Дзятлаўчане аддаюць перавагу асабістым зваротам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Работа са зваротамі грамадзян – адзін з важнейшых напрамкаў дзейнасці дзяржаўных органаў, паколькі яна скіравана на павышэнне якасці жыцця нашага грамадства.

З якімі пытаннямі ў трэцім квартале 2021 года нашы землякі найчасцей звярталіся ў раённы выканаўчы камітэт, расказала намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч.

– Уцэлым сёлета назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці зваротаў грамадзян як у раённы выканаўчы камітэт, так і ў сельвыканкамы. Разам з тым, нашы землякі, замест падачы пісьмовых або электронных зваротаў, аддаюць перавагу “жывым” стасункам і больш ахвотна прыходзяць на асабістыя прыёмы да кіраўніцтва райвыканкама або звяртаюцца на прамыя тэлефонныя лініі.

Усяго з пачатку 2021 года ў райвыканкам паступіла 142 звароты, з якіх 39 – у трэцім квартале (17 пытанняў было зададзена вусна, яшчэ 22 прагучалі ў час работы прамых тэлефонных ліній).

Калі аналізаваць іх больш дэталёва, то ў галіне работы мясцовых органаў дзятлаўчан хвалявала дзейнасць раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Па-ранейшаму жыхароў раёна цікавяць пытанні землеўпарадкавання, што звязана з паступленнем заяваў аб узніклых зямельных спрэчках паміж суседзямі, а таксама з выкарыстаннем зямельных участкаў не па прызначэнні і адпаведна выказваннем нязгоды з прадпісаннямі спецыялістаў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама. У сферы архітэктуры і будаўніцтва звароты мінулага квартала тычыліся прызнання дома безгаспадарчым, прыняцця мераў па ўключэнні дома з незавершаным будаўніцтвам у гаспадарчы абарот, самавольнага будаўніцтва, парадку прадастаўлення крэдытаў на рэканструкцыю жылых памяшканняў, тлумачэнняў архітэктурных патрабаванняў да нежылых памяшканняў, рэканструкцыі царквы ў аграгарадку Дварэц, іншага.

Звароты па якасці медыцынскага абслугоўвання паступілі як ад дзятлаўчанкі, так і ад жыхароў некаторых населеных пунктаў раёна, таксама заяўнікаў цікавіў парадак вызначэння групаў здароўя пры праходжанні медыцынскіх аглядаў для працаўладкавання і прызыву на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Пры разглядзе гэтых зваротаў фактаў, якія пацвярджаюць няякаснае медыцынскае абслугоўванне, не выяўлена.

Дзятлаўчан, якія звярталіся з пытаннямі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, хвалявала закрыццё стацыянарных магазінаў у аграгарадку Гезгалы і вёсцы Ахонава, абслугоўванне некаторых населеных пунктаў аўталаўкамі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, аднаўленне работы магазіна “Світанак” па вуліцы Чырвонаармейскай у Дзятлаве.

У сферы адукацыі бацькоў цікавіла магчымасць знаходжання ў ЦКРіР дзіцяці-інваліда да дасягнення ім 18 гадоў, аказанне ў гэтай установе паслугаў медыцынскага масажу, арганізацыя падвозу дзяцей з аддаленых населеных пунктаў да ўстановаў адукацыі.

Нягледзячы на паступовае зніжэнне ў 2021 годзе колькасці зваротаў па пытаннях работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, яны па-ранейшаму займаюць сярод іншых найбольшую ўдзельную вагу. Найчасцей дзятлаўчане ўздымаюць пытанні аб пракладцы сетак камунікацый у прыватным жылым сектары, рамонце, эксплуатацыі і ўтрыманні жыллёвага фонду, добраўпарадкаванні і ўтрыманні населеных пунктаў, у тым ліку вуліц і дарог, паляпшэнні жыллёвых умоваў, спілоўванні дрэваў і іншыя. Для паляпшэння жыллёвых умоваў у 2021 годзе ў Дзятлаўскім райвыканкаме на ўлік маючых патрэбу пастаўлена 24 сям’і, для пражывання зацікаўленым асобам выдзелена 51 кватэра камерцыйнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, 10-і сем’ям з дзецьмі прадастаўлена субсідыя паводле Указа Прэзідэнта № 240, яшчэ 35 заяўнікаў уключаны ў спіс на атрыманне крэдыту на рэканструкцыю жылых памяшканняў. Дзятлаўскім райвыканкамам прынята рашэнне аб датэрміновай выплаце сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоваў 47 шматдзетным сем’ям, вядзецца будаўніцтва 72-кватэрнага жылога дома, у райцэнтры выкананы капітальны рамонт двух шматкватэрных жылых дамоў. На ямачны рамонт 400 метраў квадратных вулічна-дарожнай сеткі ў Дзятлаве, Наваельні,

Казлоўшчыне выкарыстана 40,4 тоны асфальтабетоннай сумесі, а таксама 1600 кілаграмаў бітумнай эмульсіі – на “латанне” расколін на 500 метрах квадратных дарожнага пакрыцця.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што раённымі службамі вядзецца пастаянная работа па забеспячэнні асноўных патрэбаў насельніцтва ў самых разнастайных сферах па пытаннях, якія закранаюць у сваіх зваротах грамадзяне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga