назапашваліся тыя цяжкасці, якія яго ўскладняюць.

– Якое на ваш погляд сучаснае маладое пакаленне?

– Мы розныя. Адны больш мэтанакіраваныя і настойлівыя, другім гэтага не трэба. Нехта стараецца з усіх сілаў, іншы і не спрабуе прыкладаць намаганні. Зразумела адно: свет мяняецца, ламаюцца ранейшыя ўстаноўкі, у чалавека з’яўляецца больш магчымасцяў, для рэалізацыі якіх ужо не трэба прыкладаць столькі намаганняў, як раней.

– Ілья, чаго вы пажадаеце сваім равеснікам?

– Поспехаў у дасягненні намечаных планаў, каб не ўзнікала цяжкасцяў у жыцці, каб у прафесійным і жыццёвым плане яны рэалізавалі ўсё, што задумалі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: