Мода на дабрыню ніколі не пройдзе

Грамадства Свежыя навіны

У рамках акцыі “Нашы дзеці” ў Гезгалаўскім яслях-садзе прайшоў  навагодні ранішнік, на які былі запрошаны дзеці са шматдзетных сем’яў, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-інваліды.

У госці да іх прыйшла Снягурка, а затым разам яны паклікалі і Дзеда Мароза. Навагодні чараўнік дапамог запаліць агеньчыкі на ёлачцы, паслухаў прыгожыя навагоднія вершы, павадзіў разам карагоды вакол навагодняй прыгажуні, пагуляў з дзецьмі ў снежкі. Але аказалася, што Дзед Мароз, пакуль ішоў на ранішнік, згубіў недзе ў сумётах свой мяшок з падарункамі. На навагоднім паравозіку ўсе разам адправіліся яго шукаць. Неўзабаве па тэлефоне паведамілі, што мяшок знайшоўся, але чамусьці ён быў пусты. Дзеці вельмі засмуціліся, а Дзед Мароз пры дапамозе свайго чароўнага посаха здзейсніў цуд: не толькі напоўніў куфэрак дзіцячымі падарункамі, але і падарыў ім веру ў дабро, шчаслівыя ўсмешкі і сапраўдны святочны настрой.

Мы ўдзячны дарослым, нераўнадушныя сэрцы якіх  штогод  дапамагаюць нам у добрых справах, дораць дзецям такія неабходныя ім цеплыню і клопат.

Усё, што мы робім ад душы для дзяцей, вернецца некалі і нам дабром.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: