З Раготна – з любоўю

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны год на Дзятлаўшчыне работнікі лясгаса і ўдзельнікі добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу” закладваюць сваю будучыню.

Праз гады з саджанцаў вырастуць лясы, якія дадуць нашым нашчадкам чыстае паветра, эстэтычную асалоду і, нарэшце, каштоўную драўніну.

Саджанцы будучых лясных волатаў клапатліва вырошчваюць у трох лясніцтвах нашага раёна. У Раготнаўскім для гэтых мэтаў пабудаваны 12 парнікоў, дзе гадуюць маладыя сосны.

– У маі пасеялі насенне сасны, а ўжо будучай вясной плануем атрымаць не менш за 500 тысяч саджанцаў, якія будуць укараняцца ў лясах Дзятлаўшчыны, – знаёміць з бліжэйшымі планамі ляснічы Раготнаўскага лясніцтва Дзмітрый Томчык.

Пасадачны матэрыял у лясніцтве вырошчваюць з прымяненнем сучаснай экалагічнай сістэмы паліву, якая падае ваду з мясцовага возера праз рэзервуар да кожнага парніка. Сістэма функцыянуе аўтаномна і аўтаматычна, патрабуючы толькі кантролю. На этапе ўзрастання саджанцаў неабходна праполка, якую выконвае лесавод.

Работнікі лясніцтва даглядаюць саджанцы, як сапраўдных сваіх гадаванцаў: спачатку беражліва прарошчваюць пад покрывам, “сілкуюць” угнаеннямі, апрацоўваюць ад шкоднікаў і палягання, затым загартоўваюць, каб праз год, нарэшце, перадаць для высадкі, пад апеку леснікоў. У такіх саджанцаў шанец добра прыжыцца звыш 90 %, кажуць у лясніцтве. І заклікаюць землякоў берагчы лес, узгадаваны з любоўю, клопатам і вялікай людской працай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga