Тэма сумная, але дэталі трэба ведаць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Смерць прадказаць немагчыма, яна заўсёды прыходзіць раптоўна.

Нават калі чалавек сур’ёзна хворы, а дактары даюць несуцяшальныя прагнозы – ніхто дакладна не скажа колькі гадоў, дзён ці гадзін чалавек яшчэ пражыве.

Сёння мы пагаворым пра тое, якія дакументы трэба першачаргова аформіць, калі памёр чалавек. Тлумачэнні дае галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Святлана Вінакурава:

– Пасля ўстанаўлення прычыны смерці медустановай будзе выдадзена медыцынскае пасведчанне аб смерці.

Пасля таго, як будзе атрыманы гэты дакумент, чалавеку, які займаецца пытаннем рэгістрацыі смерці, а гэта можа быць не абавязкова сваяк, а і іншая асоба, неабходна далей атрымаць пасведчанне аб смерці і даведку аб смерці для атрымання матэрыяльнай дапамогі на пахаванне.

Для гэтага трэба звярнуцца ў ЗАГС або сельскі выканаўчы камітэт і прадаставіць наступныя дакументы:

пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу заяўніка (гэта значыць уласны);

пашпарт ці іншы дакумент (пры яго наяўнасці), які сведчыць асобу памерлага. Увага! Адсутнасць дакументаў, якія сведчаць асобу памерлага, не з’яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі смерці;

медыцынскае пасведчанне аб смерці, якое атрымана ў медустанове;

у выпадку рэгістрацыі смерці па месцы пахавання памерлага, дадаткова да вышэйпералічаных дакументаў неабходна мець

дакумент спецыялізаванай арганізацыі, якая ажыццявіла пахаванне памерлага;

у выпадку рэгістрацыі смерці ваеннаслужачых – ваенны білет памерлага (пры наяўнасці).

У які ЗАГС або сельскі выканкам звяртацца для рэгістрацыі смерці, атрымання пасведчання аб смерці і даведкі аб смерці?

Усё залежыць ад таго, якая інфармацыя змяшчаецца ў медыцынскім пасведчанні аб смерці і ў пашпарце памерлага. Спынімся на гэтым падрабязней.

1. Рэгістрацыя смерці па апошнім месцы жыхарства памерлага, як прывыклі казаць, прапісцы. Прывядзём прыклад: калі ў пашпарце памерлага месцам жыхарства прапісана вёска Падвялікае Дзятлаўскага раёна, то смерць неабходна зарэгістраваць у Казлоўшчынскім сельвыканкаме, на тэрыторыі якога знаходзіцца гэтая вёска.

2. Рэгістрацыя смерці па месцы наступлення смерці вызначаецца па месцы выяўлення памерлага – гэта інфармацыя пазначана ў медыцынскім пасведчанні аб смерці ў графе 7 “месца смерці”. Прыклад: у медыцынскім пасведчанні аб смерці ўказана месца смерці – вёска Руда Яварская Дзятлаўскага раёна, такім чынам смерць неабходна зарэгістраваць у Парэцкім сельвыканкаме, на тэрыторыі якога знаходзіцца гэтая вёска; калі месцам смерці ўказаны горад Навагрудак, то рэгістрацыя праводзіцца ў аддзеле ЗАГС Навагрудскага райвыканкама і гэтак далей.

3. Рэгістрацыя смерці па месцы знаходжання арганізацыі, якая выдала медыцынскае пасведчанне аб смерці, гэта значыць звяртацца ў орган ЗАГС або сельвыканкам, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца медустанова. Прыклад: калі медыцынскае пасведчанне аб смерці выдадзена ўстановай аховы здароўя “Слонімская цэнтральная раённая бальніца”, то месцам рэгістрацыі смерці ў гэтым выпадку будзе аддзел ЗАГС Слонімскага райвыканкама; калі Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцай, то месца рэгістрацыі смерці – Казлоўшчынскі сельвыканкам.

4. Рэгістрацыя смерці па месцы пахавання памерлага. У гэтым выпадку грамадзяніну неабходна мець на руках дакумент спецыялізаванай арганізацыі, якая ажыццявіла пахаванне, у якім будзе вызначана месца пахавання, па якім і можна будзе зразумець, у які орган ЗАГСа звярнуцца для рэгістрацыі смерці.

Аформіць рэгістрацыю смерці трэба не пазней за сем дзён з моманту смерці чалавека.

Максімальны тэрмін, у які орган ЗАГС афармляе рэгістрацыю смерці, – на працягу дня падачы заявы.

Дакумент, які сведчыць асобу памерлага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, пры рэгістрацыі смерці ў органе ЗАГС будзе канфіскаваны. Дакументы, якія сведчаць асобу замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, не канфіскоўваюцца!

Пасля рэгістрацыі смерці ў органе ЗАГС, як правіла, грамадзянін звяртаецца за афармленнем дапамогі на пахаванне.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga