Слава вечная, слава героям! (+відэа)

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне ў рамках святкавання 77-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прадаўжаюцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

6 мая каля абеліска Славы памяць герояў-франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і загінулых у гады ваеннага ліхалецця ўшанавалі прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, воіны-афганцы, школьнікі, дзятлаўчане. Па традыцыі свята адкрыла ўрачыстае шэсце з цэнтра горада пад гукі Новаяльнянскага народнага духавога аркестра.

– Дзень Перамогі злучае ў сабе смутак і радасць, аб’ядноўвае ўсіх нас пачуццём гонару за доблесныя подзвігі продкаў, гэта свята гордага народа-пераможцы, – звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – На працягу 77 гадоў штогод мы адзначаем гэту светлую дату. І сёння сабраліся ў свяшчэнным месцы, каб ушанаваць памяць і подзвігі тых, хто абараняў нашу Радзіму ў гады ваеннага ліхалецця.

Віншаванні дзятлаўчанам і гасцям горада адрасаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– 77 гадоў назад адгрымелі залпы самай страшнай і крывавай у гісторыі чалавецтва вайны, якая адабрала жыцці больш за 20 мільёнаў чалавек. Каля абеліска Славы – сімвала воінскай доблесці, які быў узведзены ў 1967 годзе, мы штогод ушаноўваем імёны землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі. Чым далей у гісторыю адыходзіць дзень перамогі, тым большую значнасць для нас ён набывае. Мы ведаем, якой цаной яна дасталася беларусам: загінуў кожны трэці, амаль няма ў Беларусі сям’і, дзе не было б страт. Вялікую цану за перамогу аддала і Дзятлаўшчына: на палях змаганняў загінула 1419 воінаў, звыш 10 тысяч замучана, расстраляна, спалена, доля Хатыні спасцігла 6 вёсак раёна. Сёння мы аддаём даніну павагі ветэранам, якія падарылі нам мір, і тым, хто аднаўляў краіну пасля вайны. Быць нашчадкамі воінаў-пераможцаў не толькі вельмі ганарова, але і адказна. Мы павінны захоўваць памяць аб подзвігах дзядоў і прадзедаў, памнажаць іх набыткі. Я выказваю словы падзякі ўсім прадпрыемствам і ўстановам раёна, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да свята помнікаў і абеліскаў, асаблівая ўдзячнасць – сістэме адукацыі раёна за тое, што мы расцім дастойнае маладое пакаленне. Прыміце шчырыя віншаванні, няхай жыццё будзе доўгім, шчаслівым, мірным.

– У Другой сусветнай вайне вырашаўся лёс не толькі нашай Айчыны, але і многіх іншых народаў і краін, па-сутнасці, усяго чалавецтва, – адзначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта наш нацыянальны набытак. Над гэтым вялікім святам непадуладны час. Яно ўвасобіла ў сабе подзвіг гераічнага пакалення пераможцаў. Сёння мы аддаём даніну шчырай павагі памяці салдат, якія не вярнуліся з палёў бітваў, і ветэранам вайны, схіляем галовы перад іх подзвігамі. Лепшая памяць аб іх – сённяшнія справы на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі, для забеспячэння міру і стабільнасці ў ёй. З’яўляючыся неад’емнай часткай беларускага народа, Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь жывуць з ім адным жыццём, сумеснымі намаганнямі забяспечваючы мірную працу краіны, і заўсёды гатовы абараніць Айчыну, як гэта рабіла пакаленне пераможцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Са святам! Няхай у вашых дамах пануюць мір і спакой, шчасця вам, здароўя, дабрабыту, поспехаў у службе і працы на карысць нашай Рэспублікі Беларусь.

Да цёплых віншаванняў з Днём Перамогі далучыліся таксама першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Іаан Кісель, ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула. Лірычную песню выканала Марына Варган.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінулых, усклалі вянкі, гірлянды і кветкі да мемарыяла і Вечнага агню.

 

 

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі Юшкевіч і аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga