З пашанай і словамі ўдзячнасці

Важнае Грамадства

Адметная падзея, удзел у якой прыняў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Алег Пятрышча, сабрала ў раённым выканаўчым камітэце асабовы састаў Дзятлаўскага аддзела аховы і прадстаўнікоў сілавых службаў.

Урачыста, з пашанай і словамі ўдзячнасці на заслужаны адпачынак калегі і землякі праводзілі начальніка аддзела аховы Дзмітрыя Харошку, разам з тым віншаванні прымаў Сяргей Кулеш, які прыступае да часовага выканання абавязкаў кіраўніка раённай службы аховы.

– Дзмітрый Іванавіч доўгі час правёў у калектыве Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы, – звярнуўся да прысутных Алег Пятрышча. – Кіраўнікі бываюць розныя па характары, а вам пашанцавала яшчэ і на чалавечыя якасці вашага начальніка. Дзятлаўшчына – асаблівы рэгіён, Дзмітрыю Іванавічу ўдалося стварыць тут астравок бяспекі, спакою і парадку, што важна ў наш час, бо так бывае не ўсюды. Дзякуем за службу.

Да словаў Алега Вячаслававіча далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:

– Усю сваю працоўную дзейнасць вы, Дзмітрый Іванавіч, прысвяцілі служэнню законнасці і ахове правапарадку на тэрыторыі раёна. Заўсёды вас вылучалі высокая грамадзянская пазіцыя, дзелавыя і чалавечыя якасці. Дзякуючы вам і калектыву службы аховы ў нашым раёне бяспечна і спакойна. Наша супрацоўніцтва заўсёды праходзіла плённа, а мерапрыемствы, дзе вы адказвалі за забеспячэнне правапарадку, – плённа. На жаль, сёння дзень, калі даводзіцца развітвацца з вамі, як з кіраўніком службы, але жыццё прадаўжаецца, таму дзякуем за шчырую працу, за тое, што зрабілі для раёна на розных пасадах, моцнага вам здароўя, удачы, аптымізму і поспехаў ва ўсіх будучых пачынаннях.

За плённае супрацоўніцтва, паспяховае вырашэнне службовых задач, жыццёвую мудрасць і арганізатарскія здольнасці Дзмітрыю Харошку падзякавалі таксама начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль і пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка.

На развітанне Алег Пятрышча зазначыў, што служба ў Дэпартаменце аховы – гэта як дзве прыступкі жыцця: першую Дзмітрый Харошка годна прайшоў і цяпер з багатым жыццёвым вопытам можа паспяхова распачаць яшчэ адну працоўную кар’еру. Алег Вячаслававіч пажадаў яму ў гэтым поспехаў, самаразвіцця і руху толькі наперад. Як своеасаблівы “крэдыт даверу” начальнік абласнога ўпраўлення ўручыў Дзмітрыю Іванавічу на памяць падарачны наручны гадзіннік.

Прысутных азнаёмілі з загадам Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы па асабовым саставе № 159, згодна з якім да часовага выканання абавязкаў начальніка Дзятлаўскага аддзела прыступае Сяргей Кулеш.

Новага кіраўніка ўрачыста павіншавалі з назначэннем, пажадалі годна выконваць ускладзеныя на яго абавязкі і службовыя задачы, захоўваць у калектыве лепшыя традыцыі, прыўносіць новыя цікавыя ідэі.

На сёння служба аховы ў нашай краіне характарызуецца як высокамабільнае і аператыўнае падраздзяленне, якое крочыць у нагу з часам, што адзначаў Прэзідэнт Беларусі ў час урачыстага віншавання Дэпартамента аховы з 70-годдзем стварэння. Яго супрацоўнікі самымі першымі прыбываюць на дапамогу людзям, а таму перад імі заўсёды стаялі і будуць стаяць самыя сур’ёзныя службовыя задачы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga