Па правілах і максімальна зручна для кожнага дзятлаўчаніна

Важнае Грамадства

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь у Дзятлаўскім раёне ўтвораны раённая камісія па рэферэндуму і 21 участак для галасавання.

Аб тым, як будзе арганізавана работа ўчасткаў для галасавання і аб важнасці ўдзелу ў рэферэндуме кожнага беларуса – у нашым інтэрв’ю са старшынёй Дзятлаўскай раённай камісіі па рэферэндуму Аляксандрам Андруцэвічам.

– Аляксандр Іванавіч, калі ласка, патлумачце нашым чытачам, для чаго праводзяцца рэферэндумы?

– Рэферэндум – гэта найважнейшы інстытут непасрэднай дэмакратыі. Ён уяўляе сабой усенароднае галасаванне з мэтай выяўлення грамадскай думкі для прыняцця канчатковага рашэння па якім-небудзь важным пытанні дзяржаўнага або грамадскага жыцця. У суверэннай Беларусі адбыліся тры рэферэндумы: 14 мая 1995 года, 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года – на ўсіх іх прымаліся найважнейшыя лёсавызначальныя рашэнні для нашай краіны. Вынікі беларускіх плебісцытаў (усенародных галасаванняў) з’яўляліся яркай дэманстрацыяй сапраўднага народаўладдзя і павагі да волевыяўлення грамадзян.

– Як будзе праходзіць гэты рэферэндум?

– На рэферэндуме грамадзянам трэба будзе адказаць на адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? У бюлетэні неабходна паставіць любы знак (крыжык, галачку, рысачку) пад адным з адказаў: або “за”, або “супраць”. Калі будуць абазначаны адразу два адказы ці, наадварот, ні адзін не абазначаны, такі бюлетэнь лічыцца несапраўдным. Несапраўднымі будуць прызнаныя і бюлетэні неўстаноўленага ўзору (якія адрозніваюцца па параметрах ад дзяржаўнага) або калі на адваротным іх баку адсутнічаюць подпісы членаў участковай выбарчай камісіі.

– Калі можна лічыць, што рэферэндум адбыўся?

– Згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, будзе лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў галасаванні прыме ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы тых, хто мае права ўдзельнічаць у рэферэндуме. Рашэнне аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь палічаць прынятым, калі за яго прагаласуе большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

– Хто можа галасаваць?

– Рэферэндум з’яўляецца ўсеагульным: права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. У рэферэндуме не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя недзеяздольнымі, асобы, якія па прыгаворы суда ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі. Не прымаюць удзелу і асобы, у адносінах да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання – утрыманне пад вартай. Не дапускаецца галасаванне за іншых асобаў і кантроль за волевыяўленнем удзельнікаў рэферэндуму.

– Якім чынам будзе арганізаваная работа ўчасткаў для галасавання?

– Для грамадзян будуць прадугледжаны ўсе ўмовы, каб яны маглі спакойна і абдумана прыняць рашэнне. Адначасова будуць выкананы антыковідныя меры і створаны ўмовы для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Так, для слабавідушчых і невідушчых грамадзян прадугледжаны трафарэты і павелічальнае шкло. Калі грамадзянін па стане здароўя або іншых уважлівых прычынах не зможа ў дзень рэферэндуму наведаць участак для галасавання, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання.

Згодна з даўно існуючай практыкай, напярэдадні дня рэферэндуму будзе праходзіць датэрміновае галасаванне.

– Калі пачнецца датэрміновае галасаванне?

– Участкі для датэрміновага галасавання будуць працаваць з 22 лютага. Кожны жадаючы зможа з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін наведаць свой участак і прагаласаваць.

У асноўны дзень галасавання, 27 лютага, участкі для галасавання адкрыюцца ў 8 гадзін і будуць працаваць да 20 гадзін. У гэты ж дзень будзе ажыццяўляцца падлік галасоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: