Цяпер уваход у школу праз турнікет

Важнае Грамадства

Новы навучальны год установы адукацыі раёна сустрэнуць абноўленымі кабінетамі, новаўвядзеннямі ў школьнай форме, сучаснымі падыходамі да адукацыйнага працэсу і бяспекі дзяцей.

Дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Іван Кібінь расказаў, што чакае вучняў і іх бацькоў ужо ў верасні:

– Каб захаваць бяспеку нашых вучняў, уваход на тэрыторыю школы абмежаваны для людзей, якія не маюць адносінаў да навучальнага працэсу. Школьны двор агароджаны па перыметры, на сёння адкрыты толькі адзін уваход, што захаваецца і ў далейшым. Такое рашэнне было прынята ў мінулым годзе і паспрыяла падтрыманню парадку на прышкольнай тэрыторыі. Таксама, згодна з патрабаваннямі да ўстановаў адукацыі, дзе колькасць дзяцей перавышае 500 чалавек, з гэтага года на цэнтральным уваходзе ў будынак школы будзе працаваць электронная прапускная сістэма: педагогі і дзеці будуць праходзіць праз турнікет па пропусках. Заўважу, што гэта будзе адзіны ўваход у школу як для сярэдняга і старэйшага звяна, так і для пачатковых класаў.

– Калі пачне працаваць турнікет?

– У мінулым годзе была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якой займаўся Цэнтр па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, гэтым летам праведзены мантаж абсталявання, на дадзены момант завяршаецца распрацоўка праграмнага забеспячэння. Мяркуецца, што з 1 верасня турнікет пачне дзейнічаць. Навучэнцы і педагогі будуць праходзіць у навучальную ўстанову па электронных картках, іх замоўлена 860 штук.

– Электронны пропуск – дарагое “задавальненне” для бацькоў? Ці пусцяць на заняткі дзіця, калі яно забылася картку?

– Першапачаткова  пластыкавую картку-пропуск усе, каму належыць, атрымаюць бясплатна. Калі ж дзіця згубіць ці пашкодзіць яго, наступны будзе выдадзены платна, але кошт яго невысокі. Мы будзем акумуляваць пэўную суму на рахунку школы і цэнтралізавана закупляць карткі, каб яны заўсёды былі ў наяўнасці. Калі ваша дзіця забылася дома пропуск, не хвалюйцеся: на вахце заўсёды дзяжураць прадстаўнікі адміністрацыі, а раніцай – яшчэ і настаўнікі школы, якія ведаюць усіх навучэнцаў і прапусцяць іх на заняткі. Цэнтралізаваны праход цэлых класаў у суправаджэнні педагогаў будзе ажыццяўляцца праз аварыйны выхад у турнікеце.

– Ці змогуць бацькі кантраляваць праз электронныя карткі сваіх дзяцей?

– Пропускі, якія першапачаткова выдаюцца школьнікам, не індывідуальныя, яны проста працуюць на ўваход і выхад з установы. Аднак у далейшым верагодна з’явіцца магчымасць замовіць індывідуальную картку і запрошваць даныя па ёй у аператара сістэмы, куды будзе паступаць уся інфармацыя. Пакуль гэты праект у распрацоўцы.

– Якім чынам у школу змогуць патрапіць бацькі?

– Бацькі не павінны знаходзіцца ў школе. Калі казаць пра татаў і матуляў нашых першакласнікаў, то, разумеючы іх хваляванне, мы дазваляем праводзіць дзяцей у клас першы тыдзень заняткаў. У далейшым бацькі будуць развітвацца са сваімі ўжо самастойнымі школьнікамі на ўваходзе ў фае, перад турнікетам. Калі неабходна наведаць навучальную ўстанову, напрыклад, для гутаркі з педагогамі або нейкіх іншых мэтаў, дарослым трэба загадзя папярэдзіць аб гэтым адміністрацыю школы. У астатнім усё застаецца па-ранейшаму: паведамляеце мэту свайго візіту і чакаеце, пакуль дзяжурны паведаміць кіраўніцтву школы, рэгіструецеся ў журнале гасцей і праходзіце праз турнікет.

– Як мы ведаем, з гэтага навучальнага года ў кожнай установы адукацыі з’явіцца свой адметны аксесуар або элемент адзення. Які выбар на гэты конт зрабіла ваша школа?

– У выніку абмеркавання з бацькамі і педагагічным саставам адзіным элементам быў выбраны шэўрон. Ён будзе набыты цэнтралізавана: яго будуць насіць як школьнікі, так і настаўнікі нашай школы. Думаю, гэта пазітыўна паўплывае на дух яднання і згуртаванасці ў калектыве навучальнай установы.

– Што новага яшчэ з’явіцца ў гэтым навучальным годзе?

– У астатнім – без сюрпрызаў, прытрымліваемся абранай лініі. Прадоўжаць работу профільныя класы, выпускнікі якіх сёлета паказалі выдатныя вынікі пры паступленні. Як і раней, будуць працаваць педагагічныя, спартыўны, прававыя, класы профіляў “хімія-біялогія”, “руская-англійская мовы”, “руская мова-грамадазнаўства”. Калі казаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу школы, прыемна адзначыць, што на сёння мы маем дзве сучасныя спартыўныя залы з распранальнымі і душавымі кабінамі для камфорту школьнікаў. Таксама ў летні перыяд быў праведзены капітальны рамонт фае ў корпусе пачатковых класаў. Чыстыя абноўленыя кабінеты таксама ўжо чакаюць сваіх вучняў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: