Вікторыя Тыць: “Наперадзе – шмат важных і цікавых рашэнняў”

Важнае Грамадства

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшло першае пасяджэнне моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь другога склікання.

Удзел у ім прымалі 138 маладых дэлегатаў з розных куткоў нашай краіны.

Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве прадстаўляла член моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, педыятр цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыя Тыць.

Вікторыя Андрэеўна падзялілася ўражаннямі ад форуму:

– З Прынёманскага рэгіёна ў сталіцу прыбыло 15 дэлегатаў – па адным ад кожнага раёна. Праграма сустрэчы была шырокай, па большасці праходзіла ў неафіцыйным фармаце, тычылася розных кірункаў дзейнасці. Паколькі гэта было першае, установачнае, пасяджэнне моладзевага парламента другога склікання, то шмат увагі мы надалі фарміраванню камісій і выбарам старшыні. Ім стаў выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Мікіта Рачылоўскі – харызматычны, мэтанакіраваны моладзевы лідар з важкім багажом ведаў. Тым не менш, аднаму цяжка з’яўляцца кампетэнтным ва ўсіх сферах жыцця, таму пры моладзевым парламенце створаны 10 камісій, якія будуць курыраваць розныя кірункі дзейнасці. Напрыклад, я трапіла ў камісію па сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя. Упэўнена, што наперадзе чакае шмат важных і цікавых рашэнняў. Спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая таксама прымала щдзел у моладзевым форуме, назвала нас “патэнцыяльным рэзервам кадраў для краіны”. А мне было асабліва прыемна знаходзіцца сярод аднадумцаў. Сама я чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, таму і ў 2020 годзе прымала ўдзел у мітынгах “За Беларусь” і ў падтрымку Прэзідэнта. Цяпер на ўласныя вочы ўпэўнілася, што нас шмат: з агульнымі інтарэсамі, гатовых прыносіць карысць сваёй дзяржаве, працаваць на Радзіме, рухаць яе наперад. Дарэчы, у час пасяджэння актыўна абмяркоўвалася тэма развіцця рэгіёнаў, праблема адтоку маладых кадраў у вялікія гарады, гучалі прапановы наконт яе вырашэння і таго, чым зацікавіць моладзь з невялікіх гарадоў, якія ў яе могуць быць перспектывы, кар’ерны рост. Сышліся на думцы, што ў кожнай вобласці, кожным раёне будуць працаваць такія ж моладзевыя саветы.

Моладзі Дзятлаўскага раёна я жадаю не баяцца выказваць свае думкі і ідэі, бо для гэтага і ствараюцца падобныя аб’яднанні. Яшчэ неабходна весці дыялог з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, каб набірацца ў іх вопыту для далейшых паспяховых спраў, часцей збірацца разам, скіроўваць свае энергію і патэнцыял на развіццё роднага краю.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Вікторыяй ТЫЦЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: