Па жыцці з добрай душой

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне ў вёсцы Данілавічы свой соты дзень нараджэння адзначыла чулая і працавітая жанчына, ласкавая, клапатлівая і ўважлівая маці, бабуля і прабабуля Тэафіла Адольфаўна Аўсянік.

Павіншаваць доўгажыхарку з векавым юбілеем прыехалі старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, прадстаўнікі адміністрацыі і прафкама ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка і Алена Зенчык, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, а таксама артысты мясцовага Дома культуры.

Разам з дачкой і сынам госці пажадалі юбілярцы моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу, аптымізму, доўгіх гадоў жыцця, каб усе нягоды і няшчасці праходзілі міма, а родныя і блізкія ніколі не забывалі, часцей наведвалі і акружалі клопатам. Імянінніцу парадавалі салодкімі і карыснымі падарункамі, букетам прыгожых кветак, спявалі для яе песні.

У Тэафілы Адольфаўны вялікая сям’я. У жанчыны чацвёра братоў і дзве сястры, трое сыноў і дачка, шмат унукаў і праўнукаў. На кавалак хлеба і вопратку яна пачала зарабляць ужо ў пяцігадовым узросце, калі даглядала чужых дзяцей. Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны зусім юная Тэафіла выйшла замуж. Муж трапіў на фронт у 1944 годзе. Клопаты па гаспадарцы і выхаванне двух маленькіх сыноў у страшныя і галодныя дні вайны ляглі на яе крохкія жаночыя плечы. Аднак, моцная духам, яна з усім справілася і дачакалася мужа з фронту.

Адразу пасля вайны і яшчэ доўгі час Тэафіла Адольфаўна працавала паляводам у калгасе. У вольны ад працы час яна любіла займацца ткацтвам. Сваімі рукамі стварыла мноства абрусаў, ручнікоў і іншых карысных ў гаспадарцы рэчаў. Дзеці з цяплом і любоўю расказваюць пра сваю маці, лічаць яе валявым і справядлівым чалавекам. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу і даць мудрую параду ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Бадзёры і пазітыўны настрой, уменне радавацца кожнаму новаму дню, вера толькі ў лепшае, нягледзячы ні на што, чуласць і працавітасць – вось формула поспеху векавой юбіляркі. Сваім прыкладам мудрая доўгажыхарка даказвае, што і ў сто гадоў жыццё працягваецца.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga