Дзятлаўшчына стала пляцоўкай для абласнога семінара, які сабраў дырэктараў і кіраўнікоў аддзелаў метадычнай работы дамоў, цэнтраў, палацаў культуры і народнай творчасці горада Гродна і раёнаў Прынёмання.
Калегі па творчым цэху дзеляцца вопытам работы па тэме: “Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці клубных устаноў па арганізацыі вольнага часу людзей розных узроставых катэгорый. Сацыяльна-творчыя праекты і акцыі”.
Знаёмства гасцей з нашым раёнам і вядомымі дзятлаўчанамі пачалося ў фае Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася выстава работ знакамітага земляка, члена Саюза мастакоў Беларусі, мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага пад назвай “Тварэнні рук, сагрэтыя цяплом”.
На пачатку сустрэчы ўдзельнікаў семінара чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: іх гасцінна запрасілі падмацавацца цёплым чаем і пакаштаваць традыцыйныя прысмакі нацыянальнай кухні на выставе-дэгустацыі страў “Парады бабуляў – майстэрства ўнукаў”.
З галоўнымі старонкамі гісторыі Дзятлаўшчыны і важнымі дасягненнямі нашага раёна на сучасным этапе развіцця ўдзельнікаў семінара пазнаёміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў работнікам культуры Прынёмання паспяховага абмену вопытам і новых творчых ідэй.
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч зазначыла, што Дзятлаўшчына не выпадкова была выбрана пляцоўкай для семінару: па выніках работы галіны культуры ў 2020 годзе раён заняў першае месца ў вобласці ў сваёй падгрупе, мае цікавы вопыт прэзентацыі сваіх напрацовак у інтэрнэт-прасторы.
Алена Віктараўна заклікала прысутных у час семінара пастарацца занатаваць для сябе лепшыя ідэі і формы работы дзятлаўчан, каб затым выкарыстаць іх ва ўласнай практыцы або пакласці ў аснову новых праектаў.
Модная калекцыя на трэці ўзрост і сакрэты даўгалецця
Звяртаючыся да творчага вопыту нашага раёна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова падкрэсліла, што ўстановы культуры Дзятлаўшчыны – не толькі пляцоўкі для правядзення мерапрыемстваў, але і тыя месцы, дзе праходзяць многія значныя падзеі жыцця насельніцтва, таму яны павінны быць цікавыя людзям. У наш час розныя ўзроставыя катэгорыі жыхароў маюць свае інтарэсы і патрэбы, што абавязкова неабходна ўлічваць работнікам культуры. Знаць запыты людзей, прадбачыць іх змяненні і гнутка рэагаваць новымі формамі работы стараюцца спецыялісты сферы культуры Дзятлаўскага раёна.
Як гэта адбываецца і якія творчыя праекты і акцыі рэалізоўваюцца на Дзятлаўшчыне, расказала дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская. Яна зазначыла, што прыярытэтам у рабоце з’яўляецца захаванне культурных традыцый і далучэнне насельніцтва да аматарскай творчасці, развіваць якую дапамагаюць 83 фарміраванні, дзе займаюцца 704 чалавекі розных узроставых катэгорый. На Дзятлаўшчыне рэалізоўваюцца творчыя культурныя праекты: “Тваё лета”, “Глыбінкай жыве Беларусь”, “Дзеці. Моладзь. Сям’я”, “Народнаму скарбу – век векаваць”, “З вытокаў народных”, “Дбайных людзей славім, весела час бавім”. У раёне налічваецца 15 калектываў, удастоеных званняў “узорны” і “народны”. Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт народных аматарскіх калектываў вёсак Ахонава, Студзераўшчына, Погіры. Каб прысутныя ўпэўніліся ў гэтым, на сцэну запрасілі погірскіх спявачак.
Назвала Наталля Маліноўская і адметныя для нашага раёна мерапрыемствы. Сярод іх фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, вечар адпачынку для моладзі “Святкі.by”, конкурс грацыі і прыгажосці “Краса Дзятлаўшчыны”, вулічны капуснік “Тваё лета” і іншыя.
Аб тым, як культурнае жыццё падтрымліваецца ў маланаселеных і аддаленых вёсках, дзе няма сваіх клубаў, расказала загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Пад эгідай сектара не толькі працуюць аматарскія аб’яднанні, але рэалізоўваецца культурны праект Года малой радзімы “Глыбінкай жыве Беларусь”. Пачынаўся ён са знаёмстваў са старастамі вёсак і ўшанаванняў юбіляраў, аднак высветлілася, што ў раёне шмат доўгажыхароў, якія рады падзяліцца сакрэтамі даўгалецця. Па выніках культурна-пазнавальных экспедыцый сектара на старонках раённай газеты “Перамога” надрукавана 28 артыкулаў.
На прыкладзе Ганна Харлінская прадэманстравала, што можа атрымацца, калі ў людзей з вопытам ёсць ніткі, швейная машынка, фантазія і залатыя рукі. Калекцыю адзення падрыхтавалі ўдзельнікі клуба для пажылых людзей “Мудрыя сэрцам”, што дзейнічае на базе сектара. Удзельнікі семінара сустракалі дэфіле “Мода на трэці ўзрост” дружнымі апладысментамі.
Лета. Сонца. Мора творчасці!
Формулу самага яркага і цікавага лета ўдзельнікі абласнога семінара знайшлі ў творчых лабараторыях па рэалізацыі сацыяльна-культурнага праекта “Тваё лета”.
Дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская прапанавала наведаць фотасушку “Лета ў кадры” і ацаніць сабраныя тут фотаздымкі. Педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня прадэманстравала выставу творчасці сваіх выхаванцаў і правяла майстар-клас. Мастацкі кіраўнік узорнага тэатра гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” Іван Каско запрасіў гасцей у казку і расказаў, як ствараліся лялькі і якія пастаноўкі сёння падабаюцца гледачам. Кіраўнік гуртка мастацкай пластыкі “Грацыя” Ала Аблажэй прапанавала станцаваць зумбу, пасля якой асабліва прыемна было зазірнуць у летнюю фітааптэку.
Ад бітвы дыджэяў да юраўскага карагода
У кінатэатры “Спадарожнік” удзельнікі семінара даведаліся аб рэалізацыі сацыяльна-культурнага праекта “Дзеці. Моладзь. Сям’я”, убачылі вулічную інтэрактыўную пляцоўку для юных спартсменаў і ацанілі клубную бітву дыджэяў “DJ BATTLE”.
Далейшы шлях работнікаў культуры Прынёмання ляжаў у аграгарадок Жукоўшчына. Тут ім прадэманстравалі, як у рамках этнапраектаў “Народнаму скарбу – век векаваць” і “З вытокаў народных” на Дзятлаўшчыне захоўваюцца і перадаюцца традыцыі продкаў. Артысты Дварэцкага дома культуры здзіўлялі гасцей фальклорна-інтэрактыўнай праграмай “Юраўскі карагод”, а ў Гезгалах іх сустракалі сямейна-бытавым абрадам “Уваходзіны”. Сакрэты народных святаў і абрадаў у нашым раёне зберагаюць і прадаўжаюць загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец, загадчык Жукоўшчынскага дома культуры Іван Кашко, удзельнікі народнага фальклорнага гурта і яго мастацкі кіраўнік Тамара Ступак, загадчыца Гезгалаўскага дома культуры Святлана Русак, народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” і яго мастацкі кіраўнік Таццяна Янушкевіч.
Сваімі ўражаннямі, меркаваннямі, вопытам работы ў раёнах і планамі надалей удзельнікі семінара падзяліліся за круглым сталом.
Яго вынікі падвяла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, якая падкрэсліла, што час актыўна ідзе наперад, і, каб спецыялісты сферы ведалі патрэбы сваёй аўдыторыі, ім неабходна наладжваць зваротную сувязь з насельніцтвам.
Ганчарная майстэрня і правінцыяльны баль
Для знаёмства з сацыяльна-культурным праектам “Жыццё – творчасць, творчасць – жыццё” ўдзельнікам абласнога семінара давялося ажыццявіць яшчэ адзін пераезд, на гэты раз у гарадскі пасёлак Наваельня.
Далучэнне новаяльнянцаў да культурнага жыцця адбываецца праз цікавыя формы ўзаемадзеяння. Як менавіта, госці даведаліся, зазірнуўшы ў ганчарную майстэрню мясцовага мастака Анатоля Кардаша і пабачыўшы выступленне народнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Івана Сапегі.
Загадчыца Новаяльнянскага дома культуры Галіна Сушко і Анатоль Кардаш, які таксама з’яўляецца мастацкім кіраўніком танцавальнага аб’яднання “Эпатажны блюз”, расказалі, як дзякуючы адраджэнню і папулярызацыі бальнай культуры ў гарадскога пасёлка Наваельня з’явіўся свой брэнд. А гасцям пашчасціла пабываць на Радзівілаўскім балі, станцаваць паланэз, венскі вальс, польскі контрданс, конскі бранль, фігурны вальс, згуляць у фанты.
Падводзячы вынікі семінара, Алена Клімовіч зазначыла, што і яна, і ўсе ўдзельнікі сустрэчы пакідаюць Дзятлаўшчыну з важкім багажом незабыўных уражанняў і станоўчых эмоцый.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga