Акцыя “Нашы дзеці”. З верай у лепшае, добрае, казачнае

Важнае Грамадства

З 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022 года па нашай краіне крочыць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

За гады існавання яна ператварылася ў сапраўдны марафон дабра.

Чым гэта акцыя адметная на Дзятлаўшчыне, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

– З нагоды адкрыцця акцыі было арганізавана ўшанаванне 34 найбольш актыўных, творча і інтэлектуальна адораных навучэнцаў, уручаны падарункі і сертыфікаты.

Для стварэння святочнай атмасферы і развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і педагогаў установы адукацыі далучыліся да раённага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне фасадаў і прылеглых тэрыторый.

Самі юныя жыхары раёна не застаюцца ў баку ад добрых спраў: валанцёры ГА “БРСМ”, ГА “БРПА”, Таварыства Чырвонага Крыжа падрыхтавалі святочныя паштоўкі з віншаваннямі для адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў, тых, хто жыве адзінока, пацыентаў Казлоўшчынскай, Новаяльнянскай гарпасялковых бальніц, Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду.

– Ці багаты бюджэт у сёлетняй навагодняй дабрачыннай акцыі?

– У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама для правядзення акцыі “Нашы дзеці” выдзелены 15 079 рублёў на набыццё салодкіх падарункаў для навучэнцаў 1-4 класаў, адораных вучняў, непаўналетніх з інваліднасцю, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Таксама выдзелены сродкі для набыцця падарункаў для сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дома сямейнага тыпу. Агульны бюджэт акцыі сёлета складае каля 20 000 рублёў. Але акрамя бюджэтных сродкаў, будуць накіраваны сродкі добраахвотных аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці, установаў.

– Якія святочныя мерапрыемствы чакаюць навучэнцаў нашага раёна?

З удзелам кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў добраахвотных аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, установаў 27 снежня ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло раённае навагодняе свята для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных сям’ях ці пад апекай; 28 снежня ў 11 гадзін у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава адбудзецца дабрачынны ранішнік для дзяцей-інвалідаў; у гэты ж дзень у 14 гадзін на навагоднюю ўрачыстасць ў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава будуць запрошаны адораныя дзеці. Гэта 60 навучэнцаў, якія з’яўляюцца выдатнікамі вучобы, пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, прызёрамі і пераможцамі алімпіяд, канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў.

– Ці паедуць юныя дзятлаўчане на абласное і рэспубліканскае святы?

– Гонар пабываць на Галоўнай ёлцы краіны выпаў Анастасіі Шавель з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і Аляксандры Якшук з Новаяльнянскай сярэдняй школы, якія з’яўляюцца выдатніцамі вучобы і дасягнулі высокіх вынікаў у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных мерапрыемствах. Дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы праходзіць 26-27 снежня ў Палацы Рэспублікі.

У Гродзенскай абласной філармоніі 23 снежня прайшоў абласны моладзевы навагодні “Бліскучы баль” з удзелам пар з розных раёнаў Прынёмання, у тым ліку навучэнцаў гімназіі № 1 горада Дзятлава Паліны Дзедавай і Данііла Гародкі.

Абласное дабрачыннае свята 28 снежня сабярэ дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў, пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў ва ўзросце 8-14 гадоў. Дзятлаўшчыну ў Гродне прадставіць дэлегацыя з 10 навучэнцаў. Гэта Дэвід Магбіці (сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава), Вераніка Лаўрэнцьева, Анастасія Жук, Ева Ламака (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава), Карына Лабейка (Новаяльнянская сярэдняя школа), Крысціна Юркевіч (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Аляксандра Лішык (Казлоўшчынская сярэдняя школа), Анастасія Сідорчык (Дварэцкая сярэдняя школа), Арцём Станкевіч (гімназія № 1 горада Дзятлава), Крысціна Русакевіч (Гезгалаўская сярэдняя школа). 27 снежня 11 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, Дзятлаўскай і Новаяльнянскай школ мастацтваў прымаюць удзел у абласным свяце “У Новы год з Белай Руссю”.

– Ці шмат “добрых чараўнікоў” у раённай акцыі “Нашы дзеці”?

Радуе, што да акцыі “Нашы дзеці” з кожным годам далучаецца ўсё больш неабыякавых людзей, актыўны ўдзел у ёй прымаюць грамадскія аб’яднанні, адгукваюцца прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці, павялічваецца сума сабраных сродкаў. Для дарослых няма лепшага падарунка, чым шчаслівыя ўсмешкі дзяцей. Сёлета ў рамках акцыі выхаванцаў прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава наведалі прадстаўнікі дабрачыннага фонду “Вера”, а таксама неабыякавыя грамадзяне ўручылі ім і 50 дзецям са шматдзетных і іншых сем’яў раёна салодкія падарункі. Навучэнцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з задавальненнем упрыгожылі навагоднюю ёлку, якую ім падарыў Дзятлаўскі лясгас. Акцыя прадаўжаецца, таму, я ўпэўнена, падобных прыкладаў у нашым раёне будзе шмат. Ніводнае дзіця не застанецца без увагі і памятных падарункаў. Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” – шырокамаштабная, таму запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у святочных мерапрыемствах, падарыць імгненні радасці і цяпла. Падтрымка і клопат – галоўныя рэсурсы, дзяліцца якімі можа і павінен кожны чалавек. Разам мы ствараем добрыя цуды, няхай вера ў лепшае, добрае, казачнае заўсёды застаецца з намі, матывуе на поспехі і новыя дасягненні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: