Імёны вайны. Вяртанне. “Хутка збірацца да Будніка”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Была такая прыказка ў дзятлаўчан, якія жылі некалькі дзесяцігоддзяў таму ў нашым невялікім і ўтульным гарадку.

Першы раз яе пачула, калі запрасілі ў музей Вячаслава Будніка, сына ветэрана вайны Івана Міхайлавіча Будніка, каб расказаў пра бацьку. Вячаслаў Іванавіч нам і патлумачыў, чаму так гаварылася калісьці. Хата Буднікаў была крайняя па вуліцы Слонімскай, далей былі могілкі, таму людзі так і жартавалі. Беларусы ж любяць жарт, асабліва самі з сябе пацешыцца. Такім жартаўніком быў і сам Іван Міхайлавіч, чалавек некалі вельмі папулярны ў горадзе менавіта праз свае жарты і прыколы. Усе гэта ведалі і не крыўдзіліся, бо не так шмат нараджаецца людзей з прыродным уменнем заўважыць смешнае і падаць яго так, каб рассмяшыць усіх навокал.

А на самой справе Іван Буднік быў паважаным чалавекам, майстрам-абутнікам, які працаваў пры польскай уладзе ў прыватніка-яўрэя, а пасля вайны ладзіў старэнькія чаравікі і боты ўсім дзятлаўчанам – часы былі няпростыя, адзення і абутку купіць не было дзе.

Нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Жукоўшчына ў сялянскай сям’і. Бацькі сваёй зямлі не мелі, батрачылі ў пана пры маёнтку. Зарабілі грошай і на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя пабудавалі ўласную хату ў Дзятлаве, пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў мястэчка. Участак, на якім пабудаваліся, належаў казне, таму і каштаваў менш, чым прыватны. Так і апынуліся з краю. А ў крайнюю хату, як вядома, заходзіць не толькі радасць, але і няпрошаныя госці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў хаце Буднікаў была нямецкая застава, месца, дзе правяралі дакументы, рэчы, вазы з таварам у тых, хто ехаў у Дзятлава. Безумоўна, сям’і давялося пацясніцца, жыць на некалькіх метрах і маўчаць, каб застацца жывымі.

Але не такім чалавекам быў Іван Буднік: сядзець і чакаць ён не ўмеў і хутка наладзіў сувязь з партызанамі. Сыны Іван і Вячаслаў не помняць прозвішча сувязнога з Марозавіч, які прыходзіў да бацькі за зброяй і медыкаментамі, звесткамі пра размяшчэнне акупантаў у розных месцах мястэчка, хоць бацька і называў яго калісьці. Усё перапраўлялася ў партызанскі атрад, ды і здабыць інфармацыю, жывучы пры заставе, было лягчэй. Аднак рызыка немалая, увесь час сувязны хадзіў “па лязе нажа”.

30 ліпеня 1944 года, адразу пасля вызвалення Дзятлава, Іван Міхайлавіч пайшоў на фронт. Ваяваў на 3-м Беларускім фронце, дайшоў да Берліна, з баямі разам з палком прабіваючыся па тэрыторыі Германіі. Двойчы быў паранены. Дадому вярнуўся вясной 1946 года.

На сайце “Памяць народа” (https://pamyat-naroda.ru/heroes/podvig-chelovek_nagrazhdenie45261032/) маюцца звесткі пра тое, што чырвонаармеец Іван Буднік, стралок 2-га стралковага батальёна, у баях з нямецкімі захопнікамі за авалоданне горадам Берлінам 30.04.1945 года праявіў мужнасць і баявую адвагу, там жа быў двойчы паранены.

Пасля вайны ён актыўна ўключыўся ў мірнае жыццё, спачатку працаваў прыватным абутнікам, а з 1957 года – вартаўніком у ДРБУ, абутнікам на камбінаце бытавога абслугоўвання, вартаўніком у сістэме аховы.

Памёр ветэран вайны ў 1981 годзе.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з фашызмам, узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, ордэнам Чырвонай Зоркі і Славы III ступені. Пералічаныя ўзнагароды, атрыманыя менш чым за год удзелу ў баявых дзеяннях, бясспрэчна, сведчаць пра гераізм і смеласць нашага земляка.

Час бяжыць, мяняюцца пакаленні, мала хто з дзятлаўчан памятае Івана Міхайлавіча жывым, а выслоўе “Хутка і мне збірацца да Будніка”, як ні дзіўна, жыве. Нядаўна пачула яго ў раённай паліклініцы ад нестарога яшчэ мясцовага мужчыны. І, магчыма, дзякуючы гэтай народнай памяці і мы, даследчыкі, яшчэ можам знайсці звесткі пра тых, хто ў гады страшнага ліхалецця абараніў нашу Радзіму і народ.

Алена АБРАМЧЫК,

старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: