Праз паўстагоддзя – да поспеху

Важнае Грамадства

Дагледжаныя роўныя палеткі – візітная картка Дзятлаўскага раёна.

Гэта калектыўны аўтограф на роднай зямлі некалькіх пакаленняў мясцовых меліяратараў.

Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм у 2021 годзе святкуе свой паўвекавы юбілей. За гэты час зроблена нямала: сёння гэта прадпрыемства – адно з лепшых у Гродзенскай вобласці.

Дзятлаўскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне меліярацыі было ўтворана 26 лістапада 1971 года. Недалёка ад пасёлка Казлоўшчына ўсталявалі чатыры перасоўныя вагончыкі, і рабочыя прыступілі да ўзвядзення першага будынка мехмайстэрняў, у штат былі прыняты першыя чатыры супрацоўнікі. Да снежня працоўны калектыў павялічыўся да 40 работнікаў розных прафесій і працаваў пад кіраўніцтвам першага дырэктара Міхаіла Іванавіча Лойкі.

У 1973 годзе дырэктарам упраўлення стаў Анатоль Кураленка – спецыяліст, які валодаў тэхнічным мысленнем і атрымаў высокую ацэнку ў “Белгіправадгасе”.

У 1975 годзе на пасаду дырэктара ўпраўлення быў прызначаны Міхаіл Лукашэня – чалавек, знутры знаёмы з работай арганізацыі, які ажыццяўляў у поўным аб’ёме тэхнагляд і рэгулярна бываў на аб’ектах.

У тым жа годзе Дзятлаўскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне меліярацыі было перайменавана ў Дзятлаўскую перасоўную механізаваную калону № 55 (ПМК-55). Хутка ўдасканальвалася дзейнасць прадпрыемства: павялічвалася колькасць работнікаў, паляпшаліся ўмовы працы, тэхнічная база. У 1976 годзе тут пабудавалі свой адміністрацыйны будынак. Пачалі ўзводзіць і мікрараён для меліяратараў. Сваімі сіламі работнікі пабудавалі спачатку першы 12-кватэрны дом, затым яшчэ два – на 40 і 16 кватэр, дзіцячы сад. За арганізацыю добрых працоўных і бытавых умоваў меліяратары дзякавалі прадуктыўнай працай.

Да канца 1990-х гадоў з-за недахопу дзяржаўнага фінансавання галіна сутыкнулася з цяжкасцямі. Каналы зарасталі хмызнякамі, з севазвароту выпадалі тысячы гектараў ворных земляў. Ды і самі меліяратары апускалі рукі, шукалі магчымасць зарабіць на хлеб у іншых сферах.

Вецер перамен падзьмуў у пачатку 2000-х. Прынятая Дзяржаўная праграма “Захаванне і выкарыстанне меліяраваных зямель” удыхнула новае жыццё ў галіну. Да работы прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм падключыліся навукоўцы, актыўна пачала закупляцца тэхніка, спецыялісты зноў адчулі сябе патрэбнымі. Закіпела праца – і аддача ад зямлі не прымусіла сябе доўга чакаць.

У 2001 годзе меліяратары Казлоўшчыны пачалі абслугоўваць і Карэліцкі раён. У далейшым прадпрыемства атрымлівала новае найменне яшчэ двойчы: у сакавіку 2003 года яно было перайменавана ў Дзятлаўскае ўпраўленне меліярацыйных сістэм, а ў кастрычніку 2009 года – у камунальнае ўнітарнае прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Дзятлаўскае ПМС”.

Згодна з рашэннем Гродзенскага аблвыканкама № 792 ад 29.11.2011 года бязвыплатна з балансу ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” Дзятлаўскаму ПМС былі перададзены збудаванні і сеткі. Тады быў створаны Карэліцкі ўчастак Дзятлаўскага ПМС, кіраўніком якога дагэтуль з’яўляецца Васіль Баўдзей.

Сёння Дзятлаўскае ПМС прадаўжае развівацца: удасканальваецца тэхнічная база, павялічваецца штат супрацоўнікаў, растуць эканамічныя паказчыкі. За паўстагоддзя прадпрыемства не толькі здолела захаваць сябе, але і набыло статус паспяховай у сваёй галіне арганізацыі. Яго работнікі праяўляюць адказнае стаўленне да працы і ініцыятыву, ахвотна пераймаюць вопыт старэйшага пакалення, каб унесці ўклад у стварэнне новай старонкі багатай гісторыі дзяржаўнага прадпрыемства “Дзятлаўскае ПМС”.

На чале Дзятлаўскага ПМС тады і цяпер стаяць аўтарытэтныя кіраўнікі: Міхаіл Лойка (лістапад 1971 – снежань 1972 года), Антон Курыленка (студзень 1973 – кастрычнік 1975 года), Міхаіл Лукашэня (лістапад 1975 – верасень 1988 года), Віктар Шушко (кастрычнік 1988 – люты 2009 года), Віктар Адамчык (з 2 сакавіка 2009 года па цяперашні час).

Залатымі літарамі ў гісторыю прадпрыемства ўпісаны імёны ганаровых меліяратараў: трактарыста Мікалая Савіча (43 гады стажу), прараба Генадзя Аўчыннікава (42 гады стажу), машыніста экскаватара Пятра Лішыка (37 гадоў стажу), прараба, галоўнага інжынера, намесніка дырэктара па эксплуатацыі, начальніка групы эксплуатацыі Сяргея Калодзіча (41 год стажу), галоўнага інжынера, майстра Мікалая Магуйлы (больш за 40 гадоў стажу), машыніста экскаватара Сяргея Альшэўскага (37 гадоў стажу), начальніка ўпраўлення меліярацыйнага будаўніцтва Віктара Шушко (41 год стажу), інжынера-геадэзіста Міхаіла Дзядзюка (36 гадоў стажу).

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga