Наталля Белаус: “Ад выхавання падрастаючага пакалення залежыць лёс нашай краіны”

Важнае Грамадства

24 жніўня ўсе педагогі краіны сачылі за Рэспубліканскім педагагічным саветам, які прайшоў пры ўдзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Сустрэча расставіла акцэнты ў рабоце навучальных установаў на будучы год і анансавала істотныя рэформы. Сваімі думкамі ад пачутага падзялілася начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус:

– На Рэспубліканскім педагагічным савеце былі ўзняты пытанні, вельмі важныя для сучаснай сістэмы адукацыі. Як адзначыў кіраўнік краіны, неабходна поўная перазагрузка ў гэтай сферы. Вельмі важным аспектам, які абмяркоўваўся ў час сустрэчы, з’яўляецца бяспека дзяцей у навучальных установах, стварэнне роўных умоў для адукацыйнага працэсу. Аляксандр Рыгоравіч слушна заўважыў, што ўсе мы, педагогі і бацькі, адказваем за далейшы лёс сённяшніх навучэнцаў, за фарміраванне асобы, а значыць – за выхаванне патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны. Ад таго, як мы выхаваем і навучым падрастаючае пакаленне, залежыць лёс нашай краіны.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння высокія патрабаванні прад’яўляюцца да работы педагагічных кадраў. Мне вельмі імпануюць словы Аляксандра Рыгоравіча пра тое, што школа – гэта храм, і ўсе мы, яго прыхаджане, адказныя за тое, у якім стане ён знаходзіцца.

Нароўні з выхаваннем педагогі не павінны забываць пра адукацыйны працэс. Тое, з якім багажом ведаў выпускнік пакіне школу, таксама непасрэдна залежыць ад педагогаў і бацькоў. Гэта паўплывае на выбар будучай прафесіі, а значыць, увесь лёс чалавека. На педагагічным савеце мы пачулі, што сістэму адукацыі чакаюць істотныя змяненні ў плане выніковай атэстацыі, здачы выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Думаю, да 2023 года ўсе гэтыя пытанні будуць узважаны, усе нюансы ўлічаны і прыняты правільныя рашэнні. Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі мы вырашым задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам перад педагагічнай сферай. Разам мы зможам стварыць для дзяцей камфортныя бяспечныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: