Ёсць поспехі – паступаць лягчэй

Грамадства Свежыя навіны

З асаблівасцямі і новаўвядзеннямі сёлетняй уступнай кампаніі выпускнікоў нашага раёна і іх бацькоў прадаўжае знаёміць начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

На гэты раз мы даведаліся пра дадатковыя гарантыі для некаторых катэгорый абітурыентаў.

– У перыяд сёлетняй уступнай кампаніі дапаўняюцца катэгорыі абітурыентаў для залічэння без уступных экзаменаў, – расказала Наталля Сяргееўна. – Ільготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі вельмі разнастайныя і залежаць ад дасягненняў абітурыентаў, прычым, як вучэбных, так і творчых або спартыўных. Напрыклад, гэта новаўвядзенне тычыцца выпускнікоў профільных класаў спартыўна-педагагічнай скіраванасці. Навучэнцы профільных спартыўна-педагагічных класаў ці групаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнакаў не ніжэй за 8 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць профільным іспытам, а таксама адзнакаў не ніжэй за 7 балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах з рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончылі, і па выніках субяседавання, якое праводзіцца ўстановай вышэйшай адукацыі ў парадку, устаноўленым Міністэрствам спорту і турызму па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці напрамку “Фізічная культура” залічваюцца без экзаменаў, пры ўмове далейшай абавязковай адпрацоўкі не менш за пяць гадоў па размеркаванні пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў дзённай форме за кошт сродкаў бюджэту.

Без уступных іспытаў у сельскагаспадарчыя ўстановы могуць быць залічаны і выпускнікі, якія плануюць сваё паступленне па мэтавай падрыхтоўцы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, калі яны пройдуць па конкурсе атэстатаў. Мэтавыя дагаворы могуць быць заключаны з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, упраўленнямі сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў ці камітэтамі па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Выпускнік агракласа павінен мець у дакуменце аб адукацыі адзнакі па двух профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў (для паступлення на спецыяльнасці біялагічнага профілю – гэта хімія і біялогія, інжынернага профілю – матэматыка і фізіка), праўда, не на ўсе спецыяльнасці, а толькі на тыя, што вызначыць Мінсельгас.

Абітурыенты, якія не маюць неабходных сертыфікатаў ЦТ ці атрымалі па ім невысокія балы, пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці могуць здаць два профільныя ўступныя іспыты непасрэдна ў ВНУ.

На нясельскагаспадарчыя спецыяльнасці дастаткова 3 сертыфікаты ЦТ з ніжнім парогавым значэннем 20 і 10 балаў па першым і другім профільных прадметах адпаведна і 10 балаў па мове. Падрыхтоўку спецыялістаў па ўсім спектры запатрабаваных сельскагаспадарчай вытворчасцю спецыяльнасцяў ажыццяўляюць 4 аграрныя ВНУ: Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, а таксама 27 аграрных каледжаў. Хто не мае пералічаных ільгот, можа падаць дакументы на агульных падставах.

Выпускнікі профільных класаў і групаў ваенна-патрыятычнай скіраванасці ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, якія асвоілі вучэбную праграму факультатыўнага занятку “Гатовы Радзіме служыць!”, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 6 балаў па ўсіх вучэбных прадметах вучэбнага плана і рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончылі, маюць шанц трапіць у лік студэнтаў установаў адукацыі Міністэрства абароны і на ваенныя факультэты.

Гэта ж тычыцца выпускнікоў профільных класаў і групаў ваенна-патрыятычнай скіраванасці ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, якія асвоілі вучэбную праграму факультатыўных заняткаў “Юны пагранічнік” з  адзнакамі не ніжэй за 6 балаў па ўсіх вучэбных прадметах і атрымалі рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончылі, калі паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама ў інтарэсах органаў пагранічнай службы ў УВА Міністэрства абароны і на ваенныя факультэты.

Выпускнікі з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору і залатым або сярэбраным медалямі пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончылі, могуць паступаць без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці (пералік устаноўлены Міністэрствам адукацыі) і на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці (пералік устаноўлены Міністэрствам адукацыі па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі).

У 2022 годзе ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, Ваўкавыскім каледжы ГрГУ імя Я. Купалы ўпершыню будзе ажыццяўляцца прыём па новай для Беларусі спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі – “педагагічнае суправаджэнне”.

Пры паступленні на спецыяльнасці профіляў “тэхніка і тэхналогіі” і “натуральныя навукі” будуць ільготы ў тых, хто прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і атрымаў рэкамендацыі назіральнага савета. Яны змогуць стаць студэнтамі ВНУ па выніках субяседавання.

Бонус чакае тых, хто асвоіў вучэбную дысцыпліну “Школа кіравання”, якая рэалізуецца Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце РБ. Яны змогуць атрымаць статус студэнта без экзаменаў. Для гэтага трэба здаць выніковы іспыт не ніжэй за 9 балаў, мець сярэдні бал атэстата 8 і адзнакі 9 па вучэбных прадметах, адпаведных профільным выпрабаванням пры паступленні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga