У школах раёна прайшлі мерапрыемствы ў рамках тыдня беларускай мовы.
Яны сталі добрымі ўрокамі выхавання духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю і яго культурнай спадчыне. Вучні змаглі актуалізаваць веды па беларускай мове і літаратуры, паказаць узровень эрудыцыі, задаволіць сваю цікаўнасць, пашырыць кругагляд, захапіцца прыгажосцю беларускага мастацкага слова.
Так, у Хвінявіцкай сярэдняй школе тыдзень пачаўся з акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”, у якой прынялі ўдзел не толькі вучні, але і настаўнікі, і работнікі ўстановы. У школьным этнаграфічным музеі “Утульная хатка” прайшла экскурсія, у час якой можна было дакрануцца да экспанатаў, паспрабаваць сябе ў ролі гаспадыні ці гаспадара. У квэст-гульні яе ўдзельнікі прадэманстравалі свае веды па вуснай народнай творчасці.
Акрамя гэтага прайшоў конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю?”, у якіх вучні-старшакласнікі ўзгадалі гістарычнае мінулае нашай краіны, продкаў, якія захавалі для нас неацэнны скарб – нашу мову.
На працягу тыдня працавала пляцоўка “Гучы, беларускае слова!”, прысвечаная беларускім паэтам-песнярам Якубу Коласу і Янку Купалу.
Сярод мерапрыемстваў, арганізаваных гімназіяй № 1 горада Дзятлава, – выставы “Родная мова ўчора, сёння, заўтра…”, “Сэрцам роднага слова краніся”, інтэрактыўныя дошкі “Любімыя вершы аб роднай мове”, “Смак роднай мовы”.
Прайшлі прэзентацыі віншавальных паштовак з пажаданнямі роднай мове, спаборнічалі гімназісты ў стварэнні інтэрактыўных воблакаў слоў “Маё любімае слова па-беларуску”, праведзена інтэрактыўная гульня “Я люблю цябе, мая Беларусь”, была арганізавана экскурсія ў гімназічны музей “Аб родным краі роднай мовай”. Падчас яго наведвання вучні даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях знакамітых людзей Дзятлаўшчыны, паслухалі вершы землякоў Георгія Шундрыка, Віктара Шымука. Новыя таленты раскрыліся ў час конкурсу “Чытаем вершы пра родную мову”.
Сапраўдным святам стала сустрэча гімназістаў з Аленай Абрамчык, старшым навуковым супрацоўнікам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея . Вучні пазнаёміліся з вершамі паэтаў Дзятлаўшчыны, паэзіяй Алены Рыгораўны.
Выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Пад небам сінім” была прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Прымаючы ўдзел у чэленджы “Мова краіны маёй: пра настаўніка – з любоўю”, вучні запісалі відэа-дэкламацыю вершаў Сяргея Грахоўскага “Ніколі не забудзем” і Алены Руцкай “Настаўніку” і накіравалі для ўдзелу ў раённым і абласным конкурсе.
У Казлоўшчынскім дзіцячым садзе ў час тыдня роднай мовы выхаванцы інтэгрыраванай групы стварылі паравозік “Пажаданне роднай мове”, а старшая група прыняла ўдзел у марафоне “Мова родная – мова модная”, дзе кожны выказаў сваё пажаданне беларускай мове. Конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў падрыхтавалі выхаванцы сярэдняй і старшай груп. Таксама аформілі кніжную выставу “Скарбонка памяці”, прысвечаную беларускім творам Янкі Купалы і Якуба Коласа. І тут не абышлося без акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga