Па дакументах – адгрузка, па факце – падзеж

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Слонімскім міжраённым аддзелам фінансавых расследаванняў праведзены праверкі 2-х сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, устаноўлены факты адгрузкі буйной рагатай жывёлы гродзенскай камерцыйнай структуры, што займаецца пастаўкамі ветпрэпаратаў.

Увагу фінансавай міліцыі прыцягнулі адпускныя цэны, якія фарміравала фірма, і надбаўка, што ў радзе выпадкаў дасягала трохзначных лічбаў. Здавалася б, такі клопат пра здароўе пагалоўя БРЖ павінны забяспечыць яго здачу на мясцовыя мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, але па факце абедзве гаспадаркі дагаворы паставак для дзяржаўных патрэбаў у планавых аб’ёмах не выканалі.

Паўстала пытанне: чаму буйная рагатая жывёла адпускаецца ў адрас “камерсантаў” як разлік за дарагія ветпрэпараты? Аналіз выявіў цікавую схему разліку: грузаадпраўшчыкам было сельгаспрадпрыемства, грузаатрымальнікам – камерцыйная структура-пастаўшчык ветпрэпаратаў, месцам дастаўкі і разгрузкі ў таварна-транспартных накладных пазначаўся забойны цэх аднаго са спажыўтаварыстваў вобласці, але туды жывёла “не даязджала”.

“Мазаіка склалася”, калі фінансавая міліцыя звярнула ўвагу на вадзіцеляў і тып транспарту ў накладных: менавіта гэтыя людзі і з’яўляліся фактычнымі пакупнікамі БРЖ, добра вядомымі праваахоўнікам у сувязі з “даўнім вядзеннем” мяснога бізнесу па куплі-продажы жывёлы ў гаспадарках, але ніяк не жывой вагой, што пацвярджала і грузапад’ёмнасць машын, ну а звесткі спажыўтаварыства, што пазначаная ў накладных жывёла ў забойны цэх не дастаўлялася, дадалі больш пытанняў да законнасці здзелкі і, галоўнае, – стану жывёлы.

Як высветлілася, да накладных былі прыкладзены бланкі ветэрынарных аглядаў устаноўленага ўзору, выдадзеныя ветстанцыяй, дзе пазначалася, што БРЖ клінічна здаровая. Па факце ж ніхто са спецыялістаў ветстанцыі ў гаспадаркі не выязджаў, усё афармлялася ў кабінеце. Далейшая праверка выявіла, што “камерсантам” адпускалі хворую жывёлу ў агоніі – стане, калі нарыхтоўчыя арганізацыі прыёмку аформілі б забоем з утылізацыяй, што для гаспадарак раўнялася “падзяжу”, таму і прымалася рашэнне аб рэалізацыі камерцыйнай структуры з экстраннай прырэзкай на тэрыторыі гаспадарак і адгрузкай мясам, а не жывой вагой. Па дакументах усё выглядала “роўна”: адгружалася жывая, клінічна здаровая БРЖ для дастаўкі на мясаперапрацоўчае прадпрыемства, на справе – мяса прырэзаных хворых жывёлін, якое “ад’язджала” ў невядомым кірунку.

Схема ўтойвала рэальны стан спраў у канкрэтных гаспадарках аб колькасці хворай жывёлы і фактах яе падзяжу. Вынікам праверкі фінансавай міліцыі стала прыцягненне абодвух сельгаспрадпрыемстваў і камерцыйнай структуры-атрымальніцы БРЖ да адміністрацыйнай адказнасці за адгрузку па несапраўдных таварасуправаджальных дакументах: у бюджэт паступіла амаль 20 тысяч рублёў. За выдачу несапраўдных ветэрынарных заключэнняў узбуджаны 4 крымінальныя справы на ветдактароў і іх кіраўніка за службовую падробку і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga