Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 5 па 11 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 90 паведамленняў, 5 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 28 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 57 – аб іншых здарэннях. Узбуджана 4 крымінальныя справы.

У дом наведаліся злодзеі

Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу маёмасці, які адбыўся ў вёсцы Разважжа ў сёлетнім красавіку. З дома мясцовага жыхара былі скрадзены стацыянарны тэлефон, цюнар, тры мабільныя тэлефоны і DVD-прайгравальнік “Віцязь” на агульную суму 150 рублёў.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжу, паведамляць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

З нажом на сужыцеля

На грамадзянку Азербайджана, якая незаконна знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны, узбуджана крымінальная справа. У час сваркі са сваім сужыцелем жанчына адзін раз ударыла яго нажом у грудзі, чым нанесла лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Злодзей “пачысціў” картку

Чарговай ахвярай інтэрнэт-злодзея стала наша зямлячка з Наваельні. З карт-рахунка жанчыны, адкрытага ў ААТ “Беларусбанк”, невядомы зламыснік з інтэрнэт-прасторы скраў 500 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Штраф замест пірагоў

На прысядзібным участку пенсіянеркі з вёскі Парэчча міліцыя знайшла і знішчыла 1,4 кілаграма алейнага маку. Праваахоўнікі вынеслі пастанаўленне аб накладанні адміністрацыйнага спагнання на гаспадыню агарода.

Без суправаджальных дакументаў – нельга

На вуліцы Слонімскай у горадзе Дзятлаве дзяржаўтаінспекцыяй была спынена машына “Фольксваген Пасат” жыхара Івацэвіцкага раёна. Мужчына вёз у прычэпе без суправаджальных дакументаў 143 кілаграмы бытавога лому чорнага металу. Праводзіцца праверка.

Без работы, але з мукой

11 ліпеня паблізу адной з малочнатаварных фермаў раёна быў затрыманы беспрацоўны мужчына, які скраў з сельскагаспадарчага аб’екта 180 кілаграмаў мукі на 57 рублёў. На злодзея складзены адміністрацыйны пратакол.

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga