Меліярацыя можа прыйсці ў жыццё нечакана і застацца ў ім назаўжды.
Асабліва гэта актуальна для жыхароў пасёлка Казлоўшчына, дзе Дзятлаўскае ПМС з’яўляецца “горадаўтваральным” прадпрыемствам. Тут пачынаецца гісторыя прафесійнага станаўлення галоўнага інжынера арганізацыі Дзмітрыя Мазаля.
Ён нарадзіўся тут, у пасёлку, скончыў базавую школу ў Казлоўшчыне, пасля вырашыў атрымаць прафесійную адукацыю. Была вучоба ў мясцовым прафтэхвучылішчы, сюды ж праз некалькі гадоў пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа прыйшоў на першае месца працы майстрам вытворчага навучання.
Воляй лёсу было так вызначана, што маладыя спецыялісты Дзмітрый Мазоль і Аляксандр Бандаровіч у 2008 годзе пасля тэрміну адпрацоўкі патрапілі пад скарачэнне ў вучылішчы і праз кароткі час уладкаваліся працаваць ва ўпраўленне меліярацыйных сістэм, тут працуюць разам дагэтуль. На іх рахунку – рэалізацыя мноства паспяховых праектаў, у тым ліку нядаўняе будаўніцтва моста ў Дзятлаве.
– Вы не паверыце, але, працуючы ў меліярацыі, за першыя пяць гадоў я ні разу не быў сам на меліярацыйным аб’екце, – адкрывае “страшную” таямніцу Дзмітрый Іванавіч. – Быў майстрам, затым прарабам, заўжды курыраваў “іншыя” напрамкі дзейнасці, а гэта значыць, усё, што не звязана з меліярацыяй, займаўся пераважна будаўніцтвам. У час работы атрымаў адукацыю інжынера-гідратэхніка ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Праз некаторы час спецыяліст быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара па будаўніцтве, увайшоў у тройку кіруючага саставу прадпрыемства разам з вопытнымі калегамі Мікалаем Магуйлам і Сяргеем Калодзічам.
З 2016 года Дзмітрый Мазоль – галоўны інжынер Дзятлаўскага ПМС, правая рука і надзейны працоўны тыл дырэктара Віктара Адамчыка. Сам Дзмітрый Іванавіч кажа, што такое павышэнне яго не напалохала: справу сваю ён ведае, выконваць пастаўленыя задачы і адказваць за сваю працу ўмее.
– Яшчэ ў дзяцінстве казаў, што, калі вырасту, буду прэзідэнтам або начальнікам, – кажа мужчына. – Вось прыкладна так і атрымалася.
Дзмітрый Мазоль любіць сваю справу, тут усё звыклае, блізкае, кажа ён. Радасці ад кожнага новага працоўнага дня дадае сустрэча з калегамі-сябрамі, з якімі прыемна і працаваць, і прафесійныя святы сустракаць. Выхадныя дні Дзмітрый Іванавіч любіць бавіць разам са сваёй вялікай сям’ёй – жонкай Вольгай і трыма дачушкамі, выбірацца з імі ў госці да сяброў, у падарожжа або проста на прыроду.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga