На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі выбараў дэпутатаў моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў і Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў VI склікання.
З найбольшай колькасцю галасоў сярод 23 кандыдатаў перамаглі Анастасія Маскаль з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і Андрэй Голуб з Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Менавіта яны будуць прадстаўляць наш раён у саставе абласнога моладзевага парламента. Астатнія кандыдаты сталі дэпутатамі моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў.
Як расказала каардынатар яго дзейнасці Ірына Мішчанка, выбары праходзіла ў два этапы: першы, акружны – з 1 па 24 лістапада, калі кандыдатаў шляхам галасавання выбіралі сярод навучэнцаў 9-10 класаў школ раёна па месцы вучобы, другі, агітацыйны – з 25 лістапада па 15 снежня, калі кандыдаты ў сваіх навучальных установах праводзілі перадвыбарчую кампанію. А 15 снежня адбыўся Адзіны дзень галасавання.
Ірына Мішчанка расказала аб далейшых планах маладых парламентарыяў VI склікання. У студзені яны плануюць правесці пасяджэнне з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і прадставіць яму свае крэатыўныя ідэі і актуальныя для Дзятлаўшчыны праекты.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga