Дзятлаўчане развіталіся з цудатворнымі іконамі Маці Божай

Важнае Грамадства

13 цудатворных ікон, якія знаходзіліся ў храме Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, прадоўжылі сваё вандраванне па Беларусі.

На працягу двух тыдняў дзверы храма былі адчынены для ўсіх жадаючых памаліцца да нябеснай заступніцы і спазнаць яе цуды. Гісторыю кожнай іконы і малітву да яе вернікі маглі прачытаць у брашуры, выпушчанай да мерапрыемства.

– Прыхаджане касцёла і нашы браты-праваслаўныя прыходзілі ў касцёл са сваімі мужамі і жонкамі, дзецьмі, роднымі, каб ускласці малітву Найсвяцейшай Панне Марыі, і яна паказала дзятлаўчанам сваю цудатворную сілу, – сказаў у час імшы ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.

З адраджэннем касцёла на Беларусі адрадзіліся пілігрымкі ў святыя мясціны, дзе маліліся нашы продкі. Вернікі актыўна ў іх удзельнічалі, праходзілі нават на некалькі сотняў кіламетраў, каб асабіста падзякаваць Маці Божай за яе апеку. На жаль, апошнія гады каталікі не мелі магчымасці адпраўляцца ў паломніцтва з-за пандэміі. І тады, па словах мітрапаліта Мінска-Магілёўскага  арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Маці Божая сама рушыла ў пілігрымку па Беларусі. Пілігрымка была арганізавана ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, пробашчам касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску. Копіі найбольш вядомых цудатворных ікон Маці Божай былі правезены ўздоўж межаў Беларусі, а затым па многіх Беларускіх гарадах. Вернікі маліліся за спакой у нашай краіне і ў свеце, адзінства беларускага народа, за сем’і, моладзь, спыненне пандэміі.

Малітоўная акцыя-пілігрымка прадоўжыцца, бо вернікі многіх парафій чакаюць цудатворныя іконы ў сваёй мясцовасці.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga