Сяргей Дурко: “Даходы разумна інвестуем”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко расказаў аб поспехах установы, мадэрнізацыі і планах на будучыню, маладых спецыялістах і Дні народнага адзінства, які сёлета амаль супаў з прафесійным святам.

– Сяргей Віктаравіч, як працуе Дзятлаўскі лясгас у 2021 годзе?

– За няпоўныя 9 месяцаў гэтага года ўсе вытворчыя паказчыкі намі паспяхова выкананы, а некаторыя нават пераўзыдзены, усе сёлетнія планы і задумкі таксама падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Калі казаць мовай лічбаў, за гэты год мы паспелі нарыхтаваць 155 тысяч кубічных метраў драўніны, якая рэалізуецца на экспарт, каля 3,5 тысячы кубоў штомесяц перапрацоўваецца ў нашым дрэваапрацоўчым цэху ў Вензаўцы. Акрамя таго, стараемся не абысці ўвагай і задаволіць усе заяўкі на драўніну ад насельніцтва раёна.

– У чым сакрэт паспяховай работы?

– На маю думку, у мадэрнізацыі ва ўсіх сферах і абнаўленні машынна-трактарнага парка арганізацыі – гэтыя працэсы неперапынныя ў Дзятлаўскім лясгасе. У мінулым годзе мы адкрылі новы дрэваапрацоўчы цэх у Вензаўцы, які істотна павысіў выручку прадпрыемства. Сёлета ўстанаўліваем там дадатковую рубільную машыну, якая дазволіць скараціць аб’ём ручной працы і павялічыць прадукцыйнасць. Акрамя таго, у планах – будаўніцтва сушыльнага комплексу, які павысіць кошт нашай прадукцыі на рынку. Цяпер актыўнымі тэмпамі ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі побач з памяшканнямі цэха. Акрамя таго, прадаўжаем бягучы рамонт адміністрацыйнага будынка лясгаса, праводзім рамонты ў лясніцтвах раёна, каб людзям было прыемна знаходзіцца на сваіх працоўных месцах. Адным словам, даходы прадпрыемства мы не толькі назапашваем, але і разумна інвестуем.

– Якімі машынамі сёлета папоўніліся гаражы лясгаса?

– Толькі за гэты год мы набылі нямала спецтэхнікі, у ліку якой два новыя сартыментавозы на базе аўтамабіля МАЗ, прызначаныя для работы ў любых умовах надвор’я; пагрузчык “Амкадор”, які будзе задзейнічаны на загрузцы вагонаў. З пачатку гэтага года працуем у межах адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай сістэмы ўліку драўніны, што вымушае ляснічых быць больш мабільнымі, акрамя таго, яны маюць яшчэ нямала надзённых задач, якія трэба хутка вырашаць. Таму ў дапамогу ляснічым у бліжэйшы час набудзем 9 легкавых аўтамабіляў “Ніва” – па адным для кожнага лясніцтва.

– Сёлетні “Тыдзень лесу” стаў, відаць, самым масавым за апошні час. Якія яго вынікі?

– Сапраўды, у гэтым годзе жаданне паўдзельнічаць у акцыі выказалі практычна ўсе арганізацыі Дзятлаўшчыны. Кіраўніцтва раёна паказала ўласны прыклад, задаўшы высокую планку іншым. Найбольш актыўна ў працэс уключыліся работнікі сістэмы адукацыі і самі школьнікі. Дзякуючы агульным намаганням, быў пасаджаны лес на плошчы 200 гектараў, які, дарэчы, добра прыжыўся. Восенню мы будзем праводзіць дапаўненне лясных культур на пасадках, таксама запросім да ўдзелу ў рабоце дзятлаўчан.

– Як працуецца ў арганізацыі моладзі?

– Нягледзячы на тое, што наша праца не з лёгкіх, моладзь прыходзіць у лясную гаспадарку і застаецца тут. Нядаўна вярнуліся пасля тэрміновай службы ў войску тры маладыя спецыялісты, якія прадоўжаць працу ў лясгасе. Сёлета да нас прыбылі двое маладых людзей – памочнікі ляснічага, якія прывезлі з сабой будучых жонак – інжынераў лясной гаспадаркі, іх мы таксама працаўладкавалі па спецыяльнасці. Са свайго боку стараемся зрабіць усё магчымае, каб моладзі было камфортна і цікава: выплачваем дапамогу і прэміі, пры неабходнасці забяспечваем жыллём, актыўна далучаем маладых людзей да прафсаюзных, культурных і спартыўных галіновых мерапрыемстваў.

– Ваша прафесійнае свята практычна супала сёлета з новай знакавай для краіны датай – Днём народнага адзінства. Як ставіцеся да гэтага?

– Думаю, такое супадзенне невыпадковае, улічваючы, што лясная гаспадарка – гэта сапраўдная сям’я, аб’яднаная агульнымі мэтамі і задачамі, прыклад народнага адзінства ў маштабах працоўнага калектыву. У працэсе нашай вытворчай дзейнасці не абысціся без узаемнай падтрымкі і паразумення. Стараемся разам не толькі працаваць, але і адпачываць. Таксама дружна адзначым як сваё прафесійнае, так і агульнадзяржаўнае свята.

– Што пажадаеце калегам па працы?

– Усім работнікам арганізацыі, спецыялістам хачу пажадаць моцнага здароўя, задавальнення ад працы і ўласнага даходу, гонару за сваю арганізацыю. Дабра, міру, адзінства і дабрабыту ўсім работнікам галіны і іх сем’ям.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga