Да дэпутата звярнуліся з мясцовымі праблемамі

Важнае Улада

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце чарговую прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

Да яго звярнуліся з просьбамі двое нашых землякоў.

Жыхар Круцілавічаў прасіў падсыпаць грунтавую дарогу па вуліцы Рачной, на ўездзе ў аграгарадок. Уладзімір Аляксандравіч запэўніў мужчыну ў тым, што пытанне будзе вырашана і адразу звязаўся з дырэктарам ААТ “Граніт-Агра”, на балансе якога знаходзіцца сельская дарога, Станіславам Мазурам. Кіраўнік гаспадаркі паабяцаў дэпутату, што работа будзе выканана ў бліжэйшы час.

Званок з пасёлка Казлоўшчына нагадаў пра заўжды актуальную праблему добраўпарадкавання могілак. Нягледзячы на тое, што ў сельсавеце пастаянна шмат робіцца ў гэтым напрамку, прыродная стыхія ўносіць свае карэктывы. Мясцовая жыхарка, якая сабралася ўсталяваць помнік на магіле родных, выказала хваляванне, што на яго могуць упасці аварыйныя дрэвы, якія растуць побач.

Дэпутат пасля завяршэння прамой лініі адразу ж выехаў у Казлоўшчыну, дзе абмеркаваў са старшынёй сельвыканкама Вадзімам Бяляткам і намеснікам начальніка казлоўшчынскага ўчастка Дзятлаўскага РУП ЖКГ Леанідам Роўбам магчымасці вырашэння праблемы. У час сустрэчы размова таксама ішла пра надзённыя справы камунальнікаў і падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: