Чые шыны “буксуюць”?

Важнае Грамадства

З году ў год расце і ўдасканальваецца сістэма збору другаснай сыравіны, выконваць гадавыя заданні па некаторых відах не ва ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна атрымліваецца.

Прамежкавыя вынікі па “зборы” не адзін раз агучваліся на пасяджэннях райвыканкама, але спробы выправіць становішча чаканага выніку не прыносяць. Крыўдна! Тым больш што па некаторых пазіцыях ёсць перавыкананне. Складаней аказалася з шынамі.

План здачы зношаных шын па Дзятлаўскім раёне ў 2022 годзе складае 125 тон. На 1 лістапада на перапрацоўчыя прадпрыемствы паступіла 71,8 тоны.

Як расказаў Дзмітрый Балькоўскі, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, са станоўчага боку можна адзначыць КСУП “Хвінявічы”, тут выкананне плана па здачы зношаных шын склала 124 %, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” – 172 % (пры плане 5 тон здадзена 8,6 тоны). ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і ДП “Дзятлаўскае ПМС” таксама выканалі план.

Разам з тым ёсць шэраг арганізацый, якія нават не прыступілі да рэалізацыі пастаўленых задач. На перапрацоўчых прадпрыемствах “чакаюць” ААТ “Дварэц-Агра” і КСУП “Жукоўшчына”.

Выканалі план на 50 % Дзятлаўскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, Дзятлаўскае РУП ЖКГ, СГФ “АграМілк”, КСУП “Войневічы”.

Можа, няма чаго здаваць?

16 лістапада Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праведзены абследаванні суб’ектаў гаспадарання раёна.

Так, у ААТ “Дварэц-Агра”, ТАА “РоданАгра” ўстаноўлены факты захоўвання зношаных шын па-за санкцыянаванымі месцамі. У КСУП “Хвінявічы” яшчэ ёсць запас шын, якія можна будзе адправіць на перапрацоўку, толькі неабходна пакуль упарадкаваць іх складаванне. Падобныя факты маюць месца і ў РУП ЖКГ, Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Па ўсіх парушэннях рэкамендавана прыняць меры па ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Факты – рэч упартая. Шыны ёсць. Выніку на раённым узроўні па іх зборы і здачы – пакуль няма.

Ірына КАМАРОВА
Фота прадастаўлены раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga