У КСУП “Жукоўшчына” новы дырэктар

Важнае Грамадства

Ставіць перад сабой мэту і ісці да яе, уласным прыкладам заахвочваючы іншых да працы, – галоўны жыццёвы прынцып Васілія Алесюка, які ўзначаліў калектыў КСУП “Жукоўшчына”.

– Гаспадарка някепская, перспектывы ёсць, – ацэньвае фронт работ новы кіраўнік. – Найперш будзем ствараць кармавую базу: зоймемся перазалужэннем, навядзеннем парадку на зямлі, бо з зямлі ўсё і пачынаецца. Каб дабівацца лепшых вынікаў, “плюсаваць” у жывёлагадоўлі, якая служыць драйверам росту сельскай галіны, неабходны якасныя кармы. Граматныя спецыялісты ў КСУП “Жукоўшчына” для гэтага ёсць, калектыў практычна ўкамплектаваны механізатарамі, жывёлаводамі, вадзіцелямі, таму будзем працаваць.

Васілій Іванавіч у сельскай прафесіі – чалавек не новы, ёсць у яго і дастатковы вопыт кіраўніка.

Нарадзіўся 3 студзеня 1971 года на Іўеўшчыне. Скончыў Геранёнскую сярэднюю школу, у 1989 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. У Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце атрымаў спецыяльнасць “агранамія”, значна пазней да яе далучылася – “кіраванне аграпрамысловым комплексам”, атрыманая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Вопыту малады спецыяліст набіраўся на Лідчыне, працуючы памочнікам кіраўніка ўчастка рэспубліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Ніва”, дзе прайшоў розныя прыступкі кар’ернай лесвіцы, дайшоўшы да галоўнага агранома гаспадаркі. У 2009 годзе быў назначаны кіраўніком СВК “Ходараўцы-Агра”, праз пэўны час перайшоў у СВК “Бердаўка-Агра”, дзе адпрацаваў 10 гадоў, тры з якіх – дырэктарам. Пасля злучэння дзвюх гаспадарак перайшоў у ААТ “Будаўніча-мантажны трэст № 19” горада Ліды начальнікам вытворчасці, працуючы там, і атрымаў прапанову вярнуцца ў сельскую прафесію – намеснікам дырэктара КСУП “Жукоўшчына”, што на Дзятлаўшчыне. Станоўчае рашэнне Васілій Іванавіч прыняў без асаблівых ваганняў, бо любіць зямлю, умее дасягаць на ёй поспехаў, што не аднойчы даказваў вынікамі сваёй работы. Гэта не засталося па-за ўвагай раённай і абласной улады, і 3 лютага 2022 года ён прызначаны дырэктарам гаспадаркі.

Граматныя адносіны, захаванне тэхналогій і тэрмінаў для кожнай культуры, клапатлівы догляд – вось складальнікі багатых ураджаяў, упэўнены Васілій Алясюк, таксама ён лічыць, што зноў вярнуўся ў сваю стыхію:

– Работа цікавая, чакаю станоўчых вынікаў, што дазволіць палепшыць эканоміку гаспадаркі і абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, каб на фоне іншых сельгасвытворцаў раёна быць сярод лепшых і каб да нас цягнуліся кадры, а ў людзей быў дастойны ўзровень заработнай платы. Будзем рады і моладзі: прымем, у складаныя моманты дапаможам, забяспечым жыллём адзінокіх і сямейных.

Яшчэ адзін напрамак работы, які не застаўся па-за ўвагай вопытнага аграрыя на новым месцы – вырошчванне садавіны і агародніны.

– У КСУП “Жукоўшчына” ёсць прыдатныя сховішчы пад такі ўраджай, іх будзем актыўна выкарыстоўваць. Збіраемся саджаць новыя яблыні, выдаляць старыя – жукоўшчынскі сад будзе жыць і абнаўляцца, спадзяёмся на добрыя вынікі ад гэтай справы. Сёлета запланавана раскарчоўка парадка 10 гектараў, высадка новых дрэўцаў. Брыгада працуе і цяпер – ажыццяўляе абрэзку галінаў, бо новы сезон не за гарамі, – зазначае Васілій Іванавіч.

Родныя жыццёвы выбар Васілія Алесюка падтрымліваюць, нягледзячы на тое, што працаваць яму цяпер даводзіцца ў суседнім раёне, галоўнае, што зноў займаецца справай па душы і ўпэўнена глядзіць у будучыню.

– Ад калектыву КСУП “Жукоўшчына” я чакаю ўзаемаразумення, даверу, добрасумленных і свядомых адносінаў да работы, бо плённая праца заўсёды спрыяе росту матэрыяльнага дабрабыту, павялічваецца жаданне яшчэ больш праяўляць сябе на рабочым месцы, – заключае Васілій Алясюк і запрашае прыязджаць у гаспадарку ў “гарачы для аграрыяў сезон”, калі актыўны рух пачнецца на ўсіх участках, тады і размова будзе больш дэталёвай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: